Беларусі канчаткова адмоўлена ў яе жаданні далучыцца да Балонскага працэсу. Наступны шанец далучыцца да працэсу наша краіна атрымае толькі ў 2015 годзе.
Беларускае пытанне цалкам знятае з павесткі дня бліжэйшага саміту міністраў адукацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, які пройдзе на наступным тыдні ў Бухарэсце.
Беларусі, якая ў снежні 2011 году падала заяўку на далучэнне да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, што яднае ўсе краіны Еўропы, акрамя нашай, адмоўлена ў сяброўстве ў гэтай арганізацыі. Прычына ў тым, што Беларусь не выконвае прынцыпы і каштоўнасці Балонскага працэсу, такія як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.
Як раней паведамляў Generation.bY, у студзені 2012 году працоўная група Балонскага працэсу (BolognaFollow-Up Group), якая займаецца бягучымі пытаннямі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, рэкамэндавала адмовіць Беларусі ў яе далучэнні да Балонскага працэсу. Аднак канчатковае рашэнне мусілі прыняць 47 міністраў адукацыі на саміце ў Бухарэсце 26–27 красавіка.
Цяпер стала вядома, што на новым паседжанні працоўнай групы беларускую заяўку на далучэнне вырашана было цалкам зняць з павесткі дня саміту. Аб гэтым піша European Voice. Наступная сустрэча міністраў пройдзе ў 2015 годзе ў Ерэване. Там беларуская заяўка можа быць разгледжаная наноў.
Беспрэцэдэнтны выпадак
Адмова Беларусі стала беспрэцэдэнтным крокам для Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Дагэтуль не было выпадкаў, каб заяўку краіны, што жадала ўвайсці ў Балонскі працэс, адхілялі з-за яе неадпаведнасці крытэрам прасторы. У Балонскі працэс прынялі нават такія далёкія ад дэмакратыі краіны, як Казахстан і Азербайджан.
«Мы лічым, што дазвол Беларусі далучыцца да Балонскага працэсу быў бы выкарыстаны дзяржаўнай прапагандай, аднак зрабіў бы мала карыснага для студэнтаў і выкладчыкаў у такіх накірунках, як іх права на атрыманне адукацыі і правядзенне даследаванняў», — кажа старшыня Еўрапейскага студэнцкага звязу Алан Пол.
Генэральны сакратар Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі Лэслi Ўілсан кажа, што няясна, ці змаглі б беларускія ВНУ і іх студэнты шмат займець ад далучэння да Балонскага працэсу.
«Аднак беларускія ўлады могуць выкарыстаць сяброўства ў адзінай еўрапейскай прасторы як прызнанне іх палітыкі ў сферы вышэйшай адукацыі», — кажа генэральны сакратар.
Крыніца: generation.by