Менавіта 90 гадоў таму, у 1921 годзе адбыліся адныя з першых хростаў евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў у Берасці, а таксама прайшлі першыя набажэнствы.
Адзін з першых зафіксаваных хростаў адбыўся ў доме берасцейца Арцёма Мухі 21 жніўня 1921 года. Першае ж вядомае сёння набажэнства адбылося ў доме Якава Барысюка ў Берасці ў студзені 1921 года.
Вядома, таксама, што сярод першых берасцейскіх місіянераў быў і адзін з дзеячоў БНР Лукаш Дзекуць-Малей.
Жыццё Лукаша Дзекуць-Малея даследаваў берасцейскі гісторык-краязнаўца Ігар Бараноўскі:
– Са снежня 1921 года Лукаш Дзекуць-Малей жыў у Берасці, стварыў тут першую баптысцкую грамаду і пабудаваў першы малітоўны дом. Яго актыўная місіянерская дзейнасць ахоплівала многія гарады і вёскі Заходняй Беларусі, а сам Дзекуць-Малей стаў прызнаным лідарам беларускага евангельскага руху.
У Берасці ён арганізаваў курсы для ліквідацыі непісьменнасці, агульнаасветныя, прафесійныя, а таксама курсы рэгентаў хораў, настаўнікаў нядзельных школ. На арганізаваныя ім курсы прапаведнікаў прыязджалі сусветна вядомыя біблеісты. Дзеля апекі над занядбанымі дзецьмі і сіротамі заснаваў у Берасці дзіцячы прытулак.
У 1920 годзе Лукаш Дзекуць-Малей выступіў з ініцыятывай перакладу на сучасную беларускую мову Бібліі. Ён пераклаў чатыры Евангеллі і выдаў іх асобнымі кніжкамі ў 1927 годзе ў Лодзі.
У 1931 годзе ён выдаў накладам 25 тысяч асобнікаў «Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста і Псальмы», які падрыхтаваў сумесна з вядомым беларускім дзеячам Антонам Луцкевічам.
Гэта было першае беларускамоўнае выданне Новага Запавету і Псальмаў, якое мела чатыры перавыданні і якім вернікі розных канфесіяў карыстаюцца і сёння, – распавёў Ігар Бараноўскі.
Сяргей Хрыстовіч
Лукаш Мікалаевіч Дзекуць-Малей – (1888г., Слонім, – 1955г., Гданьск) – рэлігійны і грамадскі дзеяч, прапаведнік баптызму, перакладчык рэлігійных тэкстаў.
З сям’і настаўніка. У чатыры гады застаўся без бацькоў. Скончыў слонімскую сярэднюю вучэльню, настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам, пазней інспектарам народнай адукацыі. Служыў у расейскім войску ў Беластоку, дзе пазнаёміўся з вернікамі евангельска-баптысцкага веравызнання, стаў наведваць іх малітоўныя зборы.
Пасля 1916г. заняўся душпастырскай працай у Гародні. Сябра Камітэту нацыянальнага адраджэння Беларусі, клуба «Беларуская хатка». Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1919г. Адзін з ініцыятараў стварэння Грамады беларускай моладзі 1919г. Летам 1921г. зноў арыштаваны і вывезены ў Беластоцкую турму. З 1921г. – сябра Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.
Ад канца 1921г. жыў у Берасці, куды быў высланы польскімі ўладамі. Пачаў прапаведаваць у акрузе і стварыў суполку евангельскіх хрысціянаў баптыстаў у горадзе. У траўні 1922г. хрысціў дзеяча «Зялёнага дубу» У. Ксяневіча – «Грача». У 1920-1924гг. пераклаў 17 рэлігійных брашур на беларускую мову. У снежні 1927г. адкрыў малітоўны дом, пры якім арганізаваў кравецкія і пчалярскія курсы. Пазней там сама адчыніў дзіцячы прытулак і нядзельную школу.
19 чэрвеня 1941г. арыштаваны ў Берасці органамі НКУС і прыгавораны да смяротнага пакарання. Вызвалены разам з прыходам нямецкіх войскаў. У гады вайны быў прасвітарам беларускіх баптыстаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі. У 1942г. у Менску выдаў малітоўнік на беларускай мове. У 1943г. за дапамогу мясцовым жыдам быў высланы нямецкімі ўладамі ў лагер працы ў Ліпяны каля Шчэціна.
Удзельнічаў у ІІ-ім Усебеларускім кангрэсе. У 1944-1945гг. жыў у Нямеччыне. З 1946г. – у Польшчы.
Паводле: be-x-old.wikipedia.org
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…