Уся інфармацыя, якая тычыцца аналізу пенітэнцыярнага заканадаўства і маніторынга пенітэнцыярнай сістэмы, будзе публікавацца ў тэматычнай рубрыцы на сайце Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Эксперт рубрыкі – юрыст Павел Сапелка.
Актуальнасці праблемы парушэння правоў чалавека ў дачыненні да людзей, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай і адбываюць пакаранне, а таксама якія знаходзяцца ў іншых спецустановах, Павел Сапелка прысвяціў гэты артыкул:
«Відавочны сілавы акцэнт у палітыцы дзяржавы, нарастаючы ў сувязі з той ці іншай грамадска значнай падзеяй, робіць як ніколі актуальнай тэму пенітэнцыярнага заканадаўства, правапрымяняльнай практыкі і становішча асуджаных i асоб, абмежаваных у правах у сувязі з утрыманнем у рознага роду установах. Цяжкая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі склалася як у месцах пазбаўлення волі ў традыцыйным разуменні – у калоніях, следчых ізалятарах, турмах, так і ва ўстановах, дзе дэкларуюцца іншыя, акрамя пазбаўлення волі, функцыі – спецыяльных псіхіятрычных установах, лячэбна-працоўных прафілакторыях, спецыяльных вучэбна-выхаваўчых установах.
Захаванню правоў чалавека, у тым ліку, падвергнутых зняволенню, прысвечана дзейнасць уплывовых міжнародных органаў. Разуменне дзяржавамі – удзельніцамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ўразлівага становішча зняволеных пацягнула прыняцце дакументаў, якія адмыслова вызначаюць іх правы. У прынятым у 1955 годзе дакуменце “Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання з зняволенымі” устаноўлены нормы, якія ўключаюць прынцыпы аказання медыцынскай дапамогі ва ўмовах зняволення. У 1977 годзе дзеянне Правілаў было распаўсюджана і на асоб, якія падвяргаюцца затрыманню без прад’яўлення абвінавачвання, то бок якія змяшчаюцца ў месцах іншых, чым турмы.
На працягу шэрагу гадоў мінімальныя стандартныя правілы, якія гарантуюць абарону асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, дапаўняліся іншымі прававымі актамі. У 1984 годзе ААН прыняла Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. У 1985 годзе ў абарону малалетніх правапарушальнікаў былі прынятыя Мінімальныя стандартныя правілы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якія тычацца адпраўлення правасуддзя ў дачыненні да непаўналетніх. У 1988 годзе і ў 1990 годзе ААН былі прынятыя, адпаведна, Звод прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы там ні было форме, і Асноўныя прынцыпы абыходжання з зняволенымі.
Спецыяльныя нормы, якія тычацца зняволеных, ніякім чынам не адмяняюць абавязкі дзяржавы выконваць і паважаць правы грамадзян, як гэта прадугледжана Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама прадпрымаць намаганні па папярэджанні катаванняў і бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання або пакарання.
Акрамя грамадзянскіх і палітычных правоў на зняволеных таксама распаўсюджваюцца эканамічныя і сацыяльныя правы чалавека, выкладзеныя ў Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Абвешчанае ў гэтым дакуменце права кожнага на найвышэйшы дасягальны ўзровень здароўя мае таксама прамое дачыненне да санітарна-гігіенічным ўмоў утрымання зняволеных і да аказання ў месцах пазбаўлення волі медыцынскай дапамогі.
Нацыянальнае пенітэнцыярнае заканадаўства, якое ўключае Крымінальна-выканаўчы кодэкс, правілы ўнутранага распарадку розных тыпаў устаноў, законы і інструкцыі адпаведнай тэматыкі ў цэлым імплементавала прынцыпы, замацаваныя ў міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь, аднак не ўлічвае агульнаеўрапейскіх тэндэнцый у разуменні асноўных правоў чалавека. Тым больш, далёкая ад разумення і павагі правоў і свабод практыка ўтрымання асуджаных у месцах пазбаўлення або абмежавання волі.
Дзяржава, дэкларуючы намеры прытрымлівацца сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, не спяшаецца рэфармаваць дзейнасць сістэмы выканання пакаранняў; кантроль грамадскіх аб’яднанняў, нават у заканадаўча выхалашчаным выглядзе, хутчэй за фіктыўны, чым эфектыўны.
Функцыі выканання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, арышту, абмежавання волі, адміністратыўнага арышту, а таксама утрымання пад вартай асоб, якія чакаюць рашэння суда, выконвае Міністэрства ўнутраных спраў і Дэпартамент выканання пакаранняў гэтага міністэрства, а таксама Камітэт дзяржаўнай бяспекі (у дачыненні да ўласнага СІЗА), Міністэрства абароны (гаўптвахты) і Дзяржаўны памежны камітэт (ізалятары). Статыстыка па асобах, якiя адбываюць пакарання і якія ўтрымліваюцца пад вартай, названымі ведамствамі не выдаецца. Такія звесткі зрэдку агучваюцца тымі ці іншымі службовымі асобамі розных органаў. Аднак немагчыма зрабіць выснову пра дакладнасць гэтых звестак, а тым больш прааналізаваць іх, паколькі статыстычная структура названых лічбаў, як правіла, не раскрываецца.
Тэхнічны стан месцаў зняволення, за невялікім выключэннем, такі, што ў дачыненні да зняволеных не выконваюцца нават нацыянальныя правілы, якія вызначаюць, у прыватнасці, дапушчальную колькасць асоб на адзінку плошчы і аб’ёму памяшкання, а таксама санітарна-эпідэміялагічныя нормы. У памяшканнях следчых ізалятараў і месцаў утрымання адміністратыўна арыштаваных, а часцяком і ў калоніях, адсутнічае дастатковае асвятленне і прыток свежага паветра, што спрыяе ўзнікненню і развіццю спецыфічных захворванняў.
Медыцынскае абслугоўванне зняволеных выклікае шмат нараканняў у сувязі з недастатковасцю абсталявання, медыкаментаў і кваліфікацыі персаналу. Адзначаецца абыякавае стаўленне медыцынскага персаналу да скаргаў зняволеных і непрыняцце мер па выяўленні і дыягностыцы захворванняў.
Большасць зняволеных адзначаюць нізкую якасць выдаваемага харчавання і адзення. Пры гэтым штучна, а часцяком нематывавана абмяжоўваюцца магчымасці зняволеных па набыцці прадуктаў харчавання і асабістай гігіены за свой кошт і карыстання ўласнай вопраткай.
Праца зняволеных, якая ў ідэале мусіць служыць сродкам рэсацыялізацыі і дазваляць абслугоўваць матэрыяльныя патрэбы зняволенага і яго сям’і, кампенсаваць нанесеную пацярпелым шкоду, балансуе на мяжы вызначэння рабскай, то бок выконваемай пад прымусам і без аплаты, а часам і перасякае гэтую мяжу.
У ліку асноўных прычын найбольш грубых парушэнняў правоў чалавека ў месцах зняволення стала заахвочванне службовымі асобамі адміністрацыі папраўчых устаноў прымянення незаконных метадаў уздзеяння адной часткі зняволеных на другую з мэтай стварэння спрыяльнага асяроддзя для правядзення аператыўных мерапрыемстваў і ціску на тых, хто патрабуе павагі і захавання сваіх правоў.
Недастатковыя меры прымаюцца для захавання сацыяльных сувязяў асуджанага і яго сацыяльнай рэабілітацыі. Так, кантралюецца і нематывавана альбо ў якасці пакарання абмяжоўваюцца тэлефонныя і асабістыя зносіны зняволенага з роднымі і блізкімі. Абмяжоўваюцца магчымасці атрымання адукацыі.
Нагляд пракуратуры за выкананнем пакаранняў фармальны і абмяжоўваецца, як правіла, канстатацыяй тых парушэнняў, якія ў сілу іх паўсюднага і відавочнага распаўсюджвання, як, напрыклад, перапоўненасць калоній і ізалятараў, немагчыма ўтаіць. Намаганнямі адміністрацый месцаў зняволення і абыякавасцю пракурорскіх і судовых органаў створана разуменне поўнай бесперспектыўнасці скаргаў. Паўнамоцтвы пракуратуры па ўзбуджэнні крымінальных спраў у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў заканадаўча перададзеныя Следчаму камітэту.
Такім чынам, даследаванне і аналіз пенітэнцыярнага заканадаўства на прадмет адпаведнасці агульнапрызнаным нормам, якія вызначаюць правы і свабоды, а таксама маніторынг пенітэнцыярнай сістэмы дасць магчымасць вызначыць перспектывы гуманізацыі выканання пакарання і сфармуе правільнае стаўленне да праблемы ў грамадстве. У ідэале, сістэмная дзейнасць у гэтым напрамку здольная заахвоціць дзяржаву да рэформы як заканадаўства, так і практыкі яго прымянення».
Заклікаем усіх, хто валодае інфармацыяй пра становішча асуджаных i асобаў, абмежаваных у правах у сувязі з утрыманнем у розных установах, ці хоча распавесці пра асабістыя праблемы такога кшталту, пісаць на электронны адрас – info.zakratami@gmail.com або на паштовы адрас – 220114, Мінск, а/с 203.
Крыніца: spring96.org
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…