Грамадства

Сімбірову далі 15 сутак арышту, Бартосіка адпусцілі

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, 8 траўня ў 13 гадзін каля парку Чэлюскінцаў невядомымі  ў цывільным  былі затрыманыя барды Ігар Сімбіроў і Зміцер Бартосік. Іх гвалтам зацягнулі ў аўтамабіль “Мерсэдэс” чорнага колеру. 

Як паспеў паведаміць  па тэлефоне Сімбіроў, яго вязуць у суд Менскага раёна і г. Заслаўя. Магчыма, суддзя Аляксей Мініч прыняў рашэнне працягнуць разгляд адміністратыўнай справы, якая была перанесеная на 18 траўня. Па неправеранай інфармацыі, Зміцера Бартосіка адвезлі ў РУУС Першамайскага раёна Менска.

Планавалася, што затрыманыя барды прымуць удзел у запісе праграмы на Радыё “Свабода”.

Нагадаем, 6 траўня вечарам Ігар Сімбіроў разам з бардам Зміцерам Бартосікам і 12 слухачамі былі затрыманыя на станцыі “Зялёнае”  пасля канцэрту на вольным паветры. У аддзяленні міліцыі ў Ждановічах на Сімбірова склалі адміністратыўны пратакол. Яго звінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі пры затрыманні, у тым, што ён лаяўся і размахваў рукамі.

7 траўня распачаўся суд, аднак па прычыне дадатковага выкліку сведак суддзя перанес паседжанне на 18 траўня.

Змітра Бартосіка выпусцілі з пастарунку.

Урэшце, Ігара Сімбірова пакаралі арыштам у 15 сутак. Сведкамі на працэсе выступалі міліцыянты Леонаў, Бурак, Казлоў і Лапцэвіч. У сваіх паказаннях яны супярэчылі адзін адному і рапартам аб затрыманні. Ігар Сімбіроў мае намер абскарджваць прысуд.

Крыніца: spring96.org

Зміцер Бартосік

Зміцер Бартосік

Пакінуць адказ