Грамадства

Алесь Бяляцкі – ганаровы грамадзянін Парыжу

16 кастрычніка згодна з прапановай  мэра Парыжу,а таксама з ініцыятывы Гарадской рады 11-й акругі сталіцы Францыі , Рада Парыжу надала сан Ганаровага грамадзяніна горада Парыжу віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, зняволенаму старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму.Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Пра гэта стала вядома позна вечарам у аўторак.
“Алесь Бяляцкі, выдатны беларускі абаронца правоў чалавека, у 2011 годзе быў асуджаны судом сваёй краіны да чатырох з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму па выніках несправядлівага працэсу”, – гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце парыжскай мэрыі 16 кастрычніка. Бяляцкі “нястомна змагаўся за правы чалавека нягледзячы на пагрозы і кампанію дэзінфармацыі з боку дзяржавы”.

У 2010 годзе  Муніцыпалітэт гораду Генуя надаў старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму ганаровае грамадзянства. Італьянская грамадскасць такім чынам выказала сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, наяўнасцю смяротнага пакарання, абмежаваннем свабоды СМІ, грамадзянскіх і палітычных правоў, і падтрымку беларускім праваабаронцам.

Алесь Бяляцкі стаў другім беларусам, якога ўганаравалі такім пачэсным статусам. У 2003 годзе сусветна вядомы навуковец, доктар медыцынскіх навук, прафесар Юрый Бандажэўскі стаў ганаровым грамадзянінам Парыжу.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ