Categories: Адукацыя

У Берасці пачаўся набор дзяцей у бела- рускамоўныя класы

На Берасцейшчыне  з 607 агульнаадукацыйных устаноў у 334 (55 %) выкладанне прадметаў вядзецца на беларускай мове. Але ў Берасці навучанне на роднай мове арганізавана толькі ў гімназіі № 3.

І вось у гэтым годзе дзве берасцейскія сям´і прыкладаюць намаганні, каб іх дзеці-першакласнікі вучыліся на мове сваіх продкаў. Ініцыятыва стварэння ў дзвюх школах горада (у Ленінскім і Маскоўскім раёнах) беларускамоўных класаў знаходзіць падтрымку ў адміністрацыі гэтых тэрытарыяльных адзінак.

Магчыма, калі-небудзь жыхары «Рэчыцы» будуць ганарыцца тым, што менавіта ў іх мікрараёне ў пачатку XXI стагоддзя склаўся беларускамоўны асяродак. Тут знаходзіцца гімназія № 3, тут ёсць дзіцячыя садкі, дзе ў некаторых групах спрабуюць арганізаваць выхаванне «па-беларуску», тут у школе № 27 (вул. Адамкоўская, 58) у новым навучальным годзе, магчыма, з´явіцца першы з таго часу, калі ў нас былі ўзаконены дзве дзяржаўныя мовы, беларускамоўны клас.

Менавіта на вуліцы Адамкоўскай жыве сям´я Сяргея і Ларысы Божык. У іх чацвёра дзяцей. Шасцігадовая Валянціна ў новым навучальным годзе пойдзе ў першы клас. Бацькі жадаюць, каб дзяўчынка, якая добра падрыхтавана, гаворыць на беларускай і рускай мовах, вучылася ў школе № 27 на «Рэчыцы». Па-першае, гэта блізка ад дому, па-другое, на думку бацькоў, веды тут даюць трывалыя. Акрамя таго, школа магла б стаць тым цэнтрам, вакол якога фарміравалася б беларускамоўнае асяроддзе ў бліжэйшых дзіцячых садках (№ 35, 46, 61). Педагогі гатовы падтрымаць ініцыятыву Божыкаў.

Што думаюць наконт гэтага ў самой школе? Дырэктар Валянціна Паюк – толькі «за». Яна кажа, што ў школе ёсць настаўніца пачатковых класаў першай катэгорыі, якая добра валодае беларускай мовай, знойдуцца і падручнікі. Было б толькі жаданне бацькоў. Пры наяўнасці сродкаў тут гатовы і аднаго чалавека вучыць. Чаму ж тады Сяргей Божык гаворыць пра «мяккае супраціўленне», з якім ставяцца адказныя асобы да ініцыятывы адкрыць у новым навучальным годзе беларускамоўныя класы?

Па-першае, Валянціна Паюк выказала думку: літаральна за некалькі метраў ад іх школы знаходзіцца гімназія № 3 з мастацкім ухілам, дзе выкладанне ў пачатковых класах вядзецца па-беларуску, дык чаму б не адправіць туды першакласніцу? У той жа час дырэктар 3-й гімназіі Інэса Кузьміч пацвердзіла думку бацькоў: каб паспяхова вучыцца ў гімназіі з музычна-харэаграфічным накірункам, дзіця павінна мець пэўныя мастацкія здольнасці. І тое, што ў суседняй школе будзе набірацца беларускамоўны клас, гімназіі ніяк не пашкодзіць.

Пасля гутаркі з дырэктарам СШ № 27 Валянцінай Паюк Сяргей Божык пабываў у школе на бацькоўскім сходзе па выніках года. Яго ўразіла, што ні слова не было сказана пра стварэнне беларускамоўнага класа. І толькі калі з залы прагучала канкрэтнае пытанне, завуч пацвердзіла: так, ініцыятыва такая ёсць.

Ці адбудзецца ўсё-такі задуманае неабыякавымі бацькамі, залежыць і ад заснавальніка ўстановы адукацыі (у дадзеным выпадку гарвыканкама), які, згодна з новым Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, вызначае мову навучання і выхавання.

Пасля ўсіх сустрэч і размоў засталося ўражанне, што пытанне аб стварэнні беларускамоўнага класа можна вырашыць. Толькі сёння, улічваючы стан беларускай мовы (што стала вынікам шматгадовай палітыкі звужэння сферы яе ўжывання), мала быць проста «не супраць» – трэба хварэць за гэта душой. Так, як Сяргей Божык. Урач-тэрапеўт родам з Камянецкага раёна кажа: «Беларуская мова блізкая мне з маленства. Ад бабулі я чуў словы «бэз», «слоік», «тата» – і ніяк іначай. Дык чаму наша пакаленне павінна спакойна назіраць, як гіне беларуская мова?..»

Каб не дапусціць гэтага, ён будзе, ахвяруючы ўласным часам, сустракацца з бацькамі ў СШ № 27 у час падачы заяў (з 1 чэрвеня) і шукаць аднадумцаў.

У школе № 34 г. Берасця і ў некаторых дзіцячых садках у мікрараёне «Усход» з´явіліся аб´явы: зварот да бацькоў, зацікаўленых у тым, каб іх дзеці з першага класа вучыліся на беларускай мове. У ім гаворыцца, што такія бацькі могуць падаць заяву на імя дырэктара школы № 34 аб залічэнні іх дзіцяці ў элітны клас з беларускай мовай навучання. Аўтары звароту Уладзімір і Маргарыта Вялічкіны тлумачаць, чаму такі клас можна лічыць «элітным». «Калі школьнікі атрымліваюць адукацыю на беларускай мове ў рускамоўным асяроддзі, на фоне супастаўлення дзвюх моў у іх развіваюцца эрудыцыя і кругагляд, мысленне і памяць. Навучанне на беларускай мове дае магчымасць больш лёгка вывучаць замежныя мовы. Беларуская мова – гэта выратавальны мост, які дазваляе большасці вучняў лепш засвойваць еўрапейскія мовы, бо яна ўтрымлівае мноства слоў з агульнаеўрапейскімі каранямі. Які хочаце беларус лёгка паразумеецца з палякам і ўкраінцам без перакладчыка.

Зараз выразна відаць тэндэнцыю вяртання да нацыянальнай ідэі, нястачу беларускай мовы ў дзяржаўных установах і бізнес-асяроддзі. Сёння як ніколі востра патрэбны кадры, якія не толькі валодаюць замежнымі мовамі, але і здольныя годна рэпрэзентаваць краіну на міжнародным узроўні».

Шасцігадовы сын Вялічкіных Францішак зараз рыхтуецца пайсці ў першы клас, і бацькі жадаюць, каб ён вучыўся на роднай мове. На свой зварот у адміністрацыю Маскоўскага раёна Берасця яны атрымалі станоўчы адказ:

«Аддзел адукацыі Маскоўскага раёна Берасця паведамляе, што Ваша просьба будзе задаволена. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» (артыкул 33 п.6 і артыкул 34 п. 4) на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Пачатковая агульнаадукацыйная школа № 34 г. Берасця» будзе адкрыты першы беларускамоўны клас з выкладаннем усіх прадметаў на роднай мове». Ліст падпісаны намеснікам старшыні адміністрацыі А. Уласаўцом.

Паводле: vb.by

 

dzedzich

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago