Еўраклуб

Калі шэнген патаннее для беларусаў

Што патрэбна, каб “Шэнген” для беларусаў патаннеў? А патрэбна ўсяго ж толькі згода прымаць нелегалаў з ЕЗ!

Яшчэ ў мінулым годзе Польшча прапаноўвала нашай краіне пачаць перамовы наконт палягчэння візавага рэжыму з Еўразвязам. Але не ўсё так проста, як нам хацелася б, тлумачыць прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

Андрэй Савіных: “Прапанова аб перамовах аб парадку спрашчэння выдачы віз і, адпаведна, зніжэння кошту візы, ўвязваецца Еўразвязам з перамовамі па пагаднення па рэадмісіі”.

Гэта азначае, што Беларусь павінна пагадзіцца прымаць назад сваіх грамадзян, якія знаходзяцца ў ЕЗ нелегальна і якіх плануюць дэпартаваць. Але ёсць у пагадненні аб рэадмісіі 1 небяспечны нюанс. Калі праз нашу мяжу ў ЕЗ патрапілі грамадзяне іншых краін, напрыклад, Кітая, то высылаць іх будуць … ў Беларусь.

“Таму такія пытанні могуць разглядацца толькі пасля вывучэння меркаванняў ўсіх зацікаўленых ведамстваў, у кампетэнцыю якіх уваходзяць гэтыя праблемы, – тлумачыць Андрэй Савіных. – Гэта даволі сур’ёзныя пытанні, якія патрабуюць глыбокай прапрацоўкі. І, зразумела, гэта запавольвае любы працэс такога плану”.

Беларускі бок турбуецца, што з Еўразвяза дэпартуюць вялікая колькасць нелегальных мігрантаў, што, безумоўна, адаб’ецца і на фінансавым становішчы нашай краіны. Да таго ж, Беларусь будзе вымушана знізіць цану нашых віз для еўрапейцаў. Мы ж пакуль да гэтага не гатовыя, дадае Савіных.

Пагадненне аб рэадмісіі ў пакеце з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму падпісала ў 2008 годзе наша суседка – Украіна. Прыкладна, 5 мільёнаў украінцаў жывуць і працуюць у Еўразвязе. Многія з іх – незаконна.

“Але асаблівай тэндэнцыі, па вяртанні іх у парадку рэадмісіі, мы не ўбачылі, – распавядае кіраўнік Дэпартамента па справах уцекачоў МУС Украіны Наталля Навуменка. – Як бы там ні было, але Еўразвяз зацікаўлен ў кваліфікаванай рабочай сіле як з Украіны, так і з Беларусі , таму яны перыядычна праводзяць міграцыйныя амністыі. Адна з такіх амністый зараз праходзіць у Польшчы. Таму, пра нейкія маштабныя лічбы, з якімі сутыкнулася Украіна, у выніку перадачы яе грамадзян, я не магу сказаць”.

Сітуацыя з мігрантамі з трэціх краін, якія трапілі ў ЕЗ праз Украіну, а потым дэпартуюцца таму, таксама не напалохала нашых суседзяў.

Наталля Навуменка: “На самой справе, сітуацыя абсалютна адэкватная: звычайна, па дамове па рэадмісіі мы прымаем сваіх грамадзян, а прыняцце грамадзян трэціх краін дзейнічае толькі ў частцы паскоранай рэадмісіі. А гэта толькі тыя грамадзяне, якіх злавілі ў 30-кіламетровай памежнай зоне. Гэта каля 80 чалавек у год – гэта не так страшна, такія лічбы мы можам свабодна разглядаць “.

Ваганні беларускага боку наконт падпісання пагаднення па рэадмісіі з ЕЗ Наталля Навуменка тлумачыць адсутнасцю ў нас такога пагаднення з Расеяй – каб можна было “чужых” нелегалаў высылаць далей.

shengen

Паводле Еўрарадыё

Пакінуць адказ