Грамадства

Гістарычнаму цэнтру Берасця пагражае знішчэнне

 Прыватная фірма «MFB Development» плануе пабудаваць 6-павярховую гасцініцу на месцы будынкаў № 43 и 45 па вул. Савецкая (насупраць іранскага бізнес-цэнтра), якія уключаны у дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны.

Нядаўна ў Берасці адбылася горадабудаўнічая рада, якая разглядала праект ад «MFB Development». Не ўсе з ім згадзіліся. Архітэктары са здзіўленнем пыталі – хто ж так будуе? Вакол невялікіх гістарычных будынкаў вырасце 6-павярховая гасцініца. Як жа яна будзе выглядаць на фоне астатня забудовы?

Шмат ведаць – шкодна!

Мясцовы каардынатар Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк хацеў даведацца, якую выгаду мае горад ад будаўніцтва гасцініцы, і прасіў прадставіць інфармацыю пра інвестыцыйную дамову паміж аблвыканкамам і прыватнай фірмай «MFB Development». У просьбе яму было адмоўлена, пасля чаго спадар Турчаняк звярнуўся у суд.Але суд адмовіў задаволіць яго скаргу .

Актывіст падкрэслівае, што хаваючы умовы інвестыцыйнай дамовы, гарадскія ўлады даюць падставу падазраваць іх у карупцыі.

Калі хаваць няма чаго, то навошта такая сакрэтнасць, быццам бы будуюць не гасцінцу, а ваенны аб’ект?

Няма магчымасці дзейнічаць па закону

З будынкаў, якія маюць ператварыцца ў гасцініцу, ўжо адсялілі амаль усіх жыхароў. Некаторыя пераязджалі адсюль пасля судовых разбораў. Ня выселілі толькі Ўладзіслава Абрамовіча, які ўжо некалькі гадоў змагаецца за сваю нерухомасць.

Выгляд дома №45 з боку двара

«Нядаўна быў на горадабудаўнічай радзе з удзелам берасцейскага мэра, дзе разглядаўся праект будаўніцтва гасцініцы на месцы гістарычных аб’ектаў. Мэр Аляксандар Палышэнкаў сцвярджаў, што складана знайсці інвестараў для рэканструкцыі гэтых будынкаў, каб адбудоўваць іх у існуючых аб’ёмах, каб гэта цалкам адпавядала заканадаўству па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, – расказвае спадар Абрамовіч.  – І ён задаў такое рытарычнае пытанне, ці ня згодны я рэканструяваць гэтыя будынкі. А я яму адказаў, што згодны, што знайду і іншых зацікаўленых асобаў, якія мне дапамогуць. Гэтую згоду я пацвердзіў і пісьмова. Зараз чакаю, што мне на гэта адкажуць».

***

Актывісты Руху “За Свабоду” сур’ёзна занепакоеныя планамі ўладаў па прыцягненні інвестыцый на перабудову цэнтра горада . Прыклад з двума будынкамі на Савецкай – гэта толькі пачатак. Ці будзе перабудова надалей весціся законным шляхам – пытанне адкрытае.

Нагадаем, што гэта ўжо другая ў гісторыі горада спроба знішчыць яго гістарычны цэнтр. Першая была ўдалая для царскіх уладаў яшчэ ў ХІХ стагоддзі. На месцы першага гістарычнага цэнтра была тады збудаваная Брэсцкая крэпасць. Што ж чакае другі гістарычны цэнтр? Ці цяперашнія ўлады будуць настолькі ж абыякавыя да мясцовай гістарычнай спадчыны, як і папярэднікі?

Паводле “Еўрарадыё”, “Виртуальный Брест” і “Радыё свабода”

Пакінуць адказ