Гісторыя

Беларускія студэнты шанавалі цмока?

Разам з універсітэтамі на Беларусі з’яўляліся не толькі студэнцкія забабоны і прымхі, але і студэнцкія таварыствы са сваімі структурамі, кіраўнікамі, рытуаламі, узаемадапамогай і канспірацыяй.

Беларусь у гэтым плане не была выключэннем. З гістарычных крыніцаў нам вядома пра адно такое таварыства (дакладней, два таварыствы, створаныя па адным прынцыпе ў розных універсітэтах). Яго сябры шанавалі Цмока, лічылі яго сваім патронам і праводзілі таемныя рытуалы дзеля яго ўшанавання.

Першыя згадкі пра культ Цмока, якога пазней шанавалі студэнты Віленскага і Полацкага ўніверсітэтаў, прыпадаюць на час, калі яшчэ не існавала нават Віленскага ўніверсітэта як такога, але ўжо працаваў у сталіцы ВКЛ езуіцкі калегіюм. Дзеячы-кальвіністы штораз згадвалі гэтую з’яву з пагардаю, кажучы пра яе як пра своеасаблівую недапрацоўку ў місіянерскай дзейнасці езуітаў (тады яны ўспрымаліся менавіта як місіянеры, бо прыбылі на Беларусь адносна нядаўна). Так, кальвінісцкі святар, што перайшоў у гэтую на той час новую плынь хрысціянства з ісламу (паводле паходжання ён быў беларускім татарынам), Сцяпан Кабылін, піша ў лісце (па-беларуску, але арабскімі літарамі), датаваным 1573 годам: “Яко (лакуна) Цмока, яком(у) студэнты (езуіцкага калегіюма) ах(ф)яры уносяць і за прафесара шан(у)ют – шатан (гэта) і ісць”. Далей сп. Кабылін паглыбляецца ў выкрыццё езуітаў, і больш культу цмока не згадвае.

Малаверагодна, што культ Цмока быў прынесены ў асяродак навучэнцаў кімсьці з манахаў-езуітаў, бо першыя з іх з’явіліся на Беларусі (ў Вільні) толькі за год за заснавання калегіюма, у 1569 годзе, а пра шанаванне цмока езуітамі ў Заходняй Еўропе нічога не вядома. Дый гэта супярэчыла б і самому духу ордэна езуітаў, які быў створаны ў тым ліку і для барацьбы з ерасямі. Самай верагоднай уяўляецца версія, што ён перайшоў “у спадчыну” ад вучняў ці святароў, што выкладалі ў парафіяльнай школе, на базе якой развіваўся калегіюм…

Чытаць далей.

Фота: marketing.by

Фота: marketing.by

Пакінуць адказ