Моладзь

Якая моладзь не патрэбна нашай дзяржаве?

Моладзь, якая квасіць паціху, жыве раслінай, ні пра што, акрамя клопату аб паесці-папіць-паспаць не задумваецца, – гэта для нашай улады добрая моладзь, да яе няма прэтэнзій.

А вось цікавіцца чалавек палітыкай, захапляецца гісторыяй, маральныя прынцыпы мае, адстойвае іх – гэта вораг. Тут трэба душыць, душыць, хапаць, запалохваць, саджаць… І хапаюць, і саджаюць са ўсёй сілай пралетарскай нянавісці. Нястомна і бесперапынна расстрэльваюць з усіх ідэалагічных прылад, дыскрэдытуюць…

Толькі ўдумайцеся! Прапрэзідэнцкі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ў улады самая любімая арганізацыя. Яе ўсхваляюць, ёй даюць грошы, у яе рэкамендуюць уступаць, а калі не ўступіш – будуць праблемы.

Пры гэтым, паводле агучанай Аляксандрам Лукашэнка інфармацыі, менавіта член  БРСМ пайшоў і падарваў менскае метро. Страшная трагедыя – пятнаццаць загінуўшых, сотні параненых… І усё роўна аб БРСМ ні словы дрэннага. Таму што яны правільныя, прыкормленыя, свае. Іх лідэры на розных мерапрыемствах побач з прэзідэнтам як засядалі, так і засядаюць.

Затое зарэгістраваным у Чэхіі “Маладым фронтам” палохаюць і настаўнікаў, і вучняў, і іх бацькоў. З лідэра гэтай незарэгістраванай у нас арганізацыі Зміцера Дашкевіча ў афіцыёзных пасквілях зрабілі  ледзь не алкаголіка, а напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў як  небяспечнага злачынца зусім упяклі за рашотку. Хоць Дашкевіч зусім не п’е. Ён нават не паліць. Ён нават можа на памяць цытаваць Біблію.

Але менавіта гэтым і небяспечны ўладзе. Таму што ўлада нічога не можа прапанаваць тым, каму блізкі лозунг “Жыве Беларусь!”. Наша ўлада здольная толькі прапанаваць моладзі – чарку і скварку ў абмен на лаяльнасць. Ды напаўголых дзеўчын на прапрэзідэнцкіх, правільных акцыях.

Вы можаце прадставіць, што бы было на беларускіх тэлеканалах, калі бы на якую-небудзь з акцый апазіцыі публіку заваблівала грудастая, амаль голая, дзяўчына?

А калі на сваім мерапрыемстве на Кастрычніцкім пляцы БРСМ выпусціў БРСМавак, у якіх толькі ў некаторых месцах сёе-тое было прыкрытае, гэта нармалёва, гэта вялікая палітыка.

Таму што не можа мець будучыні краіна, дзе небяспечна выхоўваць дзяцей вольнымі, сумленнымі і прынцыповымі людзьмі.

Не можа лічыцца нармалёвай сітуацыя, калі ствараюцца ўсё ўмовы, каб чалавеку было лягчэй спіцца, але не стаць Чалавекам.

Ідучы такім шляхам, мы прыйдзем толькі да таго, што ўсе адэкватныя  людзі проста з’едуць з Беларусі. З’едуць дзеля дзяцей.

Яны ўжо з’язджаюць…

Паводле: nv-online.info

Пакінуць адказ