Беларускія мілагучныя чароўныя словы так часта нічога не гавораць нават самім беларусам. Яны ўжываюцца ўсё радзей і нават у самой беларускай мове заменены расейскімі эквівалентамі.
Чаму склалася так, што спрадвечна беларускія словы патрабуюць пераклада на расейскую мову для іх разумення нават карэннымi беларусамi?
Ці гавораць вам пра штосьці словы сталец, фатыга, чуга або шпег? А між іншым словы гэтыя спрадвечна беларускія. Імі доўгі час карысталіся нашы продкі, толькі ў пэўны перыяд яны, як і шэраг іншых выразаў, зніклі.
Карэспандэнт “Народнай Газеты” Людміла МІНКЕВІЧ спытала ў кандыдата філалагічных навук, дацэнта, загадчыка аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, вучонага сакратара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі Ігара КАПЫЛОВА.
— Вучоныя кажуць, што словы, як і жывёлы, расліны, могуць выміраць у выніку натуральнага адбору. Як гэта зразумець? І чаму так адбываецца?
— Мову таксама можна лічыць жывым арганізмам, які пастаянна знаходзіцца ў развіцці і чуйна рэагуе на ўсе змены. Як жывёлы, расліны, яна прайшла складаны шлях эвалюцыі. Змяняліся эпохі, сацыяльна-эканамічны ўклад жыцця, узнікалі новыя прадметы і найменні, адпаведна старыя рэаліі адыходзілі ў гісторыю, змяняўся слоўнікавы склад мовы. І ў розныя перыяды былі словы, якія актыўна функцыянавалі ў мове, і словы, якія выходзілі з ужытку і станавіліся архаізмамі або замяняліся новымі словамі. Гэта абсалютна натуральны працэс, без якога немагчыма развіццё любой мовы. У тым ліку і беларускай, у гісторыі якой былі і перыяды росквіту, і перыяды заняпаду.
— І калі ж наша мова дасягнула найбольшага росквіту?
— У XV—XVI стагоддзях. Гэта быў перыяд, калі старабеларуская мова абслугоўвала ўсе найважнейшыя сферы грамадскага жыцця: на ёй вялося справаводства, ажыццяўлялася дыпламатычная перапіска, стваралася навуковая і мастацкая літаратура, перакладаліся замежныя творы. Адпаведна ў ёй была шырока прадстаўлена юрыдычная, вайсковая, лінгвістычная, грамадска-палітычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая тэрміналогія. Аднак многія словы, якія былі агульнаўжывальнымі і зразумелымі для тагачаснага грамадства, могуць быць абсалютна незразумелымі для нашага сучасніка, паколькі ў сучаснай мове яны або зусім не ўжываюцца, або сустракаюцца толькі ў творах мастацкай літаратуры і гістарычных працах: абэцадла (алфавіт), алебарда (доўгае плоскае або гранёнае кап’ё з прымацаванай да яго сякерай або паўмесяцападобным лязом), бонда (маёмасць, грошы, збожжа), дзякло (падатак збожжам), маршалак (міністр пры каралеўскім двары), сталец (трон, сталіца), талер (буйная сярэбраная манета), трыбунал (вышэйшы апеляцыйны суд у ВКЛ), фатыга (клопат), чуга (вузкі кафтан), шпег (асоба, якая вяла судовае следства, расшуквала злачынцаў, падазроных асоб, збірала пра іх інфармацыю), ярынны (блакітны), ясыр (здабыча, палон), ятка (мясная лаўка) і іншыя.
— Чаму гэтыя словы сёння не ўжываюцца? Яны ж і мілагучныя, і каларытныя, і галоўнае — спрадвечна беларускія.
— На лёс гэтых старабеларускіх слоў, як і шматлікіх іншых, паўплывалі многія фактары. У першую чаргу палітычныя абставіны: у 1696 годзе на Варшаўскім сейме было забаронена ўжыванне старабеларускай літаратурнай пісьмовай мовы, а афіцыйнае справаводства пераведзена на польскую мову. У выніку многія словы назаўсёды зніклі, некаторыя заставаліся жыць у вусным маўленні.
— Але ж у гісторыі беларускай мовы быў і час адраджэння…
— Так, у другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя пасля амаль трохсотгадовай забароны беларуская літаратурная пісьмовая мова пачала адраджацца. Асабліва важную ролю ў станаўленні лексічных норм адыграла першая легальная беларуская газета “Наша Ніва”, на старонках якой друкавалі свае творы прадстаўнікі розных рэгіёнаў Беларусі. Адпаведна ў газеце была прадстаўлена лексіка розных тэрыторый. У гэты перыяд новае, пісьмовае жыццё набылі такія словы, як гуртаўнік (кампаньён), шчырбор (лес, у які не ступала нага чалавека), ручыць (шанцаваць), абапольны (узаемны), акалічны (навакольны) і іншыя. Часам для абазначэння аднаго і таго ж прадмета, з’явы, дзеяння ўжываліся два розныя беларускія словы: досвітак — доднік; стайня — канюшня; волат — асілак; студня — калодзеж; валошка — васілёк; калыска — люлька. Уплывалі на лексічны склад нашай мовы суседнія руская і польская. Так, на старонках газеты можна было сустрэць адначасовае ўжыванне слоў малітвы — пацеры — модлы; чарніла — атрамэнт; гадзіннік — зэгарак; нарэшце — наканец; студзень — стычань — январ. Такім чынам, існавала своеасаблівая канкурэнцыя лексічных сродкаў, у выніку якой адбываўся натуральны адбор і фарміраванне лексічных норм.
— А якая сітуацыя назіраецца сёння? Ці “ўваскрашаюцца” словы?
— У апошнія дзесяцігоддзі адбываецца нацыяналізацыя беларускай мовы — ужыванне адметных беларускіх слоў пашыраецца перш за ўсё за кошт увядзення ў актыўны ўжытак устарэлай і рэгіянальнай лексікі. Вельмі паказальнымі ў гэтым плане з’яўляюцца словы мытня, мытнік, якія шырока ўжываліся ў старабеларускай мове ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага, затым зніклі з ужытку на стагоддзі, а ў апошнія дзесяцігоддзі адрадзіліся і фактычна выцеснілі з ужывання словы таможня, таможнік. Трывала ўвайшлі ў моўную практыку словы наступствы (адмоўныя, непажаданыя вынікі), стасункі (адносіны паміж людзьмі), варункі (умовы), унёсак (уклад). Зараз вяртаюцца ў мову многія словы з 30-х гадоў XX стагоддзя: шараговы (радавы), выспа (востраў), рада (савет), адсотак (працэнт) і многія іншыя. У сродках масавай інфармацыі часта можна сустрэць варыянты слоў: чай — гарбата; строй — шыхт; абвестка — аб’ява; фактар — чыннік; кветка — краска; аптэка — зельня; чайнік — імбрык; май — травень; вакацыі — канікулы; вадзіцель — кіроўца; балельшчык — заўзятар; дача — лецішча; працэнты — адсоткі; скаварада — патэльня; талон — квіток; мяжа — граніца; кіёск — шапік і многія іншыя. Якому з лексічных варыянтаў наканавана доўгае жыццё ў мове, а які хутка можа знікнуць, пакажа час. А можа, застануцца абодва варыянты як раўнапраўныя, тым самым папоўніўшы і ўзбагаціўшы лексічны склад мовы. Наша першачарговая задача зараз — стварыць новы фундаментальны тлумачальны слоўнік беларускай мовы, у якім будзе зафіксаваны сучасны лексічны стан мовы.
— Апошні час у беларускай мове з’явілася шмат запазычанняў. Наколькі асцярожна мы павінны да іх адносіцца?
— Вядома, захапляцца запазычаннямі не варта. Напрыклад, для рускага слова общаться часам прапануюць устарэлае малазразумелае польскае слова абцаваць. Ці не лепшымі эквівалентамі для перакладу будуць словы кантактаваць, камунікаваць, гутарыць, размаўляць. Або часам мабільны тэлефон называюць польскім словам слухаўка. Аднак большую пагрозу моўнай экалогіі сёння нясуць не запазычанні з польскай, рускай або ўкраінскай мовы, а англа-амерыканізмы, якія ў вялікай колькасці трапляюць у мову, часам замяняючы і падмяняючы нацыянальную лексіку. Таму актуальнай задачай сённяшняга дня застаецца захаванне ў складаных умовах татальнай тэхнакратызацыі, міждзяржаўнай інтэграцыі і сусветнай глабалізацыі нашай нацыянальнай мовы як першаэлемента нацыянальнай культуры, фактара самабытнасці беларускага народа і адметнасці нашай незалежнай дзяржавы.
Паводле: “Народная Газета”.