Адукацыя

Дзе шукаць стыпендыю?

Для студэнтаў, што збіраліся ехаць вучыцца за мяжу, адно з самых складаных пытанняў – дзе ўзяць для гэтага грошы? Фінансавае пытанне нажаль не рытарычнае і патрабуе адказу.Напэўна, для кожнага чалавека, які збіраецца паспрабаваць свае сілы ў замежным універсітэце, фінансавае пытанне з’яўляецца найбольш важным. Пошук стыпендыі – справа складаная і адказная. Тым больш, што універсітэты, часцей за ўсё,  патрабуюць ад будучых студэнтаў фінансавыя гарантыі. Але, неглядзячы на ўсе складанасці і перашкоды, крыніц, якія прапануюць стыпендыі, шмат. Можа нават падацца, што іх надта шмат, таму і заблытацца даволі проста. Таму давайце паглядзім на асноўныя катэгорыі рэсурсаў, якімі карыстаецца большасць студэнтаў у свеце.

Па-першае, гэта асобныя фонды ўніверсітэтаў. У асноўным, буйныя ВНУ маюць даволі вялікую матэрыяльную базу для дапамогі студэнтам. Стыпендыі могуць атрымаць як тыя, хто ўжо пэўны час навучаюцца ва ўніверсітэце, так і абітурыенты, якія мусяць атрымаць фінансавую падтрымку пасля паспяховага залічэння. Па большасці, такія стыпендыі не пакрываюць усіх выдаткаў на навучанне і пражыванне. Гэта могуць быць аднаразовыя выплаты ці зніжкі, напрыклад, на 50% ад кошту навучання. Трапляюцца і поўныя стыпендыі, якія пакрываюць усе выдаткі, але такіх стыпендый мала і конкурс на іх вельмі высокі. Часцей за ўсё, магчымасць атрымаць стыпендыю ёсць у студэнтаў узроўню Магістра і асабліва Ph.D, але бываюць стыпендыі і для бакалаўраў.

Найбольш вялікія магчымасці даюць разнастайныя фундацыі, якія адпавядаюць розным накірункам. Напрыклад, такія арганізацыі могуць прапаноўваць стыпендыі прадстаўнікам пэўных краін ці сацыяльных катэгорый, даследчыкам у якой-небудзь навуковай сферы ці прафессіяналам і кандыдатам з дасягненнямі ў пэўнай галіне грамадскага жыцця. Трэба адзначыць, што магчымасць патрапіць на значную па аб’ёме стыпендыю ў гэтым выпадку больш вялікая.

Яшчэ адной карыснай крыніцай з’яўляюцца ўрадавыя арганізацыі краіны, у якой вы жадаеце атрымаць адукацыю. Прыкладам можа быць DAAD, якая дзейнічае пры дапамозе нямецкага урада. Інфармацыю аб такіх магчымасцях можна набыць у амбасадах ці культурных цэнтрах цікавых вам краін, а таксама на інтэрнэт-старонках гэтых арганізацый.

Як ужо было адзначана вышэй, магчымасці аплаціць сваю адукацыю ёсць, але трэба мець на ўвазе, што вам можа спатрэбіцца дапамога з некалькіх крыніц, таму не трэба ігнараваць невялікія па памерах стыпендыі. Некалькі адносна невялікіх стыпендый не горш, чым адна, але вялікая. Тым больш, што конкурс на апошнія заўсёды значна вышэй. І яшчэ трэба памятаць, што пачынаць пошук трэба як мага раней, бо гэта справа не аднаго мясяца. Ад моманту вашага першага кантакту з фундацыяй да атрымання стыпендыі можа прайсці больш за паўгода.

Поспехаў у пошуках!

Андрэй Русаў для http://adukacyja.info/.

Пакінуць адказ