Культура

ШОС у цэнтры Берасця

«Бамбаваць» на слэнгу прыхільнікаў графіці азначае ўзяць у рукі некалькі балончыкаў фарбы і ступіць у мір, дзе шмат сцен, платоў і іншых вертыкальна стаялых канструкцый.  А далей – справа тэхнікі.

Менавіта прыхільнікаў такой дзейнасці ў Берасці ў апошні час становіцца ўсё болей і болей. Але тэматыка “бомбераў” (“тэгі”, назовы суполак, аўтографы) крыху змянілася. Цяпер можна сустрэць і графіці, галоўнай тэматыкай якіх з’яўляецца палітыка.

Так, некалькі месяцаў таму на будынку абласной пракуратуры з’явіўся сімвал анархіі. Учора, 22 ліпеня, каля прыпынка грамадскага транспарта “Гімназія”, што на вуліцы Карла Маркса з’явіўся надпіс Ш.О.С!

Цікава  тое, што надпіс Ш.О.С! упрыгожвае будынак ужо другі дзень, у той час калі са сцен пракуратуры сімвал анархіі знік праз некалькі гадзін.

Чаму? Варыянтаў шмат. Спачатку я падумаў, што ў нашай краіне крызіс, і ў ЖЭСа скончыліся сродкі, з дапамогай якіх можна ліквідыраваць гэты надпіс. Але гэты варыянт не магчымы, так як наш прэзідэнт (гарант Канстытуцыі РБ) казаў, што ў нас крызісу няма, а ёсць паніка і ажыятаж. Таму найбольш верагодны варыянт наступны: палітычныя погляды супрацоўнікаў ЖЭСа супадаюць з палітычнымі поглядамі “бомбера”. І гэта не дзіва: сённяшняя эканамічная і палітычная сітуацыя спрыяе гэтаму.

Цікава яшчэ на прыпынку “Гімназіія” паназіраць за мінакамі, якія раптам заўважаюць такі незвычайны малюнак. Адны ўсміхаюцца, другія пачынаюць расказваць сябрам, што гэта значыць, нехта фатаграфуе на мабільны тэлефон, некаторыя супыняюцца і праз некалькі секунд хутка пакідаюць тэррыторыю прыпынка (каб ніхто не падумаў, што гэта іх справа).

За малюнкі на сценах хлапчукоў па галаве не гладзяць. Штраф ім пагражае не малы, але яны працягваюць бароцца за лепшую будучыню.

Пакінуць адказ