Адукацыя

«Навучанне ў weekend»

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» сумесна з Інтэрнэт-праектам KARIERA.BY у студзені-сакавіку 2012 года праводзіць у г. Мінску курс нефармальнай адукацыі «Навучанне ў weekend».

У рамках вучэбнай праграмы будуць арганізаваны тры узаемазвязаных інтэрактыўных семінара пачатковага ўзроўню па навучанні асновам эфектыўнага кіравання некамерцыйнай арганізацыяй. Між семінарамі будзе арганізавана практычная дзейнасць удзельнікаў па замацаванню ведаў і ўменняў на базе сваіх арганізацый, а таксама арганізавана праца па абмене вопытам у рамках партала дыстанцыйнага навучання РГА «БелАЮ». Удзел ва ўсіх этапах курса абавязковы!

Навучанне будзе праходзіць у двух паралельных групах, адна з якіх будзе наведваць семінары па суботах, а другая па нядзелях.

Час правядзення семінараў: 11.30-16.30.

Расклад правядзення курсу і тэмы інтэрактыўных семінараў:

28 (субота) і 29 студзеня (нядзеля): тэма «Роля грамадскіх аб’яднанняў у жыцці грамадства». На семінары будуць абмяркоўвацца пытанні спецыфікі дзейнасці арганізацый «трэцяга сектара», місіі і структуры арганізацыі. Будзе закранутая тэма планавання праграм і праектаў арганізацыі, якія з аднаго боку задавальняюць вывучаныя арганізацыяй рэальныя патрабаванні мэтавых груп, а з іншага боку з’яўляюцца сучаснымі, эфектыўнымі і ўстойлівымі.

18 лютага (субота) і 19 лютага (нядзеля): тэма «Уводзіны ў праектны мэнэджмент». На семінары будуць абмяркоўвацца пытанні планавання, рэалізацыі і ацэнкі сацыяльнага праекта. Удзельнікі змогуць вывучыць тэхналогію працы праектнага менеджэра ад выбару ідэі да ацэнкі паслядзеяння праекта пасля яго завяршэння, а таксама сучасныя падыходы да складання бюджэту праектнай заяўкі і пошуку крыніц фінансавання.

3 (субота) і 4 сакавіка (нядзеля): тэма «Тэхналогіі web 2.0 для развіцця сувязяў з грамадскасцю». На семінары будуць абмяркоўвацца пытанні эфектыўнага інфармавання пра дзейнасць грамадскага аб’яднання для мэтавых груп, а таксама для шырокай грамадскасці. Будзе закранутая тэма эфектыўнага выкарыстання «новых медыя»: электронных лістоў рассылкі, сацыяльных сетак, блогаў.

Навучанне бясплатнае. Унёсак удзельніка на арганізацыю харчавання і закупку канцтавараў для курса складае 40 000 беларускіх рублёў за кожны семінар. Іншагароднія ўдзельнікі самастойна пакрываюць свае транспартныя выдаткі.

Па заканчэнні навучальнага курса выпускнікі, якія паспяхова выканалі ўсе кампаненты праграмы, атрымаюць сведчанне аб удзеле ў курсе.

Навучальны курс праводзіць Віталь Нікановіч, спецыяліст па арганізацыйнаму развіццю РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», спецыяліст па сацыяльнай працы (МГСУ, 2003), праектны менеджэр (EYC CoE, 1999); трэнер у галіне нефармальнай адукацыі (FED, 1998).

Для ўдзелу ў навучальным курсе неабходна запоўніць заяўку не пазней за 20 студзеня 2012 года.

Заяўка запаўняецца он-лайн па адрасе: http://belau.info/.

Групы фарміруюцца на конкурснай аснове. Колькасць удзельнікаў у кожнай групе – 20 чалавек. Прыярытэт у конкурсе будуць мець кандыдаты, якія з’яўляюцца членамі або супрацоўнікамі некамерцыйных арганізацый. Удзельнікі навучальнага курсу, абраныя па выніках конкурсу, атрымаюць персанальнае запрашэнне на навучальны курс не пазней за 23 студзеня 2012 г. на адрас электроннай пошты, указанай у заяўцы.

Падрабязней: http://www.belau.info/docs/Week-end_01-03.2012.pdf.

Паводле Адукацыя.інфо

«Навучанне ў weekend»

Пакінуць адказ