Адукацыя

Чарговае павышэнне платы за навучанне?

Па прагнозах, студэнтаў чакае чарговае павышэнне платы за навучанне, нягледзячы на тое, что за 2011 год яе ўжо падвышалі тройчы.

Міністэрства адукацыі думае, на колькі яшчэ ўзняць плату за навучанне. За 2011 год яе ўжо падвышалі тройчы.

Аб «вызначэнні прагнозу кошту платнага навучання на бліжэйшы час» структурамі Міністэрства адукацыі паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу міністэрства.

Аб тым, з якога месяцу і на колькі мільёнаў ВНУ уздымуць кошты, не паведамляецца. Але Мінадукацыі «традыцыйна» ўздымае кошты адразу пасля росту заробкаў бюджэтнікаў, які адбыўся з 1 студзеня 2012 году. Верагодна, менавіта ад гэтага месяцу беларускім студэнтам прыйдзецца плаціць яшчэ болей за сваю адукацыю.

Акрамя росту тарыфнай стаўкі першага разраду пры разліку новых адукацыйных коштаў будзе ўлічвацца таксама рашэнне аб падвышэнні заробкаў выкладчыкаў, якія не маюць навуковай ступені, на 50%, а таксама «павышэньне іншых коштаў і тарыфаў на працы, у тым ліку на камунальныя паслугі».

Іnterfax.by са спасылкай на сваю крыніцу ў адным з ВНУ прагназуе рост коштаў на 27.5% сыходзячы з росту тарыфнай стаўкі на 32.5%. Калі гэта лічба апынецца праўдзівай, студзеньскі рост (верагодна, як звычайна ва многіх універсітэтах, «задняй датай»), будзе рэкордным нават для тарыфаў у беларускіх ВНУ, што бесперапынна індэксуюцца цягам апошняга году.

Апошні раз кошты на адукацыю раслі ў лістападзе — у сярэднім на 20–25%. Да гэтага іх уздымалі ў жніўні. А першае і пакуль самае вялікае падвышэнне адбылося ў разгар зімовай сэсіі 2011 году. Тады студэнты даведаліся, што за навучанне прыйдзецца выкладаць прыкладна на чвэрць болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.

А са студзеня 2012 году адукацыя на найбольш прэстыжных спэцыяльнасцях БДУ можа каштаваць першакурснікам да 12 мільёнаў рублёў у год.

Паводле generation.by

Money

Пакінуць адказ