Культура

На што здольны водар жанчыны

Разважанні пра “ванючых неграў”, “гігіенічны бум” і “жаночыя цыклы”
Сёння нюх лічыцца самым нязначным з сямі пачуццяў, як спосаб спазнання свету ён значна менш эфектыўны ў параўнанні са зрокам і слыхам. А вось для жывёлаў ён з’яўляецца бадай што адным з галоўных. Такую ролю пах адыгрываў калісьці і для чалавека.

У кожнай жывой істоты (кажуць, акрамя кошак) ёсць свой пах – па яму жывёлы адрозніваюць асобіну свайго віду. Ад чалавека ж сучасная цывілізацыя патрабуе пазбаўляцца свайго водару – душ кожную раніцу, дэзадаранты і г.д. Натуральныя, прыродныя пахі лічацца непрыстойнымі. Любыя станоўчыя ацэнкі цялеснага водару расцэньваюцца як адхіленне ад нормы, і нават вычварэнства (успомнім знакамітую гісторыю пра Напалеона і Жазэфіну).

З развіццём цывілізацыі абаняльная тэма набыла рэзка негатыўную афарбоўку. Ніколі словы пра дрэнны выгляд ці непрыгожы голас не абразяць так, як заўвага: “Ад цябе кепска пахне!”. Такую негатыўную ацэнку часта даюць ксенафобы ў адрас непрыемных для іх этнічных і нацыянальных груп: вы чулі, напэўна, пра дрэнны пах габрэяў альбо неграў.

Нос у чалавека, верагодна, адпадзе ў працэсе эвалюцыі – настолькі неахвотна ён карыстаецца гэтым органам. У кожнага з нас ёсць шмат любімых колераў – блакітны, ружовы, салатавы; яшчэ больш прыемных для нас гукаў – спевы птушак, мурканне котак, дрыжанне жалезнай струны… А вось пахаў, якія былі б прыемныя чалавеку, амаль няма. Вучоныя правялі даследаванні з удзелам вялікай колькасці чалавек розных нацыянальнасцяў і вобразу жыцця. Высветлілася, што ніякі пах, акрамя апельсінавага (і то не для ўсіх), не прыносіць асалоды ў канцэнтраваных колькасцях (адзначым, што ў вашым любімым парфуме пахучых рэчываў мізэрная колькасць)

.

У чым жа справа? Чаму чалавек імкнецца нічога не нюхаць і самому не пахнуць?

Адказ на гэта ёсць у цікавай працы вялікага псіхааналітыка Зігмунда Фрэйда, які, як заўсёды, прычыну выводзіць з сэксуальных інстынктаў чалавека (такая накіраванасць, уласна кажучы, і надала яму шырокую папулярнасць сярод народных мас).

Дзядзька Зіггі даказвае, што “выцясненне” нюху стала неабходнай умовай у працэсе станаўлення цывілізацыі. У жывёлаў нюх выконвае важную ролю ў працэсе размнажэння, выхавання патомства, здабыцця ежы і міграцыі. Але галоўнае, як вы здагадаліся, — усё ж такі размнажэнне. Яно ў нашых продкаў, як і ва ўсіх жывёл, падпарадкоўвалася біялагічным цыклам. Інфармацыю пра рэпрадуктыўныя тэрміны будучыя людзі атрымоўвалі ад паху выдзяленняў жаночай сакрэцыі. Вядома, палавое жыццё не паддавалася ніякаму кантролю – супраць інстынктаў не папрэш. “Змяніўшы ў гэтай сферы арыентацыю на абаняльныя уражанні арыентацыяй на ўражанні зрокавыя, чалавек стаў здольны да доўгатэрміновых прыхільнасцяў паміж паламі, што надае умовы для ўтварэння сям’і – першага кроку на шляху да цывілізацыі”, – упэўнены вялікі Фрэйд.

Гэтыя гіпотэзы выклікалі ў сучасных дачок Евы (альбо аўстралапітэка Люсі – каму як падабаецца) жаданне узнавіць старажытны спосаб пазбавіць мужчын кантролю над палавымі інстынктамі. Ходзяць міфы пра дзіўную дзейснасць тых самых фізіялагічных пахаў. Але вучоныя падцьвержанняў таму не даюць, і нават практычныя даследванні прывоздяць да вынікаў аб міфічнасці ўсялякіх “ферамонаў”. Відаць, чалавек ў сваім імкненні да цывілізаванасці і высокай духоўнасці “выцесніў” свой нюх беззваротна.

Альбіна Трус

Пакінуць адказ