Спорт

Спорт па-беларуску!

Ліст з прапановай больш ужываць беларускую мову ў спорце накіравала большасці футбольных і хакейных клубаў Беларусі грамадзянская ініцыятыва “Справаводства па-беларуску”, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

«Як прыклад мы прывялі стадыён ФК «Гомель», дзе дыктарскае суправаджэнне з гэтага года ідзе па-беларуску, а таксама канал «Беларусь-2», дзе таксама з гэтага сезона некаторыя матчы пачалі каментаваць цалкам па-беларуску, чаго вельмі даўно не было. Мы прапанавалі клубам больш шырока ўжываць беларускую мову ў справаводстве, пісаць прозвішчы гульцоў на іх спартовым адзенні па-беларуску, зрабіць беларускую версію іх сайтаў, а таксама дыктарскае суправаджэнне падчас матчаў выконваць па-беларуску. Спадзяемся, што нашы прапановы не будуць пакінуты без увагі, бо лічу, што для папулярызацыі беларускай мовы патрэбны нестандартныя падыходы. Большасць беларусаў, на жаль, не ведае Багушэвіча ці на якой мове быў напісаны Статут ВКЛ. Але абсалютная большасць цікавіцца спортам у розных яго праявах, глядзіць рэкламу ці наведвае забаўляльныя месцы. Таму і мову трэба даносіць да людзей праз той рэсурс, які ім бліжэй, і яны да яе пацягнуцца», – лічыць Ігар Случак, аўтар ідэі грамадзянскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!».

Дарэчы, «Справаводства па-беларуску!», сябра Асамблеі НДА (Літва) з 2011 года ладзіць адмысловы футбольны Кубак, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя беларускай мовы. У 2012 годзе ўжо прайшлі яго Зімовы і Веснавы этапы ў якіх прыняло ўдзел 8 каманд, якія складаліся як са студэнтаў гомельскіх ВНУ, жыхароў Гомеля, так і замежных студэнтаў і прадстаўнікоў мясцовых НДА і СМІ.

Крыніца: spring96.org

 

Пакінуць адказ