Поўнамаштабная падтрымка Масквы робіць лукашэнкаўцаў няўразлівымі да абмежавальных захадаў ЕЗ. А ЕЗ тым часам шукае новыя спосабы націску.
Беларускае пытанне не значыцца ў парадку дня пасяджэння Рады міністраў замежных спраў Еўразвяа ў Бруселі. Гэта вынік таго, што еўрапейцы пакуль не вызначыліся, як далей уздзейнічаць на Лукашэнка. Поўнамаштабная падтрымка Масквы, у тым ліку рэкордныя фінансавыя ўліванні, робяць лукашэнкаўцаў няўразлівымі да любых абмежавальных захадаў Еўразвяза. Кіраўнік Беларусі выклікае ў Еўропе агіду, але зрабіць з ім ЕЗ нічога не можа. Таму вымушана выкарыстоўваецца тактыка чакання.
Мая Качыянчыч, прэс-сакратарка найвышэйшай прадстаўніцы ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, паведаміла агенцтву БелаПАН, што міністры ЕЗ «могуць закрануць гэтае пытанне». Але ў дадзеным выпадку «могуць» не значыць «будуць».
Качыянчыч нагадала, што ў студзені Рада міністраў ЕЗ прыняў рашэнне пашырыць крытэры вызначэння асоб, якія парушаюць правы чалавека і якія дзейнічаюць у падтрымку беларускага рэжыму. «Аднак спіс асоб і далейшыя меры ціску на беларускія ўлады ўсё яшчэ абмяркоўваюцца», — дадала прэс-сакратарка. За словам «абмяркоўваецца» хаваецца, напрыклад, спрэчка Нямеччыны, Польшчы і Швецыі са Славеніяй. Як піша брусэльская газета Euobserver.com, «лёс беларускіх палітзняволеных можа аказацца ахвярай дробных бізнэс-інтарэсаў». Малая краіна Славенія на этапе папярэдніх перамоваў заблакавала ўнясенне ў чорны візавы спіс Еўразвяза Юрыя Чыжа.
Багаты беларускі бізнэсовец Чыж набліжаны да Аляксандра Лукашэнка. У Брусэлі яго лічаць адной з «кішэняў» кіраўніка Беларусі. Ягоная група кампаніяў «Трайпл» займаецца будаўніцтвам, забаўляльнай індустрыяй, рэстаранамі, супермаркетамі, турызмам, лагістыкай і аперацыямі з нафтапрадуктамі. Шмат што з гэтага ў Беларусі магчыма толькі са згоды найвышэйшага кіраўніка.
Пазіцыю Славеніі, піша EUobserver, можна растлумачыць тым, што нядаўна славенская кампанія «Рыка» група выйграла тэндар на будаўніцтва ў Мінску пяцізоркавага гасцінічнага комплексу «Кемпінскі» ў супрацоўніцтве з «Трайплам». Кошт узвядзення комплексу перавышае 100 млн еўра.
У той жа час еўрапейскія дыпламаты разглядалі магчымасць уключэння ў спіс яшчэ трох дзясяткаў лукашэнкаўцаў.
Тым часам афіцыйны Мінск у пытанні санкцый упершыню заручыўся падтрымкай Расіі на ўзроўні прэзідэнта. 24 лютага, напярэдадні дыскусіі ў Брусэлі, Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў выступілі з супольнай заявай. «Дзейнічаючы ў духу агульнага падыходу, узгодненага паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, а таксама з улікам неаднаразовых заяваў ЗША і Еўрапейскага саюза аб магчымасці прымянення эканамічных абмежаванняў у адносінах да Рэспублікі Беларусь, прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі пацвярджаюць недапушчальнасць выкарыстання мер эканамічнага ціску альбо прымусу ў міждзяржаўных адносінах», — гаварылася ў заяве. За некалькі дзён да таго Лукашэнка папярэдзіў аб гатоўнасці жорсткага адказу на санкцыі ЕЗ.
«Гэтыя санкцыі, якімі вы, еўрапейцы, размахваеце перад нашым носам, вы зразумейце — мы пакуль трываем. Але калі толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка, — заявіў ён 20 лютага. — Сёння спрабаваць нас дзесьці прыструніць, пакрыўдзіць, пакараць — бесперспектыўна. Для нашай краіны, калі шчыра казаць, супрацоўніцтва з Расеяй, Кітаем, Індыяй, Цэнтральнай Азіяй больш чым дастаткова», — падкрэсліў Лукашэнка.
Еўрапейцам няма чаго адказаць на такія заявы. Еўразвяз умее працаваць з краінамі, якія самі імкнуцца ў ЕЗ, але мае мала інструментаў уздзеяння на прынцыповых праціўнікаў Еўропы. У такіх абставінах Еўразвяз будзе схільны цярпліва падтрымліваць усё, што ўмацоўвае беларускую самастойнасць і незалежнасць ад Расіі, але без рэзкіх крокаў і вялікіх спадзяванняў.
Паводле Нашай Нівы
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…