Студэнты, якія маюць інтэрнэт, атрымаюць магчымасць праз відэасувязь прысутнічаць на лекцыях ці семінарах ва універсітэце, а магчыма і здаваць іспыты.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшла прэзентацыя сістэмы навучання праз інтэрнэт. Беларускі ўніверсітэт вырашыў скарыстацца досведам замежных універсітэтаў, дзе такая практыка існуе ўжо працяглы час.
Рэктар універсітэта Міхаіл Батура спадзяецца, што Міністэрства адукацыі дасць дазвол таксама прымаць экзамены праз інтэрнэт.
Батура: “Згодна з палажэннямі дыстанцыйнай формы навучання, мы маем права прымаць іспыт толькі асабіста. Але гэта пакуль. Хоць у іншых краінах дазваляецца атэстацыю праводзіць па інтэрнэце. Але гэту новую магчымасць у выглядзе відэакансультацый можна распаўсюдзіць і на атэстацыю студэнта. Ён размяшчаецца ў сваім родным горадзе і ў яго няма неабходнасці, прыбываць сюды. Праўда, для гэтага трэба будзе атрымаць дазвол Міністэрства адукацыі, зацвердзіць новае палажэнне. Але мы да гэтага напэўна прыйдзем”.
У планах універсітэта ўжо ёсць правядзенне для беларускіх студэнтаў відэалекцый супрацоўнікаў Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі. Гэта буйны парк высокіх тэхналогій у Чыкага. Як паведаміў дэкан факультэта камп’ютарнага праектавання Сяргей Дзік, беларускім студэнтам раскажуць, як ствараюцца дадаткі для аперацыйнай сістэмы Android. Але на гэтым супрацоўніцтва з Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыяй не скончыцца.
Дзік: “Гэтая кампанія паставіць пэўнае прыстасаванне для практычнага выкарыстання ў лабараторных занятках студэнтаў. Я ўпэўнены, што гэта будзе запатрабавана. Далей мы плануем, што гэтая асацыяцыя будзе выдаваць сертыфікаты, якія будуць прызнаныя ва ўсім свеце. Думаю, гэта супрацоўніцтва будзе ўзаемавыгадным. Кампанія зацікаўленая, улічваючы высокаінтэлектуальны патэнцыял, які ёсць у нас у рэспубліцы. Многія са спецыялістаў, якіх мы рыхтуем, працуюць у кампаніях, звязаных з распрацоўкай праграмнага забеспячэння сумесна з гэтай Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыяй”.
Як адзначыў дацэнт кафедры сетак і прылад тэлекамунікацый універсітэта Віктар Цвяткоў, відэатрансляцыі спросцяць завочнае навучанне і навучанне людзей з фізічнымі абмежаваннямі.
Цвяткоў: “Ёсць людзі, якія проста жывуць далёка і не могуць прыехаць, і ёсць інваліды. Для завочнікаў будзе магчымасць, праслухаць лекцыі не толькі падчас сесіі на працягу некалькіх дзён, а калі яны захочуць, у запісе. Гэта значыць, якасць дыстанцыйнага навучання, завочнага навучання падымаецца на ўзровень вочнага навучання. Студэнтам застанецца толькі прыехаць і выканаць лабараторныя працы. Але і гэта ў перспектыве будзе зроблена дыстанцыйна”.
Кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі спадзяецца, што іх прыклад паўтораць і іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да стварэння ў Беларусі электронных універсітэтаў.
Паводле kariera.by