Так, пра смяротнае пакаранне таксама можна спяваць, і сёння мы прэзентуем музычны відэакліп на гэтую тэму, – паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Стварылі яго маладыя дзяўчаты з магілёўскага рэп-гурта “Прадмова” Роня Роніч і Каця Красавік пры ўдзеле Уладзіміра Някляева, Адама Глобуса, Любові Кавалёвай і праваабаронцаў.
Гісторыя з’яўлення гэтага відэа-кліпа і вельмі простая, і незвычайная. У мінулым годзе на адной з летніх школаў па правах чалавека сустрэліся маладыя спявачкі і выпускнік Акадэміі мастацтваў з рэжысёрскага факультэту. Трэба сказаць, што на тэму смяротнага пакарання падчас школы адбылася не адна гарачая дыскусія, і моладзь вырашыла зрабіць своё унёсак у справу найхутчэйшага вырашэння гэтай балючай для Беларусі праблемы. І зрабілі – сваімі сродкамі: напісалі словы і музыку, сцэнар, і ў пачатку жніўня адбыліся здымкі самога відэакліпа.
Падтрымку сваім аўтарытэтам у стварэнні кліпа аказалі вядомыя ў Беларусі людзі — паэт і пісьменнік Уладзімір Някляеў, паэт і мастак Адам Глобус, прыняла прапанову ўдзельнічаць у здымках і маці расстралянага зусім нядаўна Уладзіслава Кавалёва – Любоў Кавалёва. За гэтую падтрымку – ім асобны дзякуй.
У канцы кліпа вы пабачыце спасылку на петыцыю, якую можа падпісаць кожны, каб выказаць сваё стаўленне да пакарання смерцю: http://petition.spring96.org/. Калі там яшчэ няма вашага подпісу – далучайцеся.
Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Глядзець кліп: