Адміністрацыя будынка, у якім месьціцца «Графіці», паведаміла кіраўніцтву клюбу, што ў дзень канцэрту 26 жніўня будуць праводзіцца прафіляктычныя працы па пошуку няспраўнасьці электрычнай сеткі.
«Цяжкасьці ўзьніклі яшчэ падчас канцэрту „Троіцы“ 15 жніўня, тады праз праблемы з электрычнасьцю гурт пачаў граць толькі а 22-й гадзіне», — кажуць у клюбе. Лідэр N.R.M. Піт Паўлаў адмену канцэрту камэнтаваць адмаўляецца.
Гэта ня першы зрыў канцэрту музыкаў з «чорнага сьпісу» ў «Графіці». 21 жніўня там не адбыўся заплянаваны выступ Зьмітра Вайцюшкевіча. Тады адмену таксама патлумачылі рамонтнымі працамі. У панядзелак 29 жніўня ў тым жа «Графіці» мае адбыцца выступ яшчэ аднаго «чорнасьпіскавага» гурту — «Neuro Dubel». Калі й ён не адбудзецца зь нейкіх тэхнічных прычын, то можна будзе канстатаваць, што ў Менску зьнікла апошняе месца, дзе забароненыя музыкі маглі прэзэнтаваць сваю творчасьць.