Спорт

Перамажы ноч!

У ноч з 5 на 6 лістапада 2011 г. праходзіў 2-й Берасцейскі начны рагейн памяці Міхаіла Карпеша. Спаборніцтвы праходзілі на тэрыторыі біясфернага рэзервата “Прыбужскае Палессе” ў наваколлі вёскі Рудня.

Рагейн – гэта від спорту, у якім могуць удзельнічаць як добра падрыхтаваныя спартоўцы, гатовыя на працягу 6 гадзін змагацца за званне чэмпіёнаў, так і аматары, якія імкнуцца актыўна правесці выходныя на прыродзе.

Асноўная ідэя рагейна – гэта спорт для ўсіх: для кожнай каманды важна вызначыць, якія мэты яна ставіць перад сабой, і ад гэтага будуць залежаць адказы на многія пытанні – выбар тактыкі, рыштунку, экіпіроўкі.

Тут каманды самі вызначалі сабе задачу па сілах, выбіралі парадак праходжання дыстанцыі і тэмп руху.

Фармат спаборніцтваў (ўзяцце кантрольных пунктаў на выбар) дазваляў ў любы момант вярнуцца ў базавы лагер, дзе можна было папіць гарбаты, адпачыць і пасля зноў працягнуць праходжанне дыстанцыі.

Усяго ў рагейне прыняло ўдзел 46 каманд у складзе ад 2 да 5 чалавек. Спаборніцтвы праходзілі пад дэвізам ПЕРАМАЖЫ НОЧ.

Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляліся Берасцейскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, клуб спартыўнага арыентавання “Буг” і клуб спартыўнага арыентавання “Берестье”.

Выніковы пратакол VII Берасцейскага начнога паўмарафона-арыентавання,II Берасцейскага  начнога 6-гадзіннага рагейна памяці Міхаіла Карпеша можна спампаваць  тут.

Нагадаем, Міхаіл Карпеш – берасцейскі альпініст, кіраўнік турысцкай групы, якая патрапіла ў лавіну на перавале Паўночны Таваёк (Хібіны, Мурманская вобласць) у час паходу па Лавазёрскім тундрам ў сакавіку 2010 года. Трагедыя забрала жыцці чатырох турыстаў: Міхаіла Карпеша, Яўгена Траскевіча, Аляксандры Коўган і Дар’і Трацінскай.

Пакінуць адказ