Еўраклуб

“Мяне навучылі вучыцца, быць сама- дастатковай і ўпэўненай у сваіх сілах!”

Пісаць пра тое, як і чаму я вырашыла не вучыцца ў Беларусі, я не буду. Для мяне адказ відавочны. А вось што мне гэта дало і чаго мне не хапіла – гэта варта абмекаваць.

У гэтым годзе я скончыла LCC International University. Ён знаходзіцца ў літоўскім прыбалтыйскім партовым гарадку Клайпеда. Прычым, менавіта “маракі, якім патрэбна толькі адно” сталі прычынай таго, што адну маю знаёмую бацькі туды не пусцілі. Скажу адразу – гэта не так. Маракі – яны ў моры, а не ў Клайпедзе.

LCC International University – былы Lithuanian Christian College, быў заснаваны на пачатку 90-х канадскімі ды амерыканскімі місіянерамі, якія разам з кіраўніком літоўскай пратэстантскай царквы вырашылі, што краіне рэлігія патрэбная. Універсітэт мала вядомы ў Беларусі, то бок асабліва рэкламаваць сябе яму не дазволена. Агулам у ім навучаецца 650 студэнтаў з 18-24 краінаў у залежнасці ад семестру ды эканамічных сітуацый гэтых краінаў.

Чаму я абрала гэты ўніверсітэт: прывабіла магчымасць атрымаць грант у выглядзе фінансавай дапамогі (20-100% ад агульнай сумы) і навучацца на англійскай мове. У мяне на працягу амаль усяго навучання быў 100% грант, але вольныя грошы я пускала на дадатковыя курсы, для таго каб паспець скончыць універсітэт за 4 гады. На сённяшні дзень праграму скарацілі, за 4 гады выпускаюцца ўсе. Можна ўзяць адразу два асноўныя кірункі; у асноўным ва ўсіх па адной галоўнай і адной другаснай праграме.

Кошты

На 2012 год навучанне каштуе 8805 LTL (EUR 2550.10) – пры сярэдняй стандартнай загружанасці. Можна браць больш курсаў, можна менш.

Агулам практыка ва ўніверсітэце такая: з кожным годам грант памяншаюць, але заўсёды можна выкруціцца. Можна перападаваць заяву. Збольшага ўсе перабольшваюць складанасць сваёй сітуацыю, каб атрымаць паболей грошаў.

Па выніках першага курса выбіраюць дзвюх студэнтаў (з прыблізна ста чалавек), якія атрымліваюць прэзідэнцкі грант на ўсе чатыры гады навучання. Ёсць яшчэ некалькі варыянтаў фінансавай дапамогі (зніжак і стыпендый), пра якія вам больш падрабязна можа расказаць сам універсітэт. Дарэчы, камунікацыя з ім ў нас была на самым высокім узроўні!

Пражыванне

Акурат на тэрыторыі кампуса месцяцца два цудоўныя інтэрнаты вельмі высокага ўзроўню. Кошты залежаць ад колькасці чалавек у пакоі (прайс-ліст можна паглядзець тут). На мой погляд, не варта гнацца за самым дарагім пакоем, але скажу па сваім досведзе, што больш за 4 чалавекі ў пакоі – гэта зашмат і вельмі цжка як псіхалагічна, так і ў побытавым плане. Але ў інтэрнаце жыць трэба! Па-першае, там ты заўсёды ў курсе ўсіх падзяеў, што зручна ды весела. Асабліва першыя 3 курсы. Па-другое, заплаціў раз на семестр – і забыў. Не трэба думаць, колькі вады ці электрычнасці ты скарыстаў і ў якую суму табе выльецца ацяпленне ўзімку.

Навучанне

Праграмаў няшмат: Business Administration, Psychology, English (translation альбо teaching). Таксама ёсць Masters in English, але гэта даволі новая праграма, я пакуль не бяруся яе раіць. Праз пару год, я ўпэўненая, яна будзе вартай паступлення. Навучанне – выключна на англійскай мове, на першым курсе абавязковы адзін курс ці адзін семестр) літоўскай мовы, што вельмі спатрэбіцца ў будучыні.

Выкладчыкі

Выкладчыцкі склад паходзіць з ЗША, Канады, Літвы (у асноўным з Амерыканскімі магістратурамі і PhD), часам – з Нігерыі, Албаніі, Германіі. Амаль усе выкладчыкі – місіянеры. Яны працуюць без заробку, забяспечваюць сябе самі альбо атрымліваюць фінансавую дапамогу ад сваіх цэркваў. Узровень выкладчыкаў розны, АЛЕ пераважна вельмі высокі. Галоўнае, як я зразумела, – умець выбіраць і ад кожнага браць тое, што ён можа табе даць.

Што вельмі важна: выкладчыкаў можна выбіраць і мяняць па ўласным жаданні. На некаторыя прадметы выбару няма, таму што выкладчык адзін. Але гэта ня страшна.

З абавязковых агульнаадукацыйных прадметаў: Introduction to Bible (два курсы), Theology, Moral Philosophy, Into to Psychology ці Sociology, Lithuanian I.

Праграмы абмену

Ёсць Эразмус, на які сапраўды рэальна прайсці, калі ты чалавек актыўны, працуеш і маеш матывацыю. Асноўныя краіны, з якімі адбываецца абмен (на адзін семестр) – Францыя, Германія, Бельгія, Галандыя, Турцыя, Данія, Фінляндыя.

Ёсць яшчэ адна праграма – абмен з Gordon College, USA. Выбіраюць 1-2 студэнтаў на год, таму конкурс вялікі. АЛЕ, гэтая праграма для сапраўдных вернікаў, актыўных хрысціянаў. Бо Gordon College – хрысціянскі. І калі адчуваеш, што вера – не асноўная частка твайго жыцця – лепш не лезці.

Чым я задаволеная:

1) Універсітэт выхоўвае вельмі сур’ёзную жыццёвую пазіцыю і мараль. За чатыры гады я вельмі вырасла ў асабістым плане. Усе курсы і зносіны з выкладчыкамі гэтаму спрыяюць.

2) З першага курса да цябе ставяцца паважліва і як да дарослага чалавека, які нясе поўную адказнасць за свае вучобу і паводзіны. Ніколі за чатыры гады я не пачула ніводнай абразы ці прыніжэння з боку выкладчыка.

3) Па заканчэнні ўніверсітэта я разумею, што я ВЕДАЮ, што я вучыла. Г.зн. маю не пусты дыплом.

4) Магчыма абіраць курсы: ад філасофіі да курсаў па фатаграфіі і Film Critics.

5) За кошт невялікага памеру ўніверсітэта ўсе ведаюць адзін аднаго. Як вынік – утвараецца адна вялікая сям’я-кампанія. І ты адчуваеш гэта нават па заканчэнні. Пры гэтым усе вельмі індывідуальныя.

6) Безліч творчых ды акадэмічных мерапрыемстваў: мы стварылі КВК па-ангельску, хаця ніхто не верыў, што гэта магчыма.

7) Фінансавая дапамога, бясспрэчна.

8) Сучасны ўніверсітэт з цудоўным кампутарным абсталяваннем.

9) Мяне навучылі вучыцца, быць самадастатковай і ўпэўненай у сваіх сілах.

10) Хрысціянская мараль універсітэта – гэта цудоўна. І я кажу гэта не як рэлігійны чалавек. Абавязковыя курсы – Біблія і тэалогія – пашыраюць светапогляд і проста вельмі адукоўваюць. Для верніка цяжка прыдумаць лепшае зa LCC месца.

11) 90% студэнтаў-замежнікаў (не літоўцаў) – эліта сваіх школ: медалісты, алімпіяднікі, актывісты. У такой атмасферы хочацца і можацца вучыцца ды імкнуцца да лепшага.

Чым я не задаволеная:

1) Працэс атрымання фінансавай дапамогі заўсёды няпросты і даволі непрыемны. Ты літаральна кажаш: няма грошаў, дапамажыце. Але гэта індывідуальна.

2) Не заўсёды ёсць выбар прадметаў праз недахоп выкладчыкаў.

3) Кошт за навучанне расце, фінансавую дапамогу памяншаюць.

4) Пры палітыцы ўніверсітэта “transparency” (празрыстасць), усё роўна шмат што студэнтам не даводзяць з 100% праўдзівасцю. Напэўна, ад гэтага не пазбегнуць.

5) Слабoе студэнцкае самакіраванне. Але калі курс не падабаецца альбо ёсць праблема з выкладчыкам – 85%, што гэта вырашыцца, калі студэнты зробяць для гэтага што-небудзь (будуць выказваць незадавальненне ці напішуць заяву).

) У Літве для нас мала магчымасцяў зарабляць. Афіцыйна мы працаваць там не можам. Варыянты: быць рэпетытарам ці нянькай. Такога кшталту працу ўніверсітэт сам дапамагае знайсці. Таксама вельмі шмат распавядаюць пра ўсялякія міжнародныя конкурсы ды семінары да ўдзелу.

Што яшчэ

1) Ёсць свая прафесійная баскетбольная каманда з добрымі трэнерамі ды вялікімі перспектывамі.

2) Амаль бясплатная трэнажорная зала.

3) Магчымасць абзавесціся карыснымі кантактамі амаль з усяго свету.

4) І годнымі рэкамендацыямі для магістратуры ў любыя ўніверсітэты.

Пасля першага курса, калі яшчэ не пачаліся прадметы па спецыяльнасці, было жаданне перавесціся куды-небудзь. Але я засталася, пра што потым не пашкадавала. Галоўнае – ўмець максімальна узяць ад універсітэта тое, што ён можа табе прапанаваць.

Для www.adukacyja.info Юлія Ясепкіна

Пераклад з рускай мовы – Ева Гілевіч

Крыніца: adukacyja.info

 

Пакінуць адказ