Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Берасцейская вобласць па ўзроўню заробку апынулася на апошнім месцы ў Беларусі.
Як адзначыў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Міхаіл Аксяневіч, асабліва нізкія заробкі застаюцца ў сельскай гаспадарцы, і нават гэтыя грошы (напрыклад, у некаторых гаспадарках Ганцавіцкага раёна працаўнікі атрымоўвалі каля 200 тысяч рублёў) выплачваліся несвоечасова.
Чыноўнік таксама прызнаў, што калі мінулай восенню непрацуючым пенсіянерам была выдаткавана матэрыяльная дапамога ў памеры 500 тысяч рублёў на закуп гародніны, высветлілася, што існуючыя базы дадзеных тых, хто можа разлічваць на такую дапамогу, страцілі сваю актуальнасць, і гэта выклікала шматлікія канфліктныя сітуацыі.
Дарэчы, акрамя таго, што ў Берасцейскай вобласці самы нізкі ўзровень заробкаў, тут назіраецца і самы высокі працэнт малазабяспечанага насельніцтва. У той жа час колькасць заяваў на атрыманне адраснай дапамогі скарацілася. Чыноўнікі гадаюць: ці то ў многіх людзей ёсць схаваныя даходы, або яны проста не вераць у тое, што дзяржаўныя ўстановы акажуць падтрымку.
Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”