Грамадства

“Платформа” пад пагрозай закрыцця

Сёння ў Гаспадарчым судзе Мінска адбылося папярэдняе паседжанне па пытанні ліквідацыі інфармацыйна-асветніцкай арганізацыі. Падставай для працэсу стала заява з боку інспекцыі па падатках і зборах Савецкага раёну. Суддзя – Алег Клюйко. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Як адзначаюць супрацоўнікі “Платформы”,  апошнім часам арганізацыя адчувае ціск з боку розных дзяржаўных структураў, таму сённяшняе судовае паседжанне не стала нечаканым. Кіраўніка арганізацыі Андрэя Бандарэнку сёлета ў ліпені і жніўні супрацоўнікі міліцыі двойчы дастаўлялі ў падатковую інспекцыю, нягледзячы на тое, што сустрэчы «Платформы» з падатковым інспэктарам былі загадзя ўзгодненыя праваабаронцамі. У жніўні арганізацыя павінна была аплаціць штраф за тое, што не апавясціла падатковы орган пра змену месца свайго знаходжання. Праваабаронцы адзначаюць, што застаецца незразумелым, якім чынам праходзіла ўстанаўленне факту незнаходжання “Платформы” па юрыдычным адрасе, калі арганізацыя па ім знаходзіцца. У ліпені “Платформа”  была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта несвоечасовую падачу справаздачы па падатку на прыбытак. Аднак яшчэ ў сакавіку арганізацыя прадставіла ўсе справаздачы і чамусьці толькі ў ліпені падатковы інспектар выявіла недахоп адной са справаздач.

У абодвух выпадках “Платформу” абавязалі аплаціць штраф на агульную суму ў 4 мільёны рублёў, паведамляецца на афіцыйным сайце арганізацыі.

– Істэрыя з нагоды пагроз вакол, здаецца, перадалася ўжо і супрацоўнікам падатковай інспекцыі, – пракаментаваў Андрэй Бандарэнка. – Пошукі ўнутраных і знешніх ворагаў, даводзяць дзяржслужачых да ступені ідыятызму. Хочацца задаць пытанне чыноўнікам з падатковай, няўжо пачуццё захавання ўласнага крэсла ў кабінеце настолькі мацней за пачуццё ўласнай годнасці і самапавагі? Чым, скажыце, вам асабіста перашкаджае “Платформа”? Тым, што мы абараняем простых грамадзян нашай краіны ад самавольства ўладаў? Тады я раю прыйсці дадому і распавесці сваім родным, што дзеля пасады вы можаце пазбавіць тысячы людзей апошняй надзеі.

Прадстаўнік падатковай інспекцыі ў судзе заявіў, што ўстанова “Платформа” “неаднаразова і груба” парушала заканадаўства: несвоечасова падавала падатковыя дэкларацыі, не знаходзілася па паказаным юрыдычным адрасе, у сувязі з чым на яе накладаліся штрафныя санкцыі.

Са свайго боку дырэктар “Платформы” Андрэй Бандарэнка заявіў, што падатковыя дэкларацыі падаваліся своечасова, аднак у падатковай інспекцыі яны “губляліся”. Акрамя таго, адзначыў ён, ўстанову ўжо каралі штрафам за дадзенае парушэнне, а значыць, прыцягвацца да адказнасці паўторна не павінна.

Што ж тычыцца прэтэнзій у сувязі з юрыдычным адрасам, то, як сцвярджае Бандарэнка, “Платформа” па паказаным адрасе знаходзілася. Дырэктар папрасіў суд выклікаць сведак, якія б змаглі гэта пацвердзіць. “Проста “Платформа” развіваецца, і акрамя офіса па юрыдычным адрасе мы здымалі і іншыя памяшканні, што, магчыма, выклікала памылку”, – растлумачыў Бандарэнка. Ён падкрэсліў, што заканадаўства не забараняе здымаць для працы некалькі памяшканняў, перадае БелаПАН.

Андрэй Бандарэнка называе пазоў аб ліквідацыі ўстановы неабгрунтаваным, але на станоўчае рашэнне суда не спадзяецца. “Не забываць, што мы жывем у Рэспубліцы Беларусь, дзе суды жывуць асобным жыццём ад заканадаўства і прававых актаў і нормаў. Таму калі будзе ўказанне ліквідаваць “Платформу”, то яна будзе ліквідаваная незалежна ад таго, ёсць нейкія парушэнні, або іх няма”, – заявіў праваабаронца журналістам.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ