Гаворым па-беларуску і вучымся пазбягаць непатрэбных нікому памылак.
Гаворка ідзе пра памылку, якая ўзнікае ў выпадках, калі выкарыстоўваюць слова, правільнае само па сабе і, здавалася б, цалкам дапасаванае па сэнсе, але неспалучальнае з іншымі словамі ў тэксце або з агульным стылем тэксту.
Першы варыянт – выкарыстанне слова там, дзе яно не спалучаецца з другім словам па правілах беларускай мовы або з пункту гледжання асэнсаванасці (парушэнне лексічнай спалучальнасці). Нельга казаць “бегла” ці “залезла” пра змяю, паколькі ў яе няма ног, яна можа толькі “паўзці” (“запаўзці”, “ўпаўзці”, “прыпаўзці”). Нельга казаць “доблесны шпіён” ці “заўзяты выдатнік”, паколькі адно слова з кожнай пары нясе адабральнае адценне, а другое – асуджальнае. Нельга казаць “прыкладна наступны тэкст”, таму што адно слова мяркуе недакладнасць, а другое – абсалютную дакладнасць. Нельга казаць “большая палова”, таму што паловы не могуць быць большай і меншай, яны па вызначэнні роўныя. Нельга казаць “зламаць крыштальную вазу”, бо крышталь не ламаецца, а б’ецца. Нельга казаць “аблакаціцца плячом” – любой часткай цела, акрамя локця, можна “прыхінуцца” ці “абаперціся”, але ніяк не “аблакаціцца”. “Карымі” могуць быць толькі вочы, “неразлучным” – толькі сябар ці прыяцель, “торным” – толькі шлях, “стрыечным” – толькі брат ці сястра і г.д., і да т.п.
Наступны варыянт несумяшчальнасці слоў – несумяшчальнасць з эпохай (анахранізм). У якасці прыкладу анахранізму нагадаю, што словы “батальён”, “рота”, “легіён” і “арда” непрыдатныя для апісання старажытнагрэчаскіх воінаў, паколькі прыйшлі з іншых эпох і краін. Дарэчы, менавіта “воінаў” – слова “салдаты” таксама будзе недарэчным, таму што яно з’явілася значна пазней.
Несумяшчальнасць з становішчам узнікае тады, калі пры апісанні нейкіх сцэн або падзей выкарыстоўваюць словы, якімі ўдзельнікі або відавочцы гэтых падзей, апісваючы іх, не карысталіся б. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра Англію, наўрад ці дарэчы будзе сказаць “вагой два пуды”, “чатыры дзясяткі”, “царыца” ці “верставы слуп” – словы “пуд”, “вярста” і “цар” наўрад ці ўваходзяць у слоўнікавы запас сярэдняга англічаніна, ды і лічыць ён, хутчэй за ўсё, будзе не ў дзясятках, а ў тузінах. Селянін хутчэй будзе жыць у “хаце”, чым у “доме”, прычым у гэтай хаце будуць “сенцы”, “камора” і “падполле”, а ніяк не “пярэдні пакой”, “кладоўка” ці “падвал”. Яўген Анегін мог насіць “шлафрок”, але калі той жа самы шлафрок надзене простая савецкая хатняя гаспадыня, гэта ўжо будзе “халат” і г.д.
Несумяшчальнасць слоў з асобай персанажа з’яўляецца грунтам для мноства анекдотаў (напрыклад, пра прафесара, які пасля візіту сантэхніка пачынае выражацца як сантэхнік). Аднак, відавочна і тое, што не ўсякі тэкст – анекдот, і адну і тую ж думку розныя людзі выказваюць па-рознаму.
І, нарэшце, несумяшчальнасць па стылі. Напрыклад, калі тэкст напісаны ў апавядальным стылі, у ім недарэчныя канцылярызмы кшталту “вынесці на разгляд” ці “данесці да агульнага ведама”, архаізмы (г.зн. словы, якія выйшлі з ужытку), словы з высокага стылю, прафесійныя тэрміны і да т.п. А вось у афіцыйна-справавым або навуковым стылі дакладна гэтак жа будуць недарэчнымі словы з гутарковай мовы (“балабон”, “маторка”, “пляжыць”), прыблізныя ацэнкі (“на днях”, “тон пяць”, “пад два метры”) або словы з інтэнсіўнай эмацыйнай афарбоўкай (“надзвычайны”, “тандэтны”, “ідыёцкі”). Улічвайце гэта ў сваіх тэкстах і не прыпісвайце афіцыйным асобам слоў, думак і ўчынкаў, якія падыходзяць вучням дзіцячай спартыўнай школы – і наадварот.
Крыніца: mikalai-u.livejournal.com