Адукацыя

Новыя правілы паступлення ў ВНУ

Мінадукацыі Беларусі падрыхтавала змены і дадаткі ў правілы прыёму ў ВНУ: на завочнае будуць браць толькі з працай, а льготы скасуюць.

З 2012 года могуць быць уведзеныя новыя патрабаванні:

1. Некаторых льгот больш не будзе. Паводле новых правілаў паступлення, усе льготы па вызваленні ад платы за навучанне, наданні месца ў студэнцкім інтэрнаце ці вылучэнні льготнага крэдыту будуць размяркоўвацца ўжо пасля залічэння. Выключэннямі стануць толькі пераможцы розных алімпіядаў — рэспубліканскіх ці ўніверсітэцкіх — альбо спартовых спаборніцтваў.

2. Выключаецца магчымасць удзелу ў конкурсе асоб, якія атрымалі адмоўныя адзнакі па профільных уступных выпрабаваннях (яны ўсталёўваюцца прававымі актамі Мінадукацыі Беларусі пасля правядзення ЦТ).

3. Прадугледжваецца поўная адмена асобнага конкурсу для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. Цяпер гарадскія і вясковыя школьнікі будуць мець агульныя ўмовы пры залічэнні. Ці атрымаюць яны пэўныя прэферэнцыі ўжо пасля залічэння, не паведамляецца.

4. Мінадукацыі Беларусі прапануе даць дадатковыя магчымасці суайчыннікам, якія ўвесь час пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, а таксама грамадзянам Расіі, Казахстана, Кыргызтана, Таджыкістана. Ім прапануецца паступаць на ўмовах, прадугледжаных для замежных грамадзян – па выніках гутаркі. Нягледзячы на гэта, плануецца захаваць стары механізм паступлення для ўсіх ахвотнікаў, якія жадаюць скарыстацца правам на атрыманне адукацыі праз конкурсны адбор (як за кошт сродкаў бюджэту, так і на ўмовах аплаты).

5. Браць на завочныя аддзяленні будуць толькі абітурыентаў, якія ўжо недзе працуюць. Атрымліваецца, што, каб пасля школы стаць студэнтам завочнага, трэба літаральна за месяц пасля выпускнога знайсці працу (па будучай спецыяльнасці, ці любую іншую — не ўдакладняецца). Пры гэтым хлопцам прыйдзецца яшчэ і падрыхтавацца да сустрэчы з ваенкомам — завочнікам ужо другі год запар адтэрміноўку не даюць.

6. З’явіцца таксама мінімальны бал, без атрымання якога ў абітурыента проста не прымуць дакументы. Як казалі раней чыноўнікі, ён наўрад ці будзе вышэйшым за 5–7 балаў па некаторых спецыяльнасцях. Вырашаць, які сёлета прахадны бал, будуць ужо пасля сканчэння ЦТ.

7. Пры паступленні на прыродазнаўча-навуковыя і тэхнічныя спецыяльнасці падлік балаў па профільных прадметах будзе ажыццяўляцца з выкарыстаннем падвышальнага каэфіцыента «2».

Падрабязней глядзіце тут і тут.

Пакінуць адказ