Музей В.Быкава быў створаны ў 2004 г. па ініцыятыве ветэранаў вайны і працы начале з ветэранам інвалідам вайны 1941–1945 гг. сябрам саюза беларускіх пісьменнікаў Мікалаем Мельнікавым.
Экспазіцыя фарміравалася дзякуючы энтузіазму і зацікаўленнасці неабыякавых да творчасці Быкава людзей. У час калі ад улад нельга было чакаць нейкай дапамогі, шмат прыйшлося перажыць М.А.Мельнікаву, А.С. Дземідовічу, Д.Я.Бічэль, А.П.Госцеву, каб стварыць і зберагчы музей. Але сёння музей знаходзіцца ў занядбанным стане. Невялічкае памяшканне не адпавядае глыбіні, шчырасці і самаадданасці асобы Быкава.
На працягу мінулага года актывісты кампаніі “Гавары праўду” не толькі ў Гародне, але і па ўсёй краіне праводзілі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўшанаванне імя В.Быкава. Было сабрана больш за 100 тыс. подпісаў за перайменаванне адной з вуліц Менска і Гродна ў гонар пісьменніка. Звярталіся з афіцыйнымі лістамі ў гарвыканкам Гродна з патрабаваннем дапамогі музею, усталяванню ганаровай шыльды на доме дзе жыў Быкаў, і надання назве адной з вуліц яго імя.
Лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў асабіста дапамагаў музею, сустракаўся з ветэранамі, збіраў подпісы за з’яўлення вуліцы В.Быкава. 19 чэрвеня 2011 г. у роднай вёсцы пісьменніка ва Ўшацкім раёне Някляеву была ўручана прэмія “За свабоду думкі”, якую Уладзімір Пракопавіч перадаў музею.
У гэты ж дзень у Гародне ўсе жадаючыя маглі прагуляцца “Гарадзенскімі шляхамі Быкава”. Экскурсія распавядала пра гарадзенскі перыяд жыцця і дзейнасці Быкава, амаль каля кожнага дома, дзе ён жыў былі пастаўлены шыльды з напамінам гараджанам, што тут жыў выдатны літаратурны дзеяч.
У выніку ўсіх праведзеных мерапрыемстваў мясцовае кіраванне ўзварухнулася. Гарадзенскі гарвыканкам прапанаваў для пашырэння музейнай прасторы новае памяшканне, за арэнду якога нават на льготных умовах ветэранская арганізацыя не змагла плаціць і таму адмовілася ад яго.
Зараз міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, міністр культуры Павал Латушка, гарадзенскі кіраўнік аблвыканкама Сямён Шапіра запэўніваюць на словах Мікалая Мельнікава аб перадачы музея у памяшканне Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэту ім. Я. Купалы. А таксама ў бліжэйшы час універсітэт павінен выдаць кнігу аб гісторыі стварэння самаго музея. І ўсе гэтыя рашэнні і адпаведныя ім мерапрыемствы ўлады пачалі праводзіць толькі пасля згуртавання грамадства вакол праблемы музея В. Быкава.
У гэтым і заключаецца сутнасць грамадскай супольнасці. Дзяржава існуе для вырашэння праблемаў, якія ставіць перад ёй грамадзяне. І менавіта ад грамадства залежыць дакладнасць, глыбіня і тэрмін вырашэння пастаўленных пытанняў.
Будзем спадзявацца, што музей у новым статусе, пад новым кіраўніцтвам будзе працаваць на поўную моц, прыцягваць увагу грамадства ўжо з асветніцкіх мэтаў. А памяць самога Быкава залежыць толькі ад саміх гарадзенцаў і беларусаў, у тым ліку і тых, хто зараз займае крэслы ва уладзе.
Нагадаем, што ў Гародні Васіль Быкаў пражыў больш 25 гадоў, працаваў у мастацкіх майстрэрнях, затым у “Гарадзенскай праўдзе”, дзе і пачаў свой творчы шлях. Менавіта ў гэтым горадзе Быкаў напісаў свае самыя знакамітыя творы: “Жураўліны крык”, “Трэццяя ракета”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць” ды іншыя.
Паводле: s13
Фота: nashchas.by