Грамадства

Жыхара Берасця абвінавач- ваюць у тэракце

Ігар Нікалаеў, выпускнік Берасцейскага  тэхнічнага універсітэта, на днях атрымаў дыплом  і позву ў войска. Аднак у войска ён не пойдзе.

Маё дзіця , 11 ліпеня павінна быць у ваенкамаце.  Натуральна, у Беларусі яго ўжо няма. Мы яго вывезлі адсюль. Я не хачу, каб ён паўтарыў лёс тых, каго пасадзілі на 5-6 гадоў… За тры дні ён стаў не толькі “тэрарыстам”, але ўжо і дэзерцірам – кажа Ніна Нікалаева, маці Ігара.

– 3 ліпеня на “маўклівай акцыі” сына спрабавалі затрымаць невядомыя “брытагаловыя”, але яго адбілі людзі. Дом Нікалаевых ноччу пільнавалі невядомыя. Назаўтра следчыя правялі ператрус, забралі з дома камп’ютары і ноўтбук. Суседзям сказалі, што Ігар належыць да “тэрарыстычнай секты”. Бацьку патлумачылі, што Ігара падазраюць у нападзе на нейкі будынак у Менску 15 траўня. Маўляў, “калі не быў у Менску, значыць, кіраваў на дыстанцыі праз камп’ютар” – паведаміў Аляксандр Нікалаеў, бацька Ігара.

Нагадаем, што 15 траўня невядомыя кінулі бутэльку з запальнай сумессю ў Дом правасуддзя, дзе ішлі суды па “справе 19 снежня”.

Берасцейскія праваабаронцы лічаць справу Нікалаева звычайнай помстай спецслужбаў, якім не ўдалося затрымаць хлопца 3 ліпеня.

Паводле: Еўрарадыё

Фота: nn.by

Пакінуць адказ