Categories: Грамадства

Інваліды не маюць доступу да выбарчых участкаў

Новаўвядзеннем на сёлетніх парламенцкіх выбарах стануць адмысловыя бюлетэні для людзей са слабым зрокам. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Пра іх распрацоўку паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жана Рамановіч. Яна таксама паабяцала, што выбарчыя участкі будуць даступныя для інвалідаў-калясачнікаў. Наколькі была рэалізавана праграма без бар’ернага асяроддзя падчас папярэдніх выбараў, распавёў каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

 

– Сяргей, наколькі сур’ёзна можна ўспрымаць заяву прадстаўніка Мінгарвыканкама? І як насамрэч выглядае сітуацыя з даступнасцю выбарчых участкаў для інвалідаў?

 

– Для Мінгарвыканакама характэрна выступаць з такімі гучнымі і прыгожым заявамі. Я магу нагадаць, што чатыры гады таму на дзяржаўным тэлебачанні прагучала, што толькі з 2006 года, намякаючы на прэзідэнцкія выбары,  пачалася праграма па без бар’ерным асяроддзі. Такое няведанне заканадаўства, звязанага з правамі інвалідаў, з боку сацыяльных службаў і прыводзіць да такіх вось заяваў. Робіцца “адкрыццё Амерыкі Калумбам”, хоць гэта абавязак дзяржавы апошнія 20 год. І варта было б наадварот пакараць людзей, якія не забяспечылі выкананне нормаў закона, а не хваліцца гэтым.  Забяспечыць магчымасць людзям прыйсці на выбарчы ўчастак – гэта не прывілей, гэта абавязак дзяржавы. Але абавязак гэты ігнаруецца, таму кожны раз мы сутыкаемся з парушэннямі. Таму казаць, што заява Жаны Рамановіч – гэта вялікае дасягненне, не выпадае. Гэта робіць гонар прадстаўніку камітэта, якая ўпершыню з усіх агучыла праблему даступнасці выбарчых участкаў для інвалідаў, але гэта не робіць гонару камітэту ці гарвыканкаму, таму што гэта трэба было зрабіць 20 год таму, гэта іх абавязак.

 

– Ці можна пасля  гэтай заявы чакаць, што на сёлетніх парламенцкіх выбарах участкі сапраўды стануць даступнымі для інвалідаў-калясачнікаў?

 

– Я б сказаў, што гэта палітычная заява, каб ахапіць яшчэ большую частку выбаршчыкаў,  прадэманстраваўшы ім – так, мы пра вас думаем. Бо гэта ж прагучала напярэдадні выбараў, хоць павінна было гучаць і год, і два, і тры гады таму. Так што гэта вельмі ангажаваная заява, тым больш з адсылкай да “Белай Русі”. Лепш было б паклікаць людзей з арганізацый, якія займаюцца правамі інвалідаў і якія шмат год кажуць пра гэту праблему, і абмеркаваць з імі гэта. Трэба проста пачуць іхнія заўвагі і прапановы. А яны з задавальненнем распавядуць, што трэба зрабіць, каб працэс выбараў быў празрыстым, даступным і паўнавартасным для ўсіх. А пакуль гэтага няма, такія заявы ўспрымаюцца як маніпулятыўныя і перадвыбарчыя абяцанкі.

 

– Ці аналізавалі вы, наколькі выбарчыя ўчасткі на папярэдніх выбарах былі даступнымі для інвалідаў?

 

– Са свайго боку мы праводзілі маніторынг, які паказаў, што выбарчыя ўчасткі размяшчаюцца выпадковым чынам (найчасцей – у школах). Прывяду прыклад. Побач стаяць два раўназначныя будынкі. У адзін з іх інвалід можа патрапіць, у другі – не. І вось выбары праводзяць акурат у недаступным будынку. Пра што гэта кажа? Пра тое, што арганізатары нават не задумваюцца пра тое, як інвалід будзе трапляць на выбарчы ўчастак.  У такім выпадку, можна ставіць пытанне: ці лігітымныя такія выбары? Выходзіць, што частка грамадзянаў пазбаўленая права прагаласаваць на сваім выбарчым участку. Я нязгодны з практыкай датэрміновага галасавання для людзей з інваліднасцю. Зараз найчасцей адбываецца так – да інваліда дадому прыходзяць чальцы камісіі са  скрыняй, каб ён прагаласаваў. Насамрэч гэта прыніжае чалавека з той пазіцыі, што яго пазбаўляюць права на выбар. Я магу галасаваць датэрмінова, але толькі калі я сам так вырашу. У мяне павінен быць выбар – калі аддаць свой голас. Тым больш, прэзідэнт заявіў, што выбары – гэта свята. Чаму ў такім выпадку людзей з інваліднасцю пазбаўляюць свята, прадракаючы на датэрміновае галасаванне?

З іншага боку, калі кажуць пра выбары, чамусьці забываюцца, што ўдзельнікі выбараў – гэта не толькі тыя, хто галасуюць, але і тыя, хто балатуюцца. І сёння калі паглядзець працэдурнае пытанне ўдзелу ў выбарах  з пункту гледжання высоўвання кандыдатуры чалавека з інваліднасцю, то ўмовы для чалавека з інваліднасцю і без інваліднасці зусім няроўныя. Узяць, напрыклад, сустрэчы з патэнцыйнымі выбаршчыкамі. Зразумела, што невідушчы кандыдат ці кандыдат у інваліднай калясцы не зможа прабегчыся па пад’ездах і паразмаўляць з людзьмі – фізічна не зможа, а не таму, што ён такі дрэнны. І на гэту сітуацыю дзяржава кажа – ну што, калі вы захацелі ўдзельнічаць, тады будзьце на роўных. А якая тут роўнасць?

 

– Прадстаўнік Мінгарвыканкама таксама заявіла, што для людзей са слабым зрокам распрацуюць адмысловыя бюлетэні. Ці можна гэта назваць прагрэсіўным крокам?

 

– Так, безумоўна, гэта станоўчы крок у бок да інвалідаў па зроку. Аднак, як спецыяліст, магу адзначыць, што зрабіць бюлетэні са шрыфтом Брайля няпроста. Само працэдурнае пытанне галасавання для татальна невідушчага чалавека ўключае некалькі спрэчных пытанняў, якія немагчыма ўрэгуляваць проста надрукаваннем адмысловых бюлютэняў. Напрыклад, таямніца апускання бюлютэня, калі чалавек не бачыць саму скрыню… Хто павінен яму дапамагаць? Як правільна гэта рабіць? Такія пытанні яшчэ не ўрэгуляваныя заканадаўча.

 

– На ваш погляд, наколькі складана зараз зрабіць выбарчыя ўчасткі даступнымі для інвалідаў? Можа, гэта вымагае шмат сродкаў з бюджэта?

 

Калі паставіць сабе за мэту абраць крэтэрый даступнасці, то рэалізаваць гэта магчыма.  Я не магу сказаць, што адразу на ўсіх выбарчых участках, але на 50% рэальна палепшыць гэту сітуацыю, прычым без укладанняў гіганцкіх сродкаў. Сёння ўжо ёсць памяшканні, даступныя для інвалідаў. Таму загадзя прааналізаваўшы патэнцыял інфраструктуры раёна, не трэба тэрмінова нешта дабудоўваць і ўкладаць дадатковыя сродкі. Мясцовым выканаўчым камітэтам трэба проста пасядзець і падумаць – як правільна выбіраць месца для правядзення выбараў. А Цэнтрвыбаркам, дарэчы, мог бы ўключыць рэкамендацыю для мясцовых уладаў, што памяшканне для выбараў абавязкова павінна быць даступнае для інвалідаў.

 

– Як з гэтым сітуацыя выглядае ў Еўропе?

 

– На Захадзе з гэтым таксама ёсць праблемы, але там гэта ўвесь час выносіцца на абмеркаванне. Сёння ў еўрапейскай праграме інтэграцыі людзей з інваліднасцю самым першым пунктам стаіць інтэграцыя ў палітычнае жыццё. Калі робіцца зрэз палітычнага жыцця і там няма інвалідаў, значыць, там дрэнная праца па інтэграцыі. Няма краіны, каб усё было ідэальна, але адрозненне ў тым, што ў краінах ЕС гэта разумеюць, прызнаюць памылкі і гатовыя іх вырашаць. Там прыслухоўваюцца да людзей з інваліднасцю. Калі няма фінансаў, прапануюць дамаўляцца. У нас жа працэсу перамоваў паміж чыноўнікамі і інвалідамі няма.

 

– Вельмі важна, каб правы інвалідаў адстойвалі людзі, якія добра разумеюць гэтую праблематыку. Ці ёсць сёння ў парламенце прадстаўнікі арганізацыяў, якія займаюцца правамі інвалідаў?

 

– Сусветная супольнасць прызнае, што людзі з інваліднасцю па многіх фактарах уяўляюць з сябе меньшасць у грамадстве. Гэтаксама як рэлігійныя, нацыянальныя ці сэксуальныя меньшасці. Гэта зрэз грамадства, які мае патрэбу ў прадстаўніцтве сваіх інтарэсаў. Прадасаўленне нейкай ільготнай стаўкі для інвалідаў у парламенце было б дзіўным. Гаворка ідзе пра тое, што адсутнасць  людзей з інваліднасцю, гатовых адстойваць інтарэсы і быць адказнымі перад гэтай групай насельніцтва, у заканадаўчай уладзе – вялікі недахоп не толькі для грамадства, але і для дзяржаўных органаў. Яны сёння няздольныя эфектыўна працаваць, каб вырашаць праблемы інваліднасці. Калі ўзяць парламент ХІІ склікання, то тады была квота для грамадскіх арганізацыяў, якія займаюцца праблемамі інвалідаў. Штучна была прадастаўлена магчымасць трапіць у заканадаўчую ўладу.  І гэта было апошняе скліканне, дзе была фармальна прадстаўлена супольнасць людзей з інваліднасцю. Менавіта тады былі прынятыя законы, якія сёння эфектыўна дзейнічаюць у адносінах да інвалідаў. У Палаце прадстаўнікоў папярэдняга склікання камісію па працы, сацыяльнай абароне, справах інвалідаў і ветэранаў узначальваў Сяргей Уладзіміравіч Камянецкі. Ён мае інваліднасць, з’яўляецца ветэранам Афганскай вайны. Вось ён упрынцыпе не адсоўваў ад сябе інваліднаў. У цяперашнім парламенце нікога не было. У выніку парламент фактычна праігнараваў Канвенцыю па правах інваліднаў, усе прапановы буйных грамадскіх арганізацый, якія займаюцца гэтай праблематыкай, былі праігнараваныя. Былі сустрэчы, абмеркаванні, але яны былі абсалютна пустымі. Дэпутаты, якія сёння ёсць, абсалютна свабодныя ў абавязальніцтвах перад інвалідамі. Некаторыя ў жорсткай форме адпраўляюць, некаторыя ў мяккай. Але калі ўзяць апошняе скліканне, то ў плане вырашэння праблемаў інвалідаў гэта быў поўны правал. Тое, што прымалася, гэта былі дэградацыйныя меры.  Ніводнай станоўчай парламенцкай ініцыятывы ў гэтай сферы не было.

 

Лічбы

На сёння ў Мінску пражывае 11,4 тыс. інвалідаў; 2,6 тыс. чалавек з’яўляюцца інвалідамі-калясачнікамі, з іх 813 вядуць актыўны лад жыцця.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Источник: http://spring96.org/be

Marta

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

2 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago