Еўраклуб

Еўропа: “Беларусь і шляхі дасягнення”

У Брусэлі прайшла экспертная канферэнцыя пад назвай «Трансфармаванне Беларусі: шляхі дасягнення».

Эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў, расказваючы пра ўражанні ад канферэнцыі, адзначае агульны песімізм што да бліжэйшай перспектывы Беларусі.

— Гэта была не канферэнцыя, а хутчэй экспертнае мерапрыемства, усяго на дзве панэлі, на некалькі гадзін. І разглядаліся два пытанні: новая эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў сувязі з падпісаннем дамоўленасцяў з Расіяй і агульная геапалітычная перспектыва, пытанне, ці знаходзіцца Беларусь паміж ЕЗ і Еўразійскім саюзам, ці сітуацыя выбару ўжо пройдзеная.

Напэўна, агульным месцам канферэнцыі можна назваць песімізм адносна найбліжэйшай перспектывы, выглядае, што Беларусь на некалькі гадоў затрымаецца ў гэтым праекце Еўразійскага саюза, і Лукашэнка зноў патрапіў у вельмі добры датацыйны трэнд.

Другі момант — гэта тое, што паколькі ЕЗ працягвае страчваць рычагі свайго ўплыву на Беларусь, то галоўным для Брусэля цяпер застаюцца спробы трансфармаваць беларускае грамадства і працаваць на карысць пераменаў не на высокім палітычным узроўні, а праз уплыў на свядомасць беларусаў, развіваючы розныя праекты абменаў, вырашаючы праблему візаў і г.д.

Камісар Фюле падкрэсліў гэтую немагчымасць ЕЗ паўплываць на Беларусь. З яго вуснаў гучала новая рыторыка, што ЕЗ мусіць пашыраць свой уплыў на беларускае грамадства і весці вайну за розумы, душы і сэрцы беларусаў, а не толькі перацягваць беларускі рэжым на еўрапейскі бок ці змяніць палітычную сітуацыю ў краіне.

Нядаўна з вуснаў еўракамісара Фюле гучала абяцанне, што хутка ён прадставіць новае бачанне, новую канцэпцыю еўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Тое, што вы пералічылі, гэта і ёсць вехі гэтай новай палітыкі?

Выглядае, што так. Насамрэч мы былі крыху расчараваныя. Сапраўды, загадзя было абвешчана, што камісар агучыць новы падыход да Беларусі, але, на жаль, мы з яго выступу не пачулі нічога кардынальна новага, такога, што б не было агучана, прагаворана еўрапейскімі палітыкамі да гэтага.

Трохі была развітая частка пра магчымасці ЕЗ уплываць на беларускае грамадтва, пра новыя ініцыятывы, разгорнутыя ў межах ЕЗ пры дапамозе грамадзянскай супольнасці, і супрацы з рознымі сектарамі беларускага грамадства. Але ўсё роўна гэта не нешта новае. То бок кардынальна падыходы ў палітыцы ЕЗ не змяняюцца, змяняюцца акцэнты і, магчыма, інструменты.

— Ці абмяркоўвалася трансеўрапейскае супрацоўніцтва адносна Беларусі, роля ЗША?

Не. Мабыць, таму, што канферэнцыя была досыць камерная, пытанні засяроджваліся толькі на ЕС, і Амерыка засталася па-за дужкамі. Хаця ў кулуарах абмяркоўваліся апошнія заявы і Хілары Клінтан, і Дэвіда Крэмера.

— Пэўны час таму група амерыканскіх палітолагаў выступіла з канцэптам жорсткай лініі адносна Беларусі: санкцыі. Гэтая канцэпцыя — не прадмет дыскусіі ў Еўропе?

— Пытанне каардынацыі палітыкі — прадмет дыскусіі, і еўрапейцы падкрэсліваюць, што іх палітыка ўзаемазвязаная з амерыканскай. Але ў экспертным асяроддзі гэтыя два падыходы разводзяцца. На аналітычных канферэнцыях гэтыя падыходы разглядаюць асобна, і сыходзяцца, што каардынацыя гэтая даволі слабая.

На гэтай канферэнцыі лейтматывам было тое, што санкцыі контрпрадуктыўныя, калі казаць пра магчымасць трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі, бо яны штурхаюць Беларусь далей да Расіі і не прыводзяць да зменаў унутры Беларусі. На канферэнцыі быў прыняты кансэнсус: што для ЕЗ санкцыі — не выбар, іх не абмяркоўваюць, яны наўрад ці будуць уведзеныя.
І падпісанне дамоваў з Расіяй яскрава паказала, да чаго прыводзяць санкцыі, і еўрапейцы зрабілі з гэтага выснову. Амерыканцы — не. Тут былі розныя эксперты, і яны прыйшлі да высновы, што для ЕЗ такой опцыі, як пашырэнне эканамічных санкцыяў, няма. Магчыма, яна ёсць для амерыканцаў.

Экспертная канферэнцыя «Трансфармаванне Беларусі: шляхі дасягнення», арганізаваная супольнымі намаганнямі навуковага цэнтра «Карнэгі Еўропа», «Офіса за дэмакратычную Беларусь» і Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS).

Паводле Радыё Свабода

Belarus & Europe

Пакінуць адказ