Дзедзічы прынялі ўдзел у семінары “Еўропа для Беларусі”, які адбыўся ў Польшчы недалёка ад Тэрэспаля. Набываць веды і завязваць карысныя стасункі ім давялося ў хаце прыхадскога святара XIX стагоддзя.
Пакуль усе пасажыры электрона Брэст-Тэрэспаль правяралі, ці не тарчаць з-пад вопраткі блокі з цыгарэтамі, і час ад часу нервова ўскоквалі ўсе разам, падпарадкоўваючыся нейкаму таемнаму загаду, невялікая суполка легкадумных людзей жадала аднаго – хутчэй даведацца пра шляхі супрацоўніцтва беларускага грамадства з Еўропай.
А даведаліся мы, дзякуючы семінару, пра некаторыя арганізацыі і фундацыі ў Польшчы, якія займаюцца інтэграцыйнымі сувязямі з Беларуссю. Адна з такіх устаноў – Institutum Orientalium – вядзе даследчую працу па вывучэнню праблем у краінах Усходняй Еўропы і пашырэнню ведаў пра гэтыя краіны ў Польшчы. Яна запрашае да супрацоўніцтва арганізацыі і ўласных асоб, кампетэнтных у пытаннях прадпрымальніцтва і турызму, а таксама студэнтаў.
Мы гэтак жа даведаліся, што палякі, якія жывуць ва ўсходніх краінах, могуць атрымаць падтрымку ў захаванні сваіх традыцый, вывучэнні мовы і знаёмстве з сучаснай польскай культурай дзякуючы арганізацыі “Дапамога палякам на ўсходзе”.
Ужо знаёмая нам фундацыя “Шчаслівае дзяцінства”, якая займаецца дапамогай дзецям, у тым ліку, з праблемных сем’яў, прадставіла усе напрамкі сваёй дзейнасці і цікавыя тэхналогіі.
Семінар адбываўся на польскай мове, што стала для дзедзічаў добрай магчымасцю патрэніравацца у гутарковым маўленні. Разам з набыццём карысных ведаў нам пашчасціла весела правесці час у знакамітай аграсядзібе Uroczysko Zaborek.
Яна ўяўляе сабой цэлы комплекс пабудоў у стылі шляхецкай сядзібы, які раскінуўся амаль на 50 гектарах на тэрыторыі ландшафтнага парка “Podlaski przelom Bugu” ў атачэнні сасновага лесу і водных заліваў.
Наша група змясцілася ў так званай Plebanii, якая была пабудаваная ў 1880 годзе. Апроч яе, турысту могуць размясціцца, да прыкладу, ў будынку, стылізаваным пад ветраны млын з сапраўдным ветраным механізмам, а канферэнцыі і трэнінгі можна праводзіць у спецыяльным зале драўлянага касцёла.
Гаспадар сядзібы пан Аркадзіуш Оконь распавёў, што ўсё гэтае багацце не прыйшло да яго ў якасці спадчыны, а стала вынікам уласнай працы. Пачалося ўсё з таго, што яго дзядзька падараваў яму невялікі кавалак зямлі. У 70 –я гады зямля каштавала дробязь, і ён набыў яшчэ 40 гектараў у навакольных участках усяго за 200 даляраў. “Напэўна, зараз у Беларусі зямля таксама каштуе вельмі мала, і паверце, гэта найлепшае ўкладанне капіталу”, – запэўніў нас пан Аркадзіуш.
Пасля пашырэння тэрыторыі гаспадар пачаў перавозіць старыя панскія будынкі з навакольных вёсак. Разам з тым набываў прадметы інтэр’еру і дэкарацыі, адпаведна упрыгожваў ландшафт. Нарэшце атрымалася чароўнае месца з адмысловай старасвецкай атмасферай.
Альбіна Трус