Берасцейскi гурт возьме ўдзел у самым амбітным фэсце Ўкраіны «Краще місто», што пройдзе ў Днепрапятроўску з 29 чэрвеня да 1 ліпеня. Гэта адзіны на сённяшні дзень беларускі гурт, які запрасілі арганізатары фестываля.
Сярод хэдлайнэраў – украінскія, расейскія і замежныя зоркі: The Rasmus, White Lies, «Воплі Відоплясова», «Океан Ельзи», DDT, «Сплин». Sciana выступіць уначы першага дня фэсту пасля таго, як свой сэт адыграе Evanescence.
Фестываль «Краще місто» альбо «Best City» ладзіць найвялікшае канцэртнае агенцтва Ўкраіны – Konstantin D. Яго заснавальнік Канстанцін Дудко добра паездзіў па розных еўрапейскіх фэстах ды вырашыў, што мерапрыемства такога маштаба не стае ва Ўкраіне. «Нам дапамагаюць улады. Мясцовая абласная адміністрацыя разам з губернатарам падтрымлівае нас ва ўсім, у тым ліку дапамагае з фінансаваннем. Таму можам абяцаць усе ўмовы ўключна з камфортным пражываннем ды годным лайн-апам. У нас шыкоўная праграма. Напрыклад, упершыню ва Ўкраіну прыедуць Evanescence. Даўно чакалі на выступы The Rasmus, Brainstorm, White Lies», – распавёў у інтэрв’ю Tuzin.FM арганізатар «Краще місто». Спіс выступоўцаў сапраўды ўражвае, пры тым, што квіток адносна недарагі (ля 45 даляраў на адзін дзень, ля 120 – на ўсе тры дні). Але яшчэ больш уражвае, як для беларуса, тое, што дзяржава разглядае такое мерапрыемства, як добры бізнес-праект ды ўкладае ў яго грошы.
Арганізатары «Краще місто» з цікавасцю ставяцца і да музыкі краіны-суседкі. Была нават дадзена згода на правядзенне беларускага адбору на фестываль, але з гэтай задумы нічога не атрымалася. Аднак, Канстанцін Дудко вырашыў запрасіць на фэст адзін з самых яркіх беларускіх рок-гуртоў Sciana. Музыкі пачнуць свой сэт акурат па сканчэнні выступа Evanesсence – на суседняй сцэне, якая завецца «Адкрыццё». «Для нас запрашэнне на гэты фэстываль было поўнай нечаканасцю, – кажа бас-гітарыст гурта Андрусь Клімус. – І натуральна, што мы гатовы адкласці ўсе справы, каб сыграць на фэсце з такім зорным складам. З задавальненнем паедзем у Днепрапятроўск, дзе маем шмат сяброў, каб паказаць усім, што ёсць сапраўдны беларускі рок!».
Sciana зараз актыўна працуе ў студыі і мяркуе выдаць сiнгл напярэдадні выхаду свайго новага альбому. Магчыма, што рэліз EP, які планаваўся на ліпень, музыкам давядзецца адкласці. Акрамя «Краще місто», яны выступяць у гасцявой праграме двух фэстаў у Польшчы – «Басовішча» (13 ліпеня) і Sound Of Borderland (14 ліпеня). Цікава, што на «Басах» музыкі вырашылі выступіць бясплатна, калі дазналіся пра сёлетнія праблемы з фінансаваннем. Такім чынам Sciana вырашыла прадэманстраваць сваю павагу да фестываля, на якім дзевяць год таму стала лаўрэатам.
Крынiца: tuzin.fm
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…