Еўраклуб

Школа мадэрнізацыі ад руха “За Свабоду”

Рух “За Свабоду” абвяшчае набор у школу “Мадэрнізацыя: Беларусь і аб’яднаная Еўропа”. Навучанне адбудзецца 5-10 лістапада гэта году ў адной з еўрапейскіх краінаў з удзелам беларускіх і еўрапейскіх экспертаў.

У тыднёвай праграме – лекцыі, дыскусіі, навучальныя візіты, сімуляцыйныя гульні і іншыя цікавыя мерапрыемствы (экскурсіі, кінапрагляды).

Па выніках навучання лепшыя выпускнікі школы атрымаюць магчымасці для рэалізацыі ўласнага праекта.

Паспяховыя ўдзельнікі атрымаюць таксама рэкамендацыі для стажыравання ў еўрапейскіх арганізацыях.
Удзел у школе “Мадэрнізацыя: Беларусь і аб’яднаная Еўропа” могуць узяць асобы ва ўзросце 18-30 год, актыўныя ў грамадскай і/або палітычнай сферы. Працоўная мова – беларуская. Арганізатары пакрываюць выдаткі на праезд і пражыванне.

“Гэта ўжо другая школа, якую арганізуе Рух, – кажа дарадца старшыні арганізацыі, палітолаг Алесь Лагвінец. – Першая адбылася ў мінулым годзе ў варшаўскім Натоліне. Школа атрымала высокую ацэнку як нашых удзельнікаў, так і партнёраў. Мы рады, што маем магчымасць працягваць гэтую адукацыйна-грамадзянскую форму працы з маладымі беларусамі”.

“Тэма мадэрнізацыі выбраная невыпадкова, – зазначае Алесь Лагвінец. – Сёння пра мадэрнізацыю краіны кажуць усе: на ёй настойвае дэмакратычная апазіцыя, яе чакае ўсё большая колькасць беларусаў, пра яе таксама крычаць на самым версе ўладнае піраміды. Тут нам падаецца вельмі важным паставіць кропкі над “і” ды правільна скараціць “ў”.

Зацікаўленым асобам трэба запоўніць анкету ўдзельніка і напісаць эсэ на тэму “Што, на маю думку, трэба мадэрнізаваць у Беларусі і як гэта найлепш зрабіць?” (2500-5000 сімвалаў).

Гранічны тэрмін падавання заявак (анкета + эсэ на адрас [email protected]) – 11 кастрычніка 2012 году. Просьба ў тэме паведамлення пазначаць сваё імя і прозвішча.

Вынікі адбору будуць абвешчаныя 15 кастрычніка.

Дадатковая інфармацыя – па [email protected] ці тэлефоне +375 29 606 10 34.

Крыніца: pyx.by

Пакінуць адказ