У Беларусі дзесяткі прадстаўніцтваў краін Еўрапейскага звязу, дзе можна атрымаць візу. Аднак да кожнай амбасады патрэбны ўласны падыход: недзе паставіць візу лягчэй, а дзесьці складаней.
У ТОПе generation.by – пяць найбольш дасціпных для кожнага, ад студэнта да пенсіянера, метадаў атрымання шэнгенскай візы.
Вандроўнікі імкнуцца шукаць найбольш лаяльныя амбасады і менавіта праз іх спрабуюць адкрыць візу. Праўда, існуе так званае правіла першага ўезду. Яно вымушае звяртацца за візай туды, куды вы збіраецеся ехаць у першую чаргу.
Аднак і тут ёсць нюансы. Напрыклад, вандроўнік хоча трапіць у Літву, а візу магчыма атрымаць толькі ў Польшчу. Што ж рабіць? Справа ў тым, што паміж краінамі Шэнгену няма візавага кантролю. То бок адсачыць той факт, ці былі вы ў Літве, польская дыпмісія, якая выдала візу, проста няздольная. Адзінай адзнакай, якую вы атрымаеце пры ўездзе ў шэнгенскую прастору, будзе выключна польскі штамп, пасля атрымання якога можна ехаць хоць у Літву, хоць у Партугалію.
Літва: аднаразовыя радасці
Па статыстыцы, мінімальны працэнт адмоваў у візах — у консульскіх аддзелах амбасады Літвы. Пры гэтым за апошні год колькасць выдадзеных тут візаў павялічылася на траціну. Звяртацца сюды трэба найперш у тым выпадку, калі за апошнія гады вы зусім не мелі шэнгенскіх візаў. Калі ж яны ўжо былі, можна разлічваць на шматразовую візу.
На аднаразовую візу на падарожжа не даўжэйшае за 30 дзён акрамя стандартнага набору дакументаў (пашпарт, фатаграфіі, анкета), патрабуецца падаць дарожныя чэкі з разліку 40 еўра ў суткі альбо выпіску з рахунку міжнароднай карткі альбо любыя іншыя дакументы, якія пацвярджаюць вашу плацежаздольнасць. Таксама ў выпадку падарожжаў, даўжэйшых за 10 дзён, пажадана прадставіць бронь гатэлю.
У госці да маўклівых эстонцаў
Яшчэ адзін варыянт — прадстаўніцтва Эстоніі ў Беларусі. Кажуць, што тамтэйшыя супрацоўнікі вельмі ветлівыя і амаль ніколі не задаюць дадатковых пытанняў. Дакументы пытаюць тыя самыя, што і ў літоўскім консульстве. Праўда, адмоваў у атрыманні візы ў гэтым месцы даволі шмат: прыкладна кожны 50-ы заяўнік у 2011 годзе застаўся без эстонскай візы і без грошай.
Польшча: шматразовы шопінг
Калі вы ўжо займелі аднаразовую візу, мае сэнс звярнуцца па шматразовую. Найбольш лёгка атрымаць такую візу ў польскім консульстве.
Адсотак адмоваў невялікі: у мінулым годзе ён склаў толькі 0.19% ад 244 тысяч выдадзеных беларусам візаў. Асноўная прычына адмовы — няправільна пазначаная мэта паездкі. То бок мэта, якая пазначаецца ў візавай анкеце, не адпавядае сапраўднай мэце вандроўкі. Напрыклад, чалавек напісаў, што ён едзе як турыст у Польшчу, а сам накіроўваецца па шопінг у Нямеччыну. Таксама прычынай адмовы можа быць тое, што вандроўнік трапіў у спіс непажаданых асобаў на тэрыторыі Шэнгену.
У польскіх консульствах у Менску, Берасці і Гародні можна атрымаць візу «за пакупкамі». З ёй можна вандраваць па Польшчы і іншых краінах Шэнгену ды 90 дзён ў паўгады. Для яе афармлення спатрэбіцца запрашэнне з польскай крамы. Каштуе такі дакумэнт у сярэднім 15 даляраў. Часцей за ўсё жадаючыя адкрыць мультышэнген просяць прывесці такое запрашэнне родных ці сяброў, якія ўжо ездзяць па шопінг ў суседнюю краіну. Хаця ёсць і «прафесійныя» распаўсюднікі падобных запрашэнняў у Беларусі. Такой паперай можна скарыстацца цягам 6 месяцаў з моманту пачатку запрашэння.
Пасярэднікі: шматразовыя радасці
Турыстычныя фірмы, а таксама вольныя прадпрымальнікі заўжды могуць прыйсці на дапамогу і зрабіць вам аднаразовую ці нават шматразовую візу. Некаторыя прадпрымальнікі нават прапануюць нацыянальную візу, якая дазваляе фактычна жыць у Еўразвязе.
Дастаткова адшукаць у Інтэрнэце на сайтах турфірмаў альбо форумах тых, хто аказвае падобныя паслугі. Многія з тых, хто абяцае дапамагчы з візамі, робяць сваю працу даволі хутка, і ўжо праз некалькі тыдняў вы можаце займець у пашпарце жаданую візу.
Аднак сувязі з пасярэднікамі ў візавых пытаннях цягнуць адразу некалькі верагодных наступстваў. Па-першае, такія паслугі каштуюць нямала. Калі справе ідзе аб аднаразовай візе ў Літву на 10 дзён, то заплаціць турфірме трэба не больш за $20. Але калі справа заходзіць аб шматразовай візе, то пасярэднікі возьмуць да $180 за гадавы шэнген.
Па-другое, ніводны з пасярэднікаў не можа гарантаваць 100% поспех у атрыманні візы. Пры гэтым грошы свае вярнуць наўрад ці ўжо атрымаецца.
І, нарэшце, такія «пасярэдніцкія» візы часам аказваюцца незаконнымі, бо выдаюцца паводле дакументаў на няісную пасаду ў замежнай кампаніі ці супрацы з замежнай фірмай. Таму на мяжы трэба быць асцярожным: часам здараюцца выпадкі, калі памежнікі «разварочваюць» беларусаў са шматразовымі візамі, бо лічаць, што ў ЕЗ ўладальнікі «набытага» шэнгену ўязджаюць без падставы.
Запрашэнне: законны шлях
Самы дакладны шлях атрымання шэнгенскай візы — зварот у амбасаду з запрашэннем ад прыватнай асобы (напрыклад, вашага сваяка ці сябра з ЕЗ) альбо арганізацыі (з якой вы супрацоўнічаеце). У гэтым выпадку ў супрацоўнікаў амбасады любой шэнгенскай краіны мусіць узнікнуць найменшая колькасць пытанняў да вас.
Да прыкладу, літоўскую шматразовую візу можна атрымаць толькі пры наяўнасці службовых сувязяў з літоўскай арганізацыяй (у гэтым выпадку можа спатрэбіцца нават кантракт з літоўскай арганізацыяй), альбо сваякоў у гэтай краіне (бацькі, браты, сёстры ці дзеці). Акрамя гэтага, права на шматразовую візу дае ўласнасць у Літве ці жаданне набыць у ёй аўтамабіль.
Больш падрабязна чытайце тут.