У Берасці пачаў працу беларускамоўны клас, які ўтвораны з ініцыятывы бацькоў. Клас з пяці вучняў паўстаў на базе пачатковай школы №34.
Навучанне ў гэтай школе праходзіць па пяты клас – пасля таго дзеці звычайна ідуць у гімназію №2, якая побач школы.
Бацькі-арганізатары розным чынам заклікалі берасцейцаў далучацца да стварэння беларускамоўнага класа, казалі аб плюсах, што гэта будачая эліта, дзеці лепш успрымаюць веды. Але пакуль ёсць толькі пяць жадаючых. Адміністрацыя паведаміла, што прыём не завершаны.
Дырэктар Аксана Івашова адзначыла, што галоўнае – гэта жаданне бацькоў і каб не было ніякага прымусу, бо ў нашай краіне няма моўнага пытання:
– Былі спробы, ведаеце, казалі: трэба пераходзіць, давайце пяройдзем усе разам. А зараз – гэта па заявах бацькоў. Калі яны захочуць – дзеці будуць хадзіць у такі клас, у нашай дзяржаве так дазволена, у нас двухмоўе.
Класны кіраўнік 1 “Б” Лідзія Міранюк вітае памкненне бацькоў, але паводле яе слоў, не хапае беларускамоўных настаўнікаў, якія б маглі выкладаць фізіку, матэматыку:
– У нас няма падрыхтаваных настаўнікаў, каб у старэйшых класах вялі ўсе прадметы. У пачатковай школе лягчэй, там усе настаўнікі вывучалі.
Берасцейскае кіраўніцтва зазначае, што няма ніякіх праблем з беларускай мовай і ўсё залежыць ад бацькоў.
Паводле: Радыё Рацыя