Абвяшчаецца набор для трэнераў, што жадаюць удзельнічаць у трэнінгах, прысвечаных інавацыйным метадам навучання, асаблівасцям падрыхтоўкі і правядзення заняткаў па правах чалавека.
Трэнінгі будуць праводзіцца на аснове навучальна-метадычных матэрыялаў, распрацаваных пры падтрымцы БДІПЧ. Набор абвяшчае Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (АБСЕ/БДІПЧ).
Трэнінг для трэнераў “Навучанне правам чалавека ў школе і па-за ёй” адбудзецца 9-13 ліпеня 2012 г. ва Украіне.
Мэтай трэнінга з’яўляецца атрыманне ведаў і ўменняў, неабходных для правядзення заняткаў па матэрыялах дапаможніка“Навучанне правам чалавека ў школе і па-за ёй”(http://nastaunik.info/civil/school/). Прапанаваныя ў дапаможніку навучальныя матэрыялы двойчы праходзілі ўзгадненне ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі трэнінга пазнаёмяцца з асновамі распрацоўкі заняткаў, заснаваных на выкарыстанні інтэрактыўных метадаў навучання, метадамі ацэнкі эфектыўнасці навучання, папрактыкуюцца ў правядзенні заняткаў, апісаных у дапаможніку.
Трэнінг для трэнераў “Адстойванне і пашырэнне правоў чалавека праз грамадскі ўдзел” адбудзецца 16-20 ліпеня 2012 г. ва Украіне.
Мэтай трэнінга з’яўляецца атрыманне ведаў і ўменняў, неабходных для правядзення заняткаў па матэрыялах дапаможніка“Адстойванне і пашырэнне правоў чалавека праз грамадзкі ўдзел” (http://nastaunik.info/civil/school/).
Удзельнікі трэнінга пазнаёмяцца з асновамі выкарыстання розных формаў і спосабаў адстойвання і пашырэння правоў чалавека праз грамадскі ўдзел, навучацца распрацоўваць і праводзіць заняткі, скіраваныя на развіццё грамадскай актыўнасці, даведаюцца пра спосабы ацэнкі эфектыўнасці грамадскіх кампаній і г.д.
Да ўдзелу ў абодвух трэнінгах запрашаюцца настаўнікі сярэдніх школ, ВНУ, іншых навучальных установаў, прадстаўнікі юрыдычных клінік, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, якія зацікаўленыя ў набыцці новых ведаў і ўменняў для ўдасканалення сваёй адукацыйнай дзейнасці ў сферы пашырэння правоў чалавека.
Адбор удзельнікаў трэнінгаў будзе адбывацца на конкурснай аснове.
Прыярытэт будзе аддавацца:
– удзельнікам з абласных і раённых цэнтраў, малых мясцовасцяў;
– кандыдатам, якія змогуць рэальна выкарыстоўваць атрыманыя метадычныя матэрыялы, веды і ўменні ў сваёй адукацыйнай працы;
– удзельнікам, якія маюць як мінімум базавыя веды і ўменні ў галіне выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання;
– найбольш матываваным удзельнікам.
Абавязковай умовай удзелу ў трэнінгах з’яўляецца гатоўнасць да актыўнага выкарыстання атрыманых метадычных матэрыялаў, ведаў і ўменняў для правядзення заняткаў па навучанні правам чалавека адразу ж пасля трэнінга.
Арганізатары забяспечваюць харчаванне, пражыванне і кампенсуюць выдаткі на праезд удзельнікаў трэнінгаў у абодва бакі.
Адбор удзельнікаў будзе адбывацца на аснове запоўненых электронных формаў заяўкі.
Увага! Удзельнікі могуць падаваць заяўкі на ўдзел толькі ў адным з двух апісаных вышэй трэнінгаў!
Анкеты-заяўкі неабходна запоўніць да 20 мая 2012 года.
Пра вынікі адбора будзе паведамлена да 25 мая.
У выпадку з’яўлення пытанняў наконт трэнінга можна звяртацца па адрасе [email protected] і hre@odihr.pl