Музыка

Новы музычны стыль Ляпісаў

Інтэрнэт-прэм’ера новага альбома гурта «Ляпіс Трубяцкой» адбылася на расейскім рэсурсе “Яндэкс”. Музыканты прысвяцілі свой новы рэліз усім, хто змагаецца за праўду і справядлівасць.

Выхад новага альбома «Ляпіса Трубяцкога» плянаваўся на восень. Але музыканты вырашылі не чакаць і выклалі сваю працу ўжо ў траўні. Права на эксклюзіўную прэм’еру атрымаў расейскі рэсурс «Яндэкс». Такім чынам, да 5 траўня альбом можна паслухаць на music.yandex.ru, пасля чаго ён з’явіцца ў вольным доступе на сайце ThankYou.ru.

Дата рэлізу была абраная невыпадкова (альбом выйшаў 1 траўня). «Хочаце верце — хочаце не, але для нас салідарнасць працоўных зусім не пусты гук. Маем спадзеў, што нашы новыя песні падтрымаюць усіх тых, хто змагаецца за праўду і справядлівасць. Бо менавіта такім людзям яны адрасуюцца», —заўважае Яўген Калмыкоў.

Сяргей Міхалок, лідар гурта, называе новую працу самай шалёнай і жорсткай у дыскаграфіі сваёй каманды і прапаноўвае расцэньваць назву «Рабкор», як азначэнне музычнага стылю, але дапускае іншыя трактоўкі. «Ёсць жа гардкор ці ска-кор. Хай бы была такая музыка, як рабкор, музыка рабоў, што ўрэшце паўсталі». Прадстаўляючы новы матэрыял, лідэр «Ляпісаў» выказаў спадзеў у тым, што гэтыя песні вельмі хутка страцяць сваю актуальнасць і забудуцца.

Песень на беларускай мове на кожным альбоме «Ляпісаў» усё более. У «Рабкоры» — чатыры творы, сярод якіх трэк «Ня быць скотам», экслюзіўна прадстаўлены ў свой час на «Тузіне Гітоў».

Са словаў Яўгена Калмыкова, прадусара гурта, размовы пра прэзентацыю новай праграмы беларускага гурта на Радзіме па-ранейшаму не вядзецца. Музыканты перакананыя, што тут ім не дадуць спакойна рабіць сваю справу. Бліжэйшы сольны канцэрт «Ляпісаў» пройдзе ў Калінінградзе 12 траўня. Улетку гурт збіраецца выступіць на двух буйных фэстах у Нямеччыне — у берлінскім клубе «Festsaal Kreuzberg», дзе музыкі ўжо выступалі ў 2010 годзе, а таксама на фестывалі Fusion у Ларцы. Каманду Сяргея Міхалка таксама можна будзе пабачыць на летніх фэстах «Доброфест» і Kubana ў Расеі, а таксама «Захiд» і «Respublica» ва Ўкраіне.

Крыніца: Тузін Гітоў

Пакінуць адказ