DzeЦікава & Ко

Залескія прыгоды: вынікі летніка (дадаліся фоткі)

У нядзелю 29 ліпеня скончыўся летнік у вёсцы Залессе (Камянецкі раён), які традыцыйна праводзіць АРР “Дзедзіч”. З гэтай нагоды, мы з вамі можам падвесці новую рысу і агучыць галоўныя вынікі гэтых летніх прыгод моладзі.

Вось ужо чацвёрты год “Дзедзіч” са сваімі сябрамі і прыхільнікамі будуе “Дом еўрапейскіх сустрэч”. Галоўная мэта гэтага дома – кансалідацыя моладзі з розных гарадоў Беларусі і  еўрапейскіх краін. Гэты будынак да канца яшчэ не пабудаваны, але ён ужо пачынае выконваць свае абавязкі падчас летніх сустрэч.

У гэтым годзе летнік наведалі каля 30 маладых людзей з розных гарадоў нашай Бацькаўшчыны. Хлопцы і дзяўчаты дабіраліся да Залесся з Берасця, Менску, Ганцавічаў, Гародні, Віцебску, Воршы і іншых гарадоў. Сярэдні ўзрост удзельнікаў прыкладна 20 год. У гэтым годзе большасць складалі дзяўчаты, што забяспечыла добрае і бесперабойнае харчаванне і дабрабыт у хаце. Са сваімі абавязкамі цудоўна справіліся і хлопцы.

За тыдзень будаўніцтва быў выкананы ўвесь фронт працы. Працоўны дзень валанцёраў складаў 4 гадзіны ў дзень. Атрымоўваецца, што ўся праца падчас летніка была выканана за 24 гадзіны. За гэты час ахвяраў не назіралася.

Акрамя будаўнічых прац, штодзень для валанцёраў праводзіліся культурніцкія мерапрыемствы, конкурсы, віктарыны, гульні, канцэрты і адукацыйныя мерапрыемствы.

Удзельнікі летніка кожны вечар гулялі ў розныя паходныя гульні, некаторыя з іх былі жартаўлівыя, некаторыя на ўвагу. Вялікая колькасць  віктарынаў падтрымлівала інтэлектуальны ўзровень валанцёраў. Галоўнымі тэмамі былі: гісторыя, геаграфія, а на адкрыццё Алімпійскіх гульняў у Лондане, дзедзічы прысвяцілі дасягненням і гісторыі гэтай падзеі цэлы вечар.

Ніводны летнік не абыходзіўся без музыкі, танцаў і спеваў. І гэты год не стаў выключэннем. Традыцыйна, вялікі залескі ганак стаў сцэнай для камянецкага гурта “Гардероб”, які праспяваў свае лепшыя песні, якія даўно ўжо палюбіліся старажылам залескіх летнікаў.

Не забыліся арганізатары і пра адукацыйныя мерапрыемствы. У рамках гэтага летніка былі праведзены семінары “Грамадзянін і правапарадак”, лекцыя пра еўрапейскія перспектывы для беларусаў, а дзяўчына Ганна распавяла пра жыццё беларусаў у Кітае.

Падчас усяго летніка панавалі сяброўская атмасфера і добры настрой. Залескія прыгоды дапамаглі моладзі бліжэй пазнаёміцца, знайсці новых сяброў і сябровак. Валанцёры засталіся задаволеныя ўмовамі летніка і былі вельмі ўдзячны арганізатарам. Большасць паабяцала наведаць Залессе і ў наступным годзе. “Дзедзіч” у сваю чаргу, удзячны усім хто прыязджае ў “Дом еўрапейскіх сустрэч” і робіць свой унёсак у развіццё грамадзянскай справы ў нашай краіне. Мы ведаем, што ваша праца і дапамога будзе не дарэмнай.

3 каментарыя

Пакінуць адказ