Categories: Грамадства

Глеб Лабадзенка: “Пра пачварныя ўчынкі трэба казаць уголас”

Хваробы грамадства лепш за ўсіх ведае журналіст – чалавек, які працуе з людзьмі штодня. Справа журналіста жыве ўсяго адзін дзень, і як толькі ягонае імя знікае са старонак газет, чытачы забываюць свайго інфарматара. Герой майго інтэрв’ю раней быў вядомы (нават скандальна!) кожнаму чытачу “Камсамолкі”, затым “Звязды”. Сёння Глеб Лабадзенка працягвае рыхтаваць матэрыялы для інтэрнэт-парталу TUT.BY i сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў. Што будзе са “Звяздой”, каго рыхтуюць на журфаку і якія высновы робіць са сваёй працы беларускі карэспандэнт – усё гэта мы высвятлялі падчас гутаркі.

Gleb Labadzenka

–    Глеб Паўлавіч, журналістыка была вашым захапленнем з дзяцінства?
–    Аднойчы ў школе трэба было падрыхтаваць адкрыты ўрок. Усе нешта рабілі, і я напісаў свой першы  верш  пра Радзіму на беларускай мове. Тады мне было трынаццаць гадоў.  Потым вырашыў пазнаёміцца з Рыгорам Барадуліным – жыве са мной у адным горадзе такі чалавек, а я асабіста яго не ведаю – як так? Знайшоў нумар, патэлефанаваў. Нават у школьнай бібліятэцы скраў ягоную кнігу, бо ў продажы было не знайсці.  Ён стаў першым чалавекам, які параіў мне дзе-небудзь надрукаваць свае вершы. З аўтографам паэта “таленавітаму паэту Глебу Лабадзенку ад Рыгора Барадуліна” пайшоў як са сцягам у рэдакцыю часопіса “Бярозка”. Паказваў кнігу замест пасведчання (смяецца). Так і пачалося… А ў  газеце “Голас Радзімы” прапанавалі напісаць артыкул. Паспрабаваў – спадабалася.  Калі выходзілі першыя матэрыялы, купляў па 20 экземпляраў газеты і раздаваў настаўнікам у школе – ставілі адны пяцёркі (смяецца). Пасля ж “ускочыў у апошні вагон” – ішоў, здаецца, астатні год алімпіяды “Абітурыент журфака”, у якой я яшчэ паспеў узяць удзел. У выніку на журфак мяне ўзялі без іспытаў. Але ж на той момант я ўжо меў пад 200 публікацый.

–    Пашанцавала… Чаму для працы выбралі менавіта “Звязду”, а не іншае выданне?
–    Да “Звязды” я пяць гадоў працаваў у “Камсамольскай праўдзе” ў Беларусі”. Якраз гэта быў час вучобы на журфаку. Сышоў з “Камсамолкі” неўзабаве пасля змены кіраўніцтва: новая рэдактарка запатрабавала, каб сядзелі на працы, ўвяла іншую сістэму аплаты… Калі раней плацілі за якасць,  то цяпер – за колькасць знакаў. Хіба справаздачу з прэсухі можна параўноўваць з рэпартажам, калі журналіст залез у каналізацыю? Гэта аднолькава ацэньваць трэба? Такія рэчы разумее кожны нармальны журналіст. А тое, што запатрабавалі быць “ад званка да званка”… Няўжо ў гэтым – праца журналіста? Ды калі б мяне прымусілі сядзець у офісе на адным месцы, я б застрэліўся!
На абароне дыплома прысутнічаў галоўны рэдактар “Звязды,” Уладзімір Наркевіч, якога цяпер выгналі. Ён прапанаваў мне працу, але “зачараваў”тым, што дазволіў увогуле не хадзіць у рэдакцыю. За два гады я сапраўды ні аднаго дня не сядзеў у рэдакцыі – і тым часам напісаў 246 матэрыялаў. Вось – мудрасць рэдактара! З цяперашнім рэдактарам я б нават і не пачынаў працаваць.

–    Ваш прагноз: што далей адбудзецца са “Звяздой”?
–    Яна знікне цягам блізкага часу. Не прайшло і два месяцы пасля прыхода новага рэдактара ў пагонах, як пачалося аб’яднанне “Звязды” з “Літаратурай і мастацтвам”. Усё цяпер зводзіцца да таго, каб засталіся “Савецкая Беларусь” і  нейкая газета, на фоне якой “СБ” будзе добра выглядаць. Таму мой прагноз сумны: “Звязда” будзе знішчаная.

–    Памятаю тыя часы, калі мы, студэнты, прыносілі “Звязду” на заняткі. Былі выдатныя прыклады рэпартажаў, расследаванняў, інтэрв’ю. Пасля вашае імя ўвогуле знікла са старонак газеты…
–    Для мяне звальненне не было ані нечаканасцю, ані трагедыяй. Я ведаў неафіцыйна, што гэта загад Радзькова, навуськаў якога рэктар Універсітэта культуры Святлоў – помсціў за канкрэтны матэрыял пра ягоны ўніверсітэт. Уладзімір Наркевіч зрабіў усё што мог: да гэтага два разы ў яго патрабавалі мяне выгнаць. Фактычна, ён трымаў мяне, рызыкуючы сабой… І за гэты час я ні разу не спазнаў на сабе цэнзуру.  Хоць з першага дня цудоўна разумеў, што ў гэтай газеце з’яўляюся “чужародным элементам”.

–    Мяне таксама здзіўляла, як Вы пратрымаліся ў “Звяздзе”столькі часу…
–    Майку на сабе я не драў і змагацца з ветракамі таксама не збіраўся, таму дысідэнта з сябе рабіць не буду. Для мяне гэта быў цікавы эксперымент – ці можна ў дзяржаўнай газеце пісаць і друкаваць добрыя матэрыялы. І атрымалася! Пасля свайго звальнення я маўчаў, толькі каб не нашкодзіць Уладзіміру Браніслававічу. Калі ж Наркевіча знялі з пасады, новы рэдактар абсалютна па-хамску выгнаў майго сябра і калегу Яўгена Валошына, які займаўся журналісцкімі расследаваннямі. Сёння ні адзін журналіст “Звязды” не зможа пранікнуць у прытон, зварыць наркотыкі, атрымаць за гэта па мордзе ды яшчэ і рэпартаж напісаць! Звольнілі ўнікальнага журналіста! Тады мы з Яўгенам раіліся, што рабіць. І зразумелі, што цяпер няма чаго маўчаць – таму і напісалі пра гэта адкрыта і шчыра. Пра пачварныя ўчынкі трэба казаць уголас.

–    Дык можа была думка перайсці ў “Нашу ніву”, напрыклад?
–    Ёсць газеты, дзе хочацца працаваць, а ёсць – якія хочацца толькі чытаць.

–    Падчас працы ў “Звяздзе” на вас часта прыходзілі скаргі з міністэрстваў. Ці выпрацавалі схему супрацьдзеяння?
–    Паперкі прыходзілі з самых розных установаў. Дзякуючы фантастычнай мудрасці рэдактара, ні адна з іх мяне не закранула. Я і падумаць не мог, што ў “Звяздзе” будзе так. Пры цяперашнім кіраўніку я б вылецеў пасля першай такой “скаргі”.

    То бок, да адвакатаў звяртацца не даводзілася?
–    Не. “Я падам на цябе ў суд і спаганю з цябе за матэрыяльны і маральны ўрон”, – так многія казалі. Аднак ніхто гэтага не рабіў. Можа быць, таму, што ў судзе пошліну трэба плаціць (смяецца).

–    Якой Вы бачыце беларускую журналістыку праз пятнаццаць гадоў?
–    Усё залежыць ад таго, што зменіцца ва ўладзе. Мой бацька нядаўна знайшоў на лецішчы газету “Имя” за 1997 год, у якой Лябедзька даваў каментар: “Гэта агонія ўлады, засталося пару месяцаў да канца…”  У 2010 годзе мне таксама здавалася, што хутка ўсё зменіцца. Асабліва, калі ішла калона з адной плошчы на другую – гэта былі дзесяць хвілін эйфарыі… Калі даляр вырас у тры разы, мне другі раз здавалася, што зараз дакладна ўсё скончыцца. Аднак народ не задумаўся, як змяніць сітуацыю, а пачаў закупацца крупамі. Увогуле, беларусы – гэта практычныя, прагматычныя людзі, якім пляваць на “абстрактныя” каштоўнасці дэмакратыі…

Сённяшняя журналістыка па ўзроўні свайго развіцця знаходзіцца ў сямідзясятых гадах мінулага стагоддзя, аднак я не здзіўлюся, калі праз пятнаццаць гадоў усё застанецца на сваіх месцах. Чакаючы зменаў, мы марнуем час. Менавіта па гэтай прычыне людзі не працуюць у поўную сілу і губляюць кваліфікацыю… Як выйшла: адкрылі тэлеканал “Белсат”, і раптам высветлілася, што людзі, якія калісьці працавалі на тэлебачанні, ужо забылі, як гэта робіцца. Бо ўсё змяняецца: тэхналогіі, прыёмы, фармат! Стала ясна, што трэба нанова вучыць і іх, і моладзь.

–    Тым не менш, журфак штогод  выпускае цэлы натоўп “універсальных журналістаў”, якія па ідэі ўмеюць рабіць усё: пісаць тэксты, рабіць фатаграфіі, здымаць на відэа. Але ж ці павінен сучасны журналіст хапацца за ўсё і адразу?
–    У гэтым плане я абсалютна няправільны чалавек, бо на маю думку, павінен. Але я ўжо не аднойчы сварыўся з фатографамі і аператарамі, якія казалі, што такі падыход – дылетанцкі. Скажу так: гэта не мае быць правілам, каб адзін рабіў усё. Аднак, калі высвятляецца, што ты не можаш “перагнаць” відэа з тэлефона на кампутар, парэзаць, паменшыць і даслаць – грош табе цана. Сенсацыйны здымак мінулага года – выяву забітага Кадафі – зрабіў не журналіст. Вось прыклад падзеі, якая здараецца тут і цяпер, а  побач няма фотакарэспандэнта. Ты не маеш права гэта прапускаць, таму трэба ўмець рабіць усё і, пажадана, якасна.

–    Плануеце выдаць падручнік па журналістыцы?
–    Нашае майстэрства – вельмі суб’ектыўнае. Напрыклад, няма адзінага рэцэпта па напісанні рэпартажа… З верасня мінулага года я выкладаю журналістыку ў Маладзечна, паказваю навучэнцам нейкія прыёмы з свае практыкі. Гэта каштоўна і для мяне самога, бо я парадкую інфармацыю ў галаве. Задумы па выданні ўласнай кніжкі ёсць. І я  абавязкова гэта некалі зраблю. Бо цяпер існуюць  альбо ўбогія савецкія падручнікі, альбо замежныя, з якіх мала што прыдатна для працы ў нашай краіне – свая спецыфіка… Ёсць ідэальныя рэчы, прапісаныя ў падручніку, а ёсць практыка. “Папярэджвайце суразмоўцу, калі ўключаеце дыктафон”. Канешне, гэта правільна! А што рабіць, калі 80% людзей пасля гэтага адмовяцца размаўляць?.. Журналісцкая рэальнасць вельмі адрозніваецца ад тэарэтычных канонаў.

–    У сваім блогу Вы часта выкарыстоўваеце грубую лексіку…
–    Напрыклад?

–    “Адмарозкі”.
–    Гэта я так называю дзве катэгорыі людзей: міліцыю і тых, хто знішчае помнікі архітэктуры (смяецца).

–    Дык Вы ставіце сябе на адзін узровень з гэтымі людзьмі.
–    Па-першае, у блогу – нежурналісцкія матэрыялы. Гэта блог грамадзяніна, якога хвалююць тыя ці іншыя рэчы. Па-другое,  стараюся быць шчырым. Калі я бачу тых, хто руйнуе помнікі архітэктуры, стрымліваць сябе не магу. Гэта многім не падабаецца. Але для мяне важней застацца самім сабой, а не падабацца ўсім і крывадушнічаць.

–    Але ж ёсць рызыка, што нянавісць будзе трапляць і ў журналісцкія тэксты.
–    Насамрэч, я вельмі дакладна гэта размяжоўваю. Ёсць эмоцыі, а ёсць праца.

–    Пад вашымі матэрыяламі нярэдка з’яўляецца шлейф з каментараў – як станоўчых, так і адмоўных. Ці ёсць карысць з крытычных меркаванняў?
–    Толькі з канструктыўнай крытыкі. Галоўнае – быць упэўненым у тым, што ты робіш, і не адмаўляцца ад сваіх слоў. Аднойчы на мяне падалі ў Камісію па этыцы БАЖ… Давялося прызнаваць свае словы: так, я сапраўды так думаю. Пісаць тое, што думаеш – гэта проста. Наконт каментатараў на нашых сайтах: у мяне такое адчуванне, што гэта людзі, якія не рэалізавалі сябе ў жыцці. Уся яго работа – выліваць сваю злосць у каментарах. Да такіх людзей у мяне толькі адно пытанне: “А што зрабіў ты?”

–    А вайна з рэдактарам за артыкул  калі-небудзь здаралася?
–    Мне пашанцавала працаваць з двума выбітнымі рэдактарамі: Юліяй Слуцкай і Уладзімірам Наркевічам. Таму такіх пытанняў не ўзнікала. У нас сітуацыя ўнікальная: добрых журналістаў нашмат больш за добрых рэдактараў. Апошнія лічаць сваім абавязкам што-небудзь выправіць у тэксце – незалежна ад таго, ці трэба. Гэта трагедыя. І, дарэчы, мала хто ўмее прыдумляць добрыя загалоўкі. Сумна, што базавым ведам не вучаць на журфаку, пяць гадоў на якім далі мне нуль у прафесійным плане.

–    Насамрэч, вельмі мала выкладчыкаў, якія спалучаюць журналісцкую працу з дзейнасцю ва ўніверсітэце.
–    Журфак – гэта добрая гуманітарная адукацыя. Тут выдатна выкладаюцца мовы, літаратуры, гісторыю, агульныя прадметы… А вось узровень журналісцкай адукацыі ніжэйшы за плінтус. Сёння на журфаку амаль няма выкладчыкаў-журналістаў. Ёсць “дыназаўры” яшчэ савецкага перыяду. Ёсць няздары, якія не рэалізавалі сябе ў журналістыцы, таму прыйшлі выкладаць. І ёсць тэарэтыкі, якім папросту не верыш. Таму, што патрэбна ў нармалёвых сучасных СМІ, тут не навучаць. Журфак рыхтуе ідэальных супрацоўнікаў дзяржаўных раёнак. Вось чаму ў мяне з выразам “прыстойная журналісцкая адукацыя” журфак не асацыюецца.

–    Ёсць матэрыялы, якія запомніліся на ўсё жыццё?
–  Запомнілася размова з прафесарам Юрыем Бандажэўскім, якая адбылася праз чатыры дні пасля яго выхаду з турмы. Сем гадоў навуковец правёў на “хіміі”, аднак грамадскаць ім не асабліва цікавілася, хоць можна было яго наведваць. Актывізаваліся журналісты пасля таго, як спадара Юрыя вызвалілі. Між іншым, гэта прафесар з сусветным іменем, ганаровы грамадзянін Францыі, чалавек з Пашпартам свабоды. Падчас размовы з Юрыем Бандажэўскім я дазволіў сабе нетактоўнае пытанне: “Ці ўдалося Вам падняць надоі ў кароў?”. Бо на хіміі ён пасвіў кароваў і адказваў за іх машыннае даенне. Ён адказаў: “Яшчэ адно такое пытанне, і інтэрв’ю будзе скончана. Так, мяне прымушалі месці двор і глядзелі на гэта, здзекваліся. Але я заўсёды захоўваў чалавечую годнасць”. Гэтую рэпліку – самую важную ў матэрыяле –  я пакінуў слова ў слова, як гэта ні рэзала маё самалюбства. Вось такія прыклады – самая каштоўная адукацыя.

Аўтар: Кацярына Радзюк

Фота з асабістага архіву Глеба Лабадзенкі

dzedzich

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago