Еўраклуб

“Праход забаронены” для Беларусі

Што перашкаджае Беларусі пайсці па шляху дэмакратызацыі ды эўрапеізацыі? Аб гэтым далей…

Алесь Лагвінец: “Што трэба рабіць ЭЗ? Спачатку Брусэль павінен адказаць, ці сапраўды ён зацікаўлены ў дэмакратызацыі ды эўрапеізацыі Беларусі і ці гатовы ён мець уласны парадак дня, не пагаджаюся прызнаваць за Масквой права апошняга слова адносна характару і кірунку непазьбежных зьменаў у Беларусі”

Абраць шлях, якім прайшлі яе заходнія і паўночныя суседзі, перашкаджае Беларусі спалучэнне шэрагу чыннікаў. Эўрапейскі звяз у сваіх спробах паспрыяць яе дэмакратызацыі мусіць іх улічваць, аднак не разглядаць як прадвызначальныя.

Палітычны рэжым

За 17 гадоў пры ўладзе Лукашэнка стварыў у дзяржаве моцна цэнтралізаваную сыстэму кіравання, дзе раз’дзялення ўладаў фактычна не існуе, а ўсе найважнейшыя рашэнні прымае ён сам. Любая дэцэнтралізацыя ўлады, напрыклад, правядзенне свабодных выбараў у парламэнт, як гэтага патрабуе Эўрапейскі звяз, можа абмежаваць паўнамоцтвы дыктатара і тым самым стварыць пагрозу яго адхілення.

Такую самую небяспеку ён бачыць і ў пашырэнні свабоды слова. Ёсць падставы меркаваць, што Лукашэнка і яго прыбліжаныя спрычыніліся да забойства некалькіх сваіх палітычных апанентаў, а таксама да вялікіх фінансавых махінацыяў, а таму вельмі баяцца, што ў выпадку зыходу з улады іх прыцягнуць да адказнасці.

Гэтыя акалічнасці істотна звужаюць магчымасці мірнага выйсця з аўтарытарызму праз заключэнне пагаднення паміж аўтарытарнай элітай і апазыцыяй.

Пакуль Лукашэнка знаходзіцца ў дастаткова добрай фізычнай форме, каб трымаць уладу, у Беларусі не трэба чакаць істотнага пашырэння грамадзянскіх свабодаў.

Адзінае, на што можна спадзявацца, гэта на змяншэнне рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці. У выніку дыялогу 2008–2010 гадоў Эўразвяз дасягнуў у гэтым кірунку пэўнага прагрэсу, але рэпрэсіі 19 снежня 2010 году і пасля адкінулі сытуацыю далёка назад.

З іншага боку, практыка паказала, што беларускі рэжым здольны да пэўнай эвалюцыі. Ёсць імавернасць, што пад ціскам эканамічнага крызысу і пагаршэння ўмоваў гандлю з Расеяй беларускія ўлады будуць вымушаныя, прынамсі часова, зменшыць свой кантроль над гаспадаркай, палепшыць умовы вядзення бізнэсу і спрабаваць праводзіць асцярожную прыватызацыю. Хаця яны і разумеюць, што эканамічная лібэралізацыя спрычыніцца да большага ўплыву на іх як грамадзтва, так і вонкавых гульцоў.

Нерэфармаваная эканоміка

Менавіта таму нерэфармаваная структура эканомікі па-ранейшаму застаецца адной з галоўных перашкодаў на шляху да дэмакратызацыі. Беларуская гаспадарка не эфэктыўная і робіць краіну экстрэмальна залежнай ад кан’юнктуры на знешніх рынках, але затое дазваляе аўтарытарнаму кіраўніцтву ўтрымліваць уладу.

Рэформы такой сыстэмы неабходныя, але яны непазбежна прывядуць да росту беспрацоўя і падзення ўзроўню жыцця вельмі значнай часткі насельніцтва.

Аснову беларускай эканомікі па-ранейшаму складае дзяржаўны сектар. У ім вырабляецца каля 75% ВУП краіны. Прыватны сектар складае ўсяго 25%, з якіх толькі 15% ВУП вырабляецца на сярэдніх і малых прадпрыемствах. Шкілет беларускай эканомікі ствараюць 171 прадпрыемства-гігант (т.зв. валаўтваральныя прадпрыемствы), якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. На кожным з іх працуе больш за 1000 чалавек, а на некаторых, як на Менскім аўтамабільным заводзе або Беларускай калійнай кампаніі, каля 20 000.

Дзяржаўныя прадпрыемствы ў большасьці сваёй выкарыстоўваюць састарэлае абсталяванне. Пратэкцыянізм і адсутнасць канкурэнцыі не штурхае іх да інавацыйнага развіцця. Па прадукцыйнасці працы Беларусь адстае ад эўрапейскіх суседзяў, а па колькасці працоўных беларускія прадпрыемствы нашмат пераўзыходзяць аналагічныя прадпрыемствы краінаў Эўразвязу. Дзяржава падтрымлівае неэфэктыўныя сектары вытворчасці, адбіраючы сродкі ў прадпрыемстваў, якія маюць вялікія даходы, і перанакіроўваючы іх да стратных.

Акрамя таго, беларуская эканоміка вельмі слаба дыверсыфікаваная. Каля паловы валавага ўнутранага прадукту выпрацоўваецца ў трох сектарах: нафтахімічным, хімічным і будаўніцтве. Гэта робіць краіну вельмі ўражлівай да знешніх шокаў.

На думку шматлікіх эканамістаў, беларуская гаспадарка была ў стане генераваць даходы толькі дзякуючы танным энэрганосбітам, якія пастаўляла Расея. Павышэнне цэнаў на расейскія энэрганосбіты, а таксама падзенне попыту на беларускую прадукцыю нанеслі ёй непапраўныя страты і зрабілі відавочнай патрэбу ў рэформах.

Адзіны плюс эканомікі, якая складаецца з сеткі буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, заключаецца ў тым, што ўлады могуць вельмі лёгка яе кантраляваць.

Памятаючы, што ў дзяржаўным сектары задзейнічаныя каля 50% беларускіх працаўнікоў, можна сцвярджаць, што беларускія ўлады падтрымліваюць гэтую сістэму, каб кантраляваць грамадства.

Не варта таксама забываць, што рэдыстрыбуцыйная систэма, створаная Лукашэнкам, забяспечвае пэўны, хоць і вельмі адносны, дабрабыт даволі шырокіх слаёў грамадства, і яе дэмантаж прывядзе да масавага беспрацоўя. Адна з самых вялікіх праблемаў, якую павінен будзе вырашыць першы дэмакратычны ўрад Беларусі, – гэта структурныя рэформы і стварэнне тысячаў новых працоўных месцаў. Ад вырашэння яе шмат у чым залежыць, ці зможа Беларусь незваротна застацца на дэмакратычным шляху разьвіцця.

Слабая грамадзянская супольнасць

Трэцім чыннікам, які перашкаджае працэсу дэмакратызацыі грамадскага жыцця ў Беларусі, ёсць адносная слабасць грамадзянскай супольнасці. Гэта агульная рыса ўсіх постсавецкіх краінаў. У грамадстваў, якія выходзілі з камуністычнай дыктатуры, не было традыцыяў самаарганізацыі, у дзяржавах не існавала нават самых простых формаў мясцовага самакіравання або кааперацыі ў эканамічнай галіне. Групам грамадзянаў не дазвалялася самім артыкуляваць свае інтарэсы. Выражаць іхныя інтарэсы магла толькі сама дзяржава.

Аўтарытарная сыстэма Лукашэнкі запазычыла ад СССР сваё непрыязнае стаўленьне да самаарганізацыі грамадзтва.

Дзяржаўныя чыноўнікі разглядаюць НДА не як легітымных прадстаўнікоў грамадскасці і партнёраў, а як канкурэнтаў, што незаконна ўмешваюцца ў сфэру выключных кампетэнцыяў дзяржавы. Шмат грамадзкіх арганізацыяў зачыненыя або не рэгіструюцца. Заўважная палітычная актыўнасьць лёгка можа падлягаць рэпрэсіям. Напрыканцы 2005 году ўлады ўвялі ў Крымінальны кодэкс артыкул 193-1 пра адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. У 2006–2008 гадах ён выкарыстоўваўся для пакарання і запужвання дэмакратычных актывістаў. Нягледзячы на патрабаванні АБСЭ і Эўразвязу, улады не збіраюцца яго адмяняць. А над незалежнымі выданнямі дамоклавым мячом вісіць рэпрэсіўны закон аб СМІ.

У слабасці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі вінаватыя не толькі адсутнасць традыцыяў або варожы стасунак ды адкрыты ціск з боку ўладаў. На думку некаторых спецыялістаў, прычына нізкай грамадскай актыўнасці беларусаў крыецца ў так званым сацыяльным кантракце, заключаным паміж аўтарытарнай дзяржавай і грамадзянамі. Лукашэнка фактычна аднавіў сістэму патрон-кліент стасункаў паміж уладай і грамадствам. Большая частка беларусаў тым ці іншым чынам узалежненая ад дзяржавы, бо дзяржава застаецца найбуйнейшым працадаўцам.

Менавіта ад волі дзяржавы залежыць дабрабыт шматлікіх служачых, працаўнікоў бюджэтнай сферы, рабочых дзяржаўных прадпрыемстваў. Дзяржава гарантуе ім нават калі і мінімальны, але рост заробкаў і захаванне працоўных месцаў, не дазваляючы пры гэтым пратэставаць або браць на сябе ініцыятыву па абароне ўласных інтарэсаў. Такім чынам, грамадзянам прасцей звяртацца са сваімі паасобнымі скаргамі або прапановамі да органаў дзяржаўнага кіравання, чым аб’ядноўвацца з такімі ж звычайнымі людзьмі і патрабаваць ад кіраўніцтва краіны павагі ўласных правоў. Паводле экспертаў, пры павелічэнні ролі прыватнага сектару ў эканоміцы і змяншэнні сацыяльных трансфераў з боку дзяржавы сістэму патрон-кліент чакае немінучая гібель.

Размытая нацыянальная свядомасць

Эўрапейскаму выбару Беларусі, як ні дзіўна гэта гучыць, перашкаджае неакрэсленасць нацыянальнай самасвядомасці ейных насельнікаў. Рэч у тым, што ў грамадзкай свядомасці беларусаў канкуруюць два бачанні.

Згодна з першым, які да нядаўняга часу культываваў Лукашэнка, беларусы ёсць часткай «вялікага рускага народу» і павінны ў сваім палітычным развіцці арыентавацца не на заходнія каштоўнасці, а на «каштоўнасці славяна-праваслаўнай цывілізацыі». Згодна з гэтым падыходам, Захад ёсць адвечным ворагам Беларусі, тады як Масква – сябрам, на якога трэба арыентавацца.

У другім варыянце падкрэсьліваецца больш за 500 гадоў жыцьця беларусаў у супольнай дзяржаве з летувісамі, палякамі і ўкраінцамі, існаваньне цягам стагодзьдзяў у адзінай эўрапейскай культурнай прасторы. Такім чынам, Беларусь прадстаўляецца часткай Эўропы, якая была штучна ад яе адарваная і павінна зноў у яе вярнуцца.

Такі падзел у бачанні нацыянальнае саматоеснасці пакідае адбітак і на геапалітычных прэферэнцыях беларусаў. Шчыра кажучы, як прарасейскі, так і праэўрапейскі варыянты нацыянальнай самасвядомасці маюць гістарычнае абгрунтаванне. Выбар паміж імі можа быць зроблены толькі ў выніку грамадзкай дыскусіі.

Аўтарытарны рэжым пакуль робіць гэтую дыскусію немагчымай. Няможна адназначна сцвярджаць, што пасля магчымай змены ўлады ў Беларусі верх возме менавіта праэўрапейская канцэпцыя.

Бясспрэчна пакуль адно – дэмакратычнае развіццё Беларусі будзе трывалым, калі яе грамадзяне цвёрда вырашаць, што яны ёсць перадусім эўрапейцамі і вызнаюць эўрапейскія каштоўнасці.

Вынікі апытанняў, зробленых цягам некалькіх апошніх месяцаў, паказваюць, што колькасць беларусаў, якія на гіпатэтычным рэферэндуме прагаласавалі б за сяброўства ў Эўразвязе, большая за колькасць тых, хто гатовы прагаласаваць за больш шчыльны звяз з Расеяй.

Адносная ізаляцыя

Наступным чыннікам, які аддаляе Беларусь ад Эўропы, ёсць парадаксальная ізаляванасць беларускага грамадства. Нягледзячы на тое, што Беларусь непасрэдна суседнічае з трыма краінамі Эўразвязу, большасць яе жыхароў ніколі не былі ў ЭЗ. 67% беларусаў ніколі не наведвалі нават Летувы і Польшчы, не кажучы ўжо пра больш аддаленыя краіны.

Прычына гэтага – высокія кошты візаў і складаныя візавыя працэдуры. Акрамя таго, настолькі мала беларусаў наведваюць ЭЗ з прычына слабасці бізнэсовых кантактаў і малой інтэнсіўнасці навуковых абменаў. Кантакты паміж грамадствамі значна зменшыліся пасля далучэння новых краінаў ЭЗ да Шэнгенскай прасторы. Напрыклад, пасля далучення да яе ў 2008 годзе Польшча выдала на 70% менш візаў для беларусаў, чым годам раней. Сітуацыя толькі крышку пачала мяняцца ў лепшы бок ў апошнія гады, хаця казаць пра нейкі прарыў вельмі цяжка.

Акрамя таго, беларусы атрымліваюць надзвычай мала інфармацыі як пра Эўразвяз у цэлым, так і пра жыццё ў асобных яго краінах, асабліва новых дзяржавах-чальцах.

Большасць СМІ, якія падтрымліваюцца Эўрапейскай камісіяй або краінамі ЭЗ (тэлеканал «Белсат», радыё «Свабода», Беларускае радыё «Рацыя», Беларуская рэдакцыя «Польскага Радыё», «Эўрапейскае радыё для Беларусі»), пакутуюць ад хранічнага недахопу фінансаваньня, іх аўдыторыя не перавышае 5% дарослага насельніцтва Беларусі. Адзіным выключэннем ёсьць расейская служба тэлеканалу «Euronews», якую глядзяць каля 16% беларусаў.

Роля Расеі

Урэшце, апошняй па ліку, але не значэнню, з галоўных перашкодаў на шляху Беларусі да дэмакратызацыі ёсць тое, што ключ да палітычнай і эканамічнай стабільнасці Беларусі ў вялікай ступені ляжыць не ў Менску або Брусэлі, а ў Маскве. Хуткая і небалючая палітычная трансфармацыя ў Беларусі магчымая толькі ў спалучэнні з прыхільнай пазыцыяй (або хаця б неўмяшальніцтвам) Крамля.

Расея валодае шматлікімі рычагамі ўплыву на эканоміку Беларусі. Перш за ўсё, тая крытычна залежыць ад расейскага рынку. Нягледзячы на тое, што ў грашовым вымярэнні экспарт Беларусі ў ЭЗ пераўзыходзіць экспарт у Расею, структура гандлёвага абмену з аб’яднанай Эўропай надзвычайна бедная. Да 70% беларускага экспарту ў ЭЗ складаюць прадукты трох тыпаў: вырабы нафтахіміі, калійныя ўгнаенні і вырабы з чорных мэталяў. Для ўсіх астатніх тавараў расейскі рынак ёсьць асноўным, а часта і адзіным.

Напрыклад, у 2009 годзе 99,9% экспарту беларускага мяса, 93,6% абутку і 96% тэлевізараў ішлі ў Расею. Расея была таксама асноўным імпарцёрам беларускай дарожнай тэхнікі (82,2%), рухавікоў (79,1%), станкоў (85,6%) і мэблі (70,7%). Закрыццё гэтага рынку мела б для Беларусі катастрафічныя наступствы.

Другі рычаг уплыву – гэта энэргетычныя субсыдыі. Нягледзячы на тое, што яны незваротна скарачаюцца з 2007 году, да сённяшняга дня гэтая дапамога адыгрывае важную ролю ў падтрыманні канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі. У 2010 годзе яна ацэнвалася ў 4,6 мільярдаў даляраў або каля 8% беларускага ВУП. Разам з тым Беларусь крытычна залежыць ад расейскіх энэрганосбітаў. Прыгадаем, што хімічная і нафтахімічная галіны прыносяць краіне большую частку даходаў, аднак 90% нафты і 100% газу, якія спажывае беларуская гаспадарка, паходзяць менавіта з Расеі.

Не апошнюю ролю адыгрывае залежнасць Беларусі ад расейскага рынку працы. Паводле ацэнак спецыялістаў, у Расеі працуюць больш за 700 тысячаў беларусаў, якія штогод высылаюць дадому 2 мільярды даляраў. Нарэшце, вялікі ўплыў ў Беларусі маюць расейскія СМІ.

Ці зацікаўленая Масква ў дэмакратычнай Беларусі? На словах так, але рэаліі расейскай «звышкіраванай дэмакратыі» даюць падставы для вялікіх сумневаў што да сапраўдных мэтаў расейскай палітыкі адносна Беларусі.

Нельга выключаць, што Расея зацікаўленая ў зрынанні Лукашэнкі і прыходзе да ўлады прадказальнага і нават больш лібэральнага ў эканамічным і палітычным пляне кіраўніка.

Але з большай доляй імавернасці можна сцвердзіць толькі тое, што Расея зацікаўленая ў Беларусі, якая не будзе палітычна і нават эканамічна інтэгравацца з Эўразвязам.

У 2005 і 2006 гадах уплывовыя расейскія палітолягі Сяргей Караганаў і Андрэй Суздальцаў агучылі шэраг умоваў, якія Расея будзе заўсёды ставіць Беларусі незалежна ад таго, хто будзе кіраваць краінай. Па-першае, Менск павінен быць заўсёды палітычным саюзнікам Крамля. Беларусь не павінна ўваходзіць ў ваенныя або палітычныя аб’яднанні, у якія не ўваходзіць Расея (гэта датычыць ЭЗ, а асабліва NATO). Беларусь павінна запэўніць бяспечнае транспартаванне расейскіх тавараў (у тым ліку нафты і газу) на Захад. Менск павінен таксама гарантаваць бяспеку зносінаў паміж расейскай мэтраполіяй і Калінінградзкім рэгіёнам. Беларусь, нарэшце, павінна адкрыць свой рынак для расейскіх тавараў ды інвестыцыяў, а таксама «запэўніць правы рускамоўнага насельніцтва» (прытым, што рускамоўнымі ёсць пераважная большасць этнічных беларусаў).

Пастаўленыя ўмовы цалкам зразумелыя з пункту гледжаньня расейскіх інтарэсаў. Аднак іх рэалізацыя пазбавіла б Беларусь шанцаў праводзіць самастойную зьнешнюю палітыку, а таксама дала б Расеі шырокія магчымасьці ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны.

Расея таксама адмоўна ставіцца да эканамічнай інтэграцыі Беларусі з ЭЗ, бо разглядае СНД як сферу сваіх выключных эканамічных інтарэсаў, «жыццёвую прастору, неабходную ёй для захавання статусу вялікай дзяржавы». Як вынікае з дакладу «Эканамічныя інтарэсы і задачы Расеі ў СНД», апублікаванага летась Інстытутам сучаснага развіцця (даследчым цэнтрам, дзе згуртаваныя ці не самыя ўплывовыя інтэлектуалы РФ і старшынёй Назіральнай рады якога ёсць прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў), Расея будзе і надалей працягваць інтэграцыйныя праекты на постсавецкай прасторы.

Каб «на роўных» супрацоўнічаць з ЭЗ, ёй жыццёва неабходны доступ да інтэлектуальнага патэнцыялу ды інфраструктуры краінаў-суседзяў, а таксама стварэнне агульнага рынку са сваім дамінаваннем.

Расея разглядае ЭЗ хутчэй як канкурэнта, і ў канкурэнцыі на постсавецкай прасторы ёй хацелася б перамагчы.

Заключэнне. Роля Эўрапейскага звязу ў дэмакратызацыі Беларусь

Варта адзначыць, што праэўрапейская частка беларускага грамадзтва ўскладае вялікія спадзяванні на ЭЗ у спрыянні дэмакратычным зменам у краіне. Аляксандр Мілінкевіч, лідар Руху «За Свабоду» і адзін з найбольш вядомых апазыцыйных палітыкаў, падкрэсліў: «Эўрапейскі звяз адыграў выбітную ролю, дапамагаючы новым дзяржавам-чальцам кансалідаваць дэмакратычныя традыцыі і мадэрнізаваць эканоміку. Мы чакаем, што ЭЗ будзе граць такую ж ролю ў дачыненні Беларусі, а менавіта паспрыяць вяртанню Беларусі ў эўрапейскую сям’ю народаў».

Змены з грамадзкіх настроях, асабліва прызнанне большай вартасці незалежнасці і неабходнасці шчыльнейшага супрацоўніцтва з ЭЗ, пэўная зацікаўленасць уладаў Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве, а таксама далейшая напружанасць у адносінах паміж Лукашэнкам і крамлёўскімі кіраўнікамі ствараюць даволі спрыяльную глебу для ЭЗ, каб праводзіць актыўную палітыку ў дачыненні Беларусі.

Што трэба рабіць ЭЗ? Спачатку Брусэль павінен адказаць, ці сапраўды ён зацікаўлены ў дэмакратызацыі ды эўрапеізацыі Беларусі і ці гатовы ён мець уласны парадак дня, не пагаджаюся прызнаваць за Масквой права апошняга слова адносна характару і кірунку непазбежных зменаў у Беларусі.

Мэты такой актыўнай палітыкі ЭЗ могуць быць наступнымі:

* Карыстаючыся магчымасцямі Ўсходняга партнэрства і двухбаковых стасункаў, спрыяць змяншэнню энэргетычнай залежнасці Беларусі ад Расеі праз актыўнае падтрыманне праектаў, скіраваных на развіццё новых шляхоў транспартавання нафты ў краіну, стварэнне рэгіянальных энэргетычных сетак, стратэгічных запасаў газу і павелічэнне энэргаэфэктыўнасці;
* Спрыяць змяншэнню залежнасці Беларусі ад расейскага рынку дзякуючы інтэнсыфікацыі гандлёвых стасункаў праз заключэнне новага пагаднення аб гандлі і супрацоўніцтве ды праз узмацненне рэгіянальнага супрацоўніцтва, асабліва па лініі Балтыйскае–Чорнае мора;
* Стымуляваць беларускія ўлады ажыццяўляць эканамічныя, адміністрацыйныя і заканадаўчыя рэформы, скіраваныя на паляпшэнне бізнэс-клімату, большыя гарантыі для бяспекі інвэстыцыяў і лібералізацыю;
* Падтрымліваць праекты, скіраваныя на развіццё мясцовых супольнасцяў, што будзе спрыяць дэцэнтралізацыі аўтарытарнай сыстэмы ўлады;
* Інтэнсыфікаваць міжасабовыя кантакты праз неадкладнае, нават калі і аднабаковае, зніжэнне коштаў на шэнгенскія візы з 60 да 35 эўра і далейшую лібералізацыю візавага рэжыму; больш заангажаваць беларускіх партнэраў, асабліва ўнівэрсытэты, у навуковае і культурнае супрацоўніцтва;
* Павялічваць прысутнасць і заўважнасць ЭЗ у Беларусі праз большае падтрыманне незалежных мэдыяў і шырэйшы распаўсюд інфармацыі пра вынікі эканамічнага, палітычнага і культурнага супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам і дзяржавамі-чальцамі.
* Павялічыць падтрыманьне незалежнага грамадзтва, надаючы прыярытэт свабодзе СМІ, абароне правоў чалавека і праэўрапейскай дзейнасьці.

Такая палітыка мусіць улічваць рызыку быць «перанятай на сябе» дзяржаўнымі органамі або прадзяржаўнымі НДА.

Эўразьвяз мусіць быць гатовым трымацца стратэгічнага парадку дня эўрапеізацыі для цэлага грамадзтва.

Асаблівую ўвагу належыць надаваць такім тактычным рэчам, як «дарожныя мапы» і ўзаемаабумоўленасць саступак падчас перамоваў з уладамі. Нягледзячы на шматлікія нэгатыўныя стэрэатыпы, улучэнне Беларусі ў супольную эўрапейскую сістэму дэмакратычных дзяржаваў і рынкавых эканомік – не такая складаная задача. Нельга забывацца, што аб’яднаная Эўропа ў значнай ступені ўжо ўспрымаецца беларускім грамадствам як узор высокіх стандартаў жыцця, тэхналягічнага развіцця і прававое дзяржавы. Эўрапеізацыя і дэмакратызацыя краіны, размешчанай у важным рэгіёне, без сумневаў паспрыяе мірнай будучыні Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Аўтары:Алесь Лагвінец, Аляксандр Папко.

Першы варыянт артыкула быў апублікаваны ў часопісе “European View” і пераапрацаваны спецыяльна для “Новай Эўропы”

Паводле  n-europe.eu

zabarona

 

Пакінуць адказ