Грамадства

Палітвязні не выказваюць надзеяў на хуткае вызваленне

На мінулым тыдні грамадскія актывісты з Бялыніцкага раёна атрымалі шэраг лістоў і паштовак ад беларускіх палітвязняў, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Палітзняволеныя выказвалі сваю падзяку за падтрымку, віншавалі з Велікоднымі святамі і дзяліліся сваімі меркаваннямі наконт апошніх падзеяў у краіне.

“Асабіста я атрымаў апошнімі днямі лісты і паштоўкі ад Зміцера Дашкевіча, Алеся Бяляцкага, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча і Мікалая Аўтуховіча, – распавядае бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч. – Усе палітвязні трымаюцца вельмі добра, настрой у іх аптымістычны. Праўда, надзеі на хуткае вызваленне таксама ніхто не выказвае, палітвязні даволі добра ведаюць пра падзеі, якія зараз адбываюцца на волі. З адказаў стала зразумела, што далёка не ўсе нашы лісты даходзяць да палітвязняў, у прыватнасці, да Мікалая Статкевіча і Мікалая Аўтуховіча. Мікалай Аўтуховіч вельмі непакоіцца пра сваю маці, Лідзію Юльянаўну, і просіць выказваць ёй маральную падтрымку. Магу таксама з упэўненасцю сказаць, што гэтых мужных людзей улады зламаць не змогуць”.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ