Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры выключыла з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей шэраг будынкаў у гістарычным цэнтры Пінска.
Адбылося гэтае з-за патрабаванняў мясцовых улад, якім супрацьстаялі гісторыкі і абаронцы спадчыны.
Выканкам папрасіў. Рада пагадзілася.
Выязное пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры (далей — Рада) адбылося з ініцыятывы старшыні Пінскага гарвыканкама Аляксандра Гордзіча і па распараджэнні міністра культуры Паўла Латушкі, які наведаў сталіцу Палесся ў траўні. Прычынай збору Рады сталі працяглыя рознагалоссі ў ацэнцы значнасці асобных будынкаў у гістарычным цэнтры паміж мясцовымі ўладамі і сталічнымі навукоўцамі.
У выніку выязнога пасяджэння Рада на чале з намеснікам міністра культуры Віктарам Курашам дазволіла знесці дом № 2 на вуліцы Іркуцка-Пінскай дывізіі, пустуючы будынак на Завальнай, 27, у непасрэднай блізкасці ад якога пройдзе пяціпалосная праезная частка. А фасад дома на Першамайскай, 34, які перашкаджае будаўніцтву дарогі, будзе знесены з наступным аднаўленнем на новым месцы ў гістарычным цэнтры.
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у адкрытым лісце да Паўла Латушкі назваў рашэнне Рады незаконным.
“Навукова-метадычная рада ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей па вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 2 і па вул. Завальнай, 27 пры пазбаўленні іх статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці кіравалася, па-першае, тэхнічным станам будынкаў, што незаконна, а па-другое — пракладкай новай магістралі ў гістарычным цэнтры Пінска, — адзначае Астаповіч у звароце. — Гістарычны цэнтр Пінска сам па сабе з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2 катэгорыі, дзе пад аховай дзяржавы знаходзяцца не толькі будынкі і збудаванні, але і самы галоўны кампанент гістарычных цэнтраў — гістарычная планіровачная структура, якая будзе парушана пабудовай новай магістралі”.
Старшыня аб’яднання таксама адзначае, што практыка ўзгадненняў з парушэннямі заканадаўства з боку навукова-метадычнай рады і ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны сталі сістэматычнымі, пра што неаднаразова паведамлялася міністру культуры. Да таго ж на некалькі зваротаў Таварыства аховы помнікаў, што былі накіраваны да чыноўнікаў Мінкультуры яшчэ ў траўні, дагэтуль няма афіцыйных адказаў. Гэта таксама ёсць парушэнне закона.
“Навукова-метадычная ж рада як кансультатыўны орган не выконвае свае задачы ў межах заканадаўства, — напісаў Астаповіч у лісце да Латушкі. — Яна ператварылася ў орган узаконьвання магчымых і немагчымых парушэнняў, нават знішчэння помнікаў. Усе недахопы і парушэнні — гэта ваша персанальная адказнасць як міністра культуры, адказнасць юрыдычная і, самае галоўнае, маральная”.
На думку эксперта, у Міністэрстве культуры склалася “вельмі негатыўная тэндэнцыя татальнага невыканання заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. І, як гэта ні прыкра, згаданая тэндэнцыя ўзмацняецца на фоне Вашых рэгулярных афіцыйных заяў, у якіх ахова спадчыны называецца прыярытэтным кірункам работы міністэрства, якое Вы ўзначальваеце”.
Антон Астаповіч заклікаў Паўла Латушку “навесці прававы парадак” у рабоце ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі і Рады, а таксама запатрабаваў прыцягнуць да адказнасці намесніка міністра Кураша і начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Чарняўскага за невыкананне сваіх абавязкаў і нарматыўных прававых актаў.
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…