Моладзь

Бясплатнага праезду не будзе

Берасцейскім студэнтам, якія збіралі подпісы за бясплатны праезд у грамадскім транспарце для навучэнцаў сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў прыйшоў адказ на іх зварот.

У адказе, мясцовыя ўлады патлумачылі, што бясплатнага праезда берасцейскім студэнтам не будзе.

У лісце за подпісам намесніка старшыні аблвыканкаму Леаніда Цупрыка паведамляецца, што «забяспечыць прадстаўленне ільгот на праезд у грамадскім транспарце ўсім асобам, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю, пакуль няма магчымасцяў».

Адмова абгрунтоўваецца тым, што «павелічэнне выдаткаў на перавозкі, звязаныя ў першую чаргу з ростам цэнаў на энерганосьбіты, запасныя часткі, матэрыялы, паліва, акумулятары, якія не кампэнсаваныя тарыфамі на перавозкі і фінансаваннем з бюджэту, пацягнулі за сабой за 9 месяцаў 2011 году страты ад унутрыгарадскіх аўтобусных перавозак у суме 7,3 мільярда рублёў. У такіх умовах прадпрыемствы транспарту маюць значную запазычанасць перад пастаўнікамі нафтапрадуктаў, запасных частак, матэрыялаў, агрэгатаў, а таксама мусяць браць крэдыты на бягучую дзейнасць, выплату заробкаў і набыццё транспарту».

Студэнты, з аднаго боку разумеюць адказ уладаў, і ўлічваючы агульную сітуацыю ў краіне не будуць абскарджваць такое рашэнне. Але гэта не азначае, што моладзь будзе мярыцца са сваім становішчам. Яна і надалей будзе прыцягваць увагу да праблем, якія яе датычацца.

Нагадаем, што пад калектыўным лістом з просьбай адмяніць плату за праезд для студэнтаў па прыкладзе Менску падпісаліся 1840 чалавек. Ініцыявалі зварот актывісты Моладзі БНФ і АРР «Дзедзіч».

Паводле svaboda.org

Фота: udf.by

Пакінуць адказ