Сёння берасцейскія кіроўцы ў рамках акцыі “Дзень без аўтамабіля” праехаць у грамадскім транспарце бясплатна не змаглі, нават пры ўмове, што прад’явяць кіроўчае пасведчанне або тэхпаспарт на сваё аўто.
Пра гэта паведамілі супрацоўнікі кантрольна-рэвізорнай службы:
– Пра тое, што сёння ўведзена аднадзённая ільгота на праезд кіроўцам, мы не ведаем. Нам аніякага загада не давалі. А калі хто-небудзь замест квітка пакажа пасведчанне або тэхпаспарт, прыдзецца яму заплаціць штраф.
Будзем спадявацца, што тыя людзі, якія паверылі начальніку аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю – прэс-сакратару Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алене Пенязь, якая сцвярджала, што праезд для кіроўцаў у грамадскім транспарце Менскай, Берасцейскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцей, а таксама ў Менску 22 верасня 2011 года будзе бясплатным, не сустрэнуць супрацоўнікаў кантрольна-рэвізорнай службы.