У краіне

“Успаміны Бацькаўшчы- ны”: праз 80 гадоў (ФОТА)

На мяжы Пружанскага і Камянецкага раёнаў, сярод цяжкапраходных балот, зараснікаў хмызнякоў і трыснёга, знаходзіцца ўнікальны музей, які не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.

 

У 1994 годзе яго стварыў чалавек, якога смела можна назваць легендай беларускай народнай творчасці – Мікалай Васільевіч Тарасюк. Сёння, 8 траўня, яму споўнілася 80 гадоў, але ён па-ранейшаму працягвае тварыць цуды з дрэва, саломы і кары.

На сённяшні дзень Мікалай Васільевіч з’яўляецца адзіным жыхаром вёскі Стойлы, якую з цяжкасцю можна знайсці нават у самым сучасным атласе.

У музеі, Мікалай Васільевіч сабраў усе свае работы, зробленыя пры дапамозе прымітыўных сталярскіх інструментаў: пілы, сякеры і нажа. Яго называюць сапраўдным чараўніком – выразаныя ім фігуркі з дрэва атрымліваюцца настолькі выразнымі, што той, хто іх бачыць, адразу пачынае верыць у магію гэтага чалавека.

У паўразбуранай пабудове, сярод нежылых дамоў, майстар разьбы па дрэве стварыў своеасаблівы «драўляны свет». У ім адлюстравана ўся гісторыя яго жыцця: ад нараджэння па сённяшні дзень. Таму музей і называецца «Успаміны Бацькаўшчыны”.

Рамяству Мікалая Васільевіча ні хто не навучаў. Займацца разьбой па дрэве ён пачаў у пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Пасля цяжкай хваробы ў яго пачалася бессань, а не заўважаць гэта яму дапамагло новае, дзіўнае для аднавяскоўцаў, хобі. Але першыя азы працы з дрэвам ён атрымаў яшчэ ў 12 гадоў, калі змайстраваў свой першы драўляны свісток, бавячы час, пасвіўшы хатнюю жывёлу.

«Потым, як нарадзiлiся дзецi, я выразаў iм цацкi з дрэва, тады ж іх не было, як цяпер у магазiнах. Але я сам лiчыў гэта не болей, чым забава» – распачаў майстар.

У музеі «Успаміны Бацькаўшчыны» Мікалай Васільевіч з’яўляецца не толькі аўтарам ўсіх работ, але і экскурсаводам. Кожная кампазіцыя мае сваю назву, гісторыю і мараль.

Так, напрыклад «ў скульптуры «А ні лыжкі, а ні міскі, толькі вісіць 2 калыскі» адлюстроўваецца гісторыя жанчын з вёскі, якія бралі з сабой немаўлятаў у поле, пакідалі іх на ўскраіне ў калысцы, а тым часам ішлі жаць жыта. Гэтак жа паступіла і мая маці, якая нарадзiла мяне ў полi пад час жнiва»– распавядае Мікалай Васільевіч.

«А цяпер усё інакш». – працягвае разьбяр, дэманструючы наступную кампазіцыю «Лягчэй на каньках катацца, чым гаспадаркай займацца». Яна складаецца з фігур двух людзей на каньках з клюшкамі, адна з якіх вельмі падобная на сілуэт прэзідэнта адной з усходнееўрапейских краін. – «Гэта адлюстроўвае і скульптура «Як цяжка гарадскому народу прывыкаць да вясковай працы» тут мы бачым чалавека з мячом (футбаліста). Гэта бадай прасцей, чым хадзіць за плугам» – дадаў Мікалай Тарасюк.

З дзяцінства Мікалай Васільевіч захапляецца паляваннем і рыбалкай. На гэтую тэматыку ён таксама зрабіў некалькі прац. Найбольш ўражлівай з’яўляецца «Ахова прыроды нашай Бацькаўшчыны», дзе ўбачыўшы егера, што вязе на санках забітую тушу дзіка, ні хто не здзівіўся. «Вось такая яна суровая праўда жыцця» – каментуе апошні жыхар вёскі Стойлы.

Не гдедзячы на ўзрост Мікалай Тарасюк працягвае працаваць на зямлі.  Ён нават  мае каня, якога заве Орлік.

«У працы «Лебедзь, рак, і шчупак вязуць кракадзіла» зашыфраваныя далёка не казачныя падзеі, а рэальныя. Цяпер шматлікія прадпрыемствы працуюць па такім прынцыпе, і іх развіццё стаіць на месцы», – дэманструе сваю наступную работу Мікалай Васільевіч.

Не забыўся ён адлюстраваць у сваіх творах і важнейшыя сацыяльныя праблемы: п’янства і беспрацоўе.

Апошнія працы Мікалая Васільевіча прысвечаны рэлігіі. Ён доўга сумняваўся, ці варта яму іх рабіць, і ўнутраны голас яму сказаў: «Час прыйшоў! Трэба каб людзі не забывалі пра тое, як камуністы зрывалі крыжы з храмаў». Пасля гэтага ён яшчэ зрабіў кампазіцыі «Укрыжаванне Хрыста» і «Ісус у пустыні».

Большасць выразаных з дрэва фігурак прадстаўляюць сцэны вясковага жыцця, прычым не нейкія абстрактныя, а цалкам канкрэтныя: пажары, няшчасныя выпадкі, палявыя работы, вяселля. Большасці з фігурак майстар пастараўся надаць рысы асоб аднавяскоўцаў.

У адным з кутоў музея размясціліся «адмысловыя капелюшы», сярод якіх адзін мудрагелісцей за іншы. З іх бакоў звісаюць звязкі мініяцюрных грыбоў, задзірыста тырчаць пёры. Сваім наведвальнікам Мікалай Тарасюк заўсёды прапануе іх прымерць.

«Значэнне маёй калекцыі неймаверна вялікае. Менавіта з дапамогай яе я павінен данесці да будучых пакаленняў праўду пра нашых прашчураў, пра іх занятках, традыцыі, радасці і няўзгоды», – завяршае экскурсію разьбяр.

«Гасцей жа ў мяне бывае шмат, а вось рэальнай дапамогі ад іх мала. Часта гэта жыхары іншых краін, Германіі, Францыі, Аўстрыі, Украіны, Нідэрландаў, Бельгіі і нават Японіі. Але найбольшую ўвагу мне надаюць палякі, яны нават знялі пра мяне фільм «Гаспадар»»– скардзіцца майстар. – «У 2010 годзе да мяне прыязджалі супрацоўнікі МНС і збудавалі масток праз раку ў вёску, які па-ранейшаму затапляе падчас паводак. А яшчэ яны зрабілі новы журавель і адрамантавалі плот.

Але прайшоў час і гэтая дапамога ўжо амаль непрыкметная. «Драўляны люд» з вёскі Стойлы  нікім не абараняецца і застаецца па-ранейшаму  ўразлівы перад агнём і жучкамі-шашалямі. Нават не вырашана пытанне аб выданні фотаальбома яго работ.  А між тым, гэта і ўнікальны турыстычны аб’ект з цудоўнай «невядомай» гісторыяй.

Дык няўжо сыдзе ў нябыт памяць аб беларускім селяніне з яго драўляным кароткаметражным нямым фільмам, якія сталі знакаміты на ўвесь свет і аб якіх у Беларусі чулі толькі адзінкі?

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *