Сёння, 16 снежня, Маскоўскі суд Берасця вынес пастанову, згодна з якой каардынатар БХД па Берасцейскай вобласці Зміцер Шурхай і кіраўнік БХД па Берасці Алесь Чаркашын былі пакараны 5 суткамі арышту.
Актывістаў затрымалі 15 снежня па падазрэнні ў аўтааварыі, але пазней абвінавацілі ў брыдкаслоўі каля міліцэйскага пастарунку.
Як паведамляе прэс-служба Еўрарадыё, на судзе сведчанні міліцыянтаў былі дыяметральна супрацьлеглымі. Адзін з іх казаў, што Шурхай і Чаркашын лаяліся некалькі секундаў, другі — значна больш. Адзін — што гэта адбывалася на прыступках, а другі — ля машыны за 50 метраў ад прыступак.
Нагадаем, што гэта ўжо не першае затрыманне актывістаў БХД з-за брыдкаслоўя, але ў мінулы раз рашэнне суда пасля перагляду справы было адменена.