Экалогія

У Брэсце праходзіць фінал IX РЭФ

Фінал IX Рэспубліканскага экалагічнага форуму адкрыўся 26 жніўня ў Брэсце. Ён прысвечаны аб’яўленаму сёлета Міжнароднаму году лясоў.

У Брэсцкім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у двухдзённым мерапрыемстве бяруць удзел больш за 400 дэлегатаў. У іх ліку — вучоныя, эколагі, прадстаўнікі прыродаахоўных службаў, органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў з Беларусі. На форум таксама запрошаны прадстаўнікі прыродаахоўных службаў Расіі, Украіны, Латвіі, Польшчы.

Праграмай форуму прадугледжаны шэраг асветных і культурна-масавых мерапрыемстваў. У прыватнасці, 26 жніўня адбудуцца рэспубліканскі семінар “Жыццё ў гармоніі з прыродай — шлях у будучыню”, круглы стол “Бізнес: экалагічная адказнасць, перавагі і праблемы інвестыцый у экалогію”.

У гэты ж дзень у Ганцавіцкім раёне на базе Раздзяловіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы пройдзе абласны семінар-нарада школьных лясніцтваў.

У другой палове дня 26 жніўня ў брэсцкіх кінатэатрах “Беларусь” і “1 Мая” пачнецца двухдзённы паказ відэафільмаў на прыродаахоўную тэматыку, адкрыюцца кніжная экспазіцыя і фотавыстава.

Асноўныя мерапрыемствы фіналу IX Рэспубліканскага экалагічнага форуму пройдуць 27 жніўня.

Раніцай адбудзецца экалагічная акцыя, падчас якой будзе пасаджана алея дрэў у скверы на скрыжаванні вуліц Гогаля і Зубачова.

Затым у гарадскім парку культуры і адпачынку імя 1 Мая пройдзе цырымонія адкрыцця фіналу, будуць прэзентаваны канцэртныя праграмы, прысвечаная Міжнароднаму году лясоў выстава “Сучасныя тэхналогіі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання”.

На пешаходнай вуліцы Савецкай пачне працаваць “Горад майстроў”, будуць праведзены майстар-класы па ганчарнай справе, каванні, выцінанцы, ткацтве, пляценні паясоў, роспісе па шклу. Тут жа можна будзе паглядзець выставы экалагічных плакатаў, канцэрты з удзелам экалагічных тэатраў рэгіёну.

На цырымоніі закрыцця форуму будуць уручаны ўзнагароды пераможцам рэспубліканскіх экалагічных конкурсаў.

Брэст упершыню прымае такі форум. Яго арганізатары — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Брэсцкі аблвыканкам і Брэсцкі гарвыканкам. Асноўнай мэтай мерапрыемства з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання.

 

0 Comments

Пакінуць адказ