Дзве прыгожыя дзяўчыны атрымалі тытул лепшых знаўцаў самых незвычайных традыцый і звычаяў жыхароў Старога свету. Яны перамаглі ў конкурсе “Ох ужо гэтыя еўрапейцы!”, які праводзіў берасцейскі Еўраклуб сумесна АРР “Дзедзіч”.
Мы прызвычаіліся чытаць і глядзець перадачы пра незвычайныя традыцыі афрыканскіх плямёнаў, жыхароў азіяцкіх пустынь альбо прастораў крайняй поўначы і іншых экзатычных культур. Ну а што можа быць цікавага ў звычайнай Еўропе – ў добра знаёмых нам братоў па індаеўрапейскай сям’і?
Высветліць гэта якраз абраў за мэту конкурс “Ох ужо гэтыя еўрапейцы!”, дзе кожны удзельнік меў распавесці пра нетыповыя для беларускага менталітэту звычаі, якія ён назіраў падчас сваіх вандровак па Еўрапейскім кантыненце.
Адна з пераможцаў – Вольга Ярамчук – вырашыла падзяліцца не толькі уласнымі назіраннямі, але і досведам сваіх сяброў. У выніку яна сабрала шмат цікавых фактаў, пазнаёміцца з якімі вы можаце тут.
Другая ж пераможца – Кацярына Мшар – пракацілася з экскурсіяй па некалькім вядомым беларускім сталіцам – і яе заўважлівае вока прымеціла шмат цікавага. Яе працу глядзіце тут.
Пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і прызы у выглядзе флэшак памерам 8 гігабайт. Шчыра віншуем!