Эканоміка

Улады абавязаліся павысіць тарыфы на праезд і паслугі ЖКГ

У Беларусі ў 2011 годзе будзе працягвацца правядзенне жорсткай бюджэтнай палітыкі.

Пра гэта гаворыцца ў матрыцы рэформ, якія ўрад і Нацбанк паабяцалі рэалізаваць для атрымання крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 3 млрд. долараў на працягу двух з паловай гадоў.

Урад паведамляе аб прынятым рашэнні абмежаваць дэфіцыт бюджэту сектара дзяржкіравання да 1,5% да ВУП у гэтым годзе з далейшым скарачэннем да 1% да ВУП у 2013 годзе.

У галіне падатковай палітыкі ўрад рэалізоўвае меры бюджэтнай кансалідацыі даходаў. У прыватнасці, ён забяспечыць дадатковае забіранне даходаў сыравінных галін, павялічыўшы ў першым паўгоддзі 2011 года стаўкі экспартных пошлін на калійныя ўгнаенні (у 1,5 разу); у другім паўгоддзі 2011 года — стаўкі падатку на здабычу калійнай солі (у 12 разоў) і сырой нафты (у 30 разоў).

У сферы бюджэтнай палітыкі ўрад рэалізуе меры эканоміі расходаў. Запланавана, у прыватнасці, што ў 2012—2013 гадах удзельная вага зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы ў агульным аб’ёме расходаў кансалідаванага бюджэту застанецца на ўзроўні 2011 года.

Прадугледжана таксама павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і паслугі пасажырскага транспарту.

У прыватнасці, тарыфы на ЖКП для насельніцтва будуць паслядоўна павялічвацца да ўзроўню, які забяспечвае пакрыццё за кошт сродкаў насельніцтва не менш як 30% расходаў на іх аказанне ў 2011 годзе, 35% — у 2012 годзе, 40% — у 2013 годзе. Пры гэтым пакрыццё насельніцтвам расходаў па асобных відах жыллёва-камунальных паслуг, а таксама іх звышнарматыўнага спажывання будзе даведзена да ўзроўню іх сабекошту.

Тарыфы на паслугі пасажырскага транспарту (гарадскія і прыгарадныя пасажырскія перавозкі аўтамабільным, гарадскім электрычным, унутраным водным транспартам і метрапалітэнам) будуць паслядоўна павялічвацца да ўзроўню, які забяспечвае пакрыццё да канца 2011 года 70% расходаў на іх аказанне. У 2012 годзе ўзровень тарыфаў на паслугі транспарту павінен будзе пакрываць не менш як 85% расходаў на аказанне такіх паслуг, у 2013-м — не менш як 90%.

Паводле: nn.by

Пакінуць адказ